Цудоўна гатуе, спявае, піша вершы, здымае “TikTok”

Date 05.01.2023 Man
Comment 473
Цудоўна гатуе, спявае, піша вершы, здымае “TikTok”

Які ён, сучасны банкаўскі работнік?

Гэта пытанне я задала загадчыцы сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу цэнтра банкаўскіх паслуг № 602 адкрытага акцыянернага таварыства АСБ “Беларусбанк” у Беразіно Таццяне Дзюбайла.

Нагодай пагутарыць па душах стала не толькі прафесійнае свята, але яшчэ адна важная дата. Напярэдадні Новага года яе родны банк з помпай адзначаў свой векавы юбілей. З гэтай нагоды Таццяна Андрэеўна была адзначана падзякай Бя-рэзінскага райвыканкама за сумленную працу, высокі прафесіяналізм і бязмежную адданасць банкаўскай справе.

Трыццаць гадоў яна прысвяціла гэтаму банку і ніколькі не шкадуе аб гэтым.

 

І сёння першы кліент не забывае

Таццяна прытрымліваецца жыццёвай філасофіі — дзе чалавек нарадзіўся, там і згадзіўся. Менавіта таму пасля заканчэння сярэдняй школы №2 пайшла на працу ў банк.

– Пачынала кантралёрам-касірам у банкаўскім аддзяленні вёскі Высокая Гара, – успамінае яна. – Гэтыя гады самыя яркія і запамінальныя ў маёй банкаўскай кар’еры, бо я адна аказвала ўсе паслугі вясковым жыхарам. Гэта сёння ў час суцэльнай камп’ютарызацыі ўсё падаецца простым і выконваецца лічанымі ўдарамі па клавіятуры, а раней у дапамогу нам былі лічыльнікі. Мы на іх нават працэнты падлічвалі і ўсё пісалі ўручную. Дарэчы, я дагэтуль не толькі памятаю свайго першага кліента, але і падтрымліваю з ім добрыя адносіны. Гэта жанчына зараз на заслужаным адпачынку, пераехала ў Беразіно, але па-ранейшаму з’яўляецца верным кліентам “Беларусбанка”.

 

Дэнамінацыя, аптымізацыя

За трыццаць гадоў працы Таццяна Андрэеўна навучылася ўсяму ў няпростай банкаўскай справе і вывела сваю формулу паспяховай працы.

- Яна ў мяне няхітрая, - прызнаецца жанчына. - Па-першае, гэта ўменне працаваць у камандзе. Без яго банкірам ніяк, бо ў нас калектыўная матэрыяльная адказнасць. Па-другое, высокая ўласная адказнасць, бо мы кожны дзень маем справу з грашыма, з вялікімі грашыма. А гэта спакуса яшчэ тая! Трэцяе – бязмернае цярпенне, бо мы кожны дзень працуем з людзьмі і ні ў якім разе не павінны палохаць іх сваім дрэнным настроем. Прыемная ўсмешка - гэта таксама наш брэнд.

Усю гэту навуку Таццяна вывучала на практыцы і сярод вопытных калег. Скончыла спачатку фінансава-эканамічны
каледж, затым атрымала вышэйшую экананамічную адукацыю.

 

Кліент заўсёды мае рацыю

Да кліентаў у банку стаўленне асобае, бо менавіта іх грошы мацуюць дабрабыт установы.

– Нічога не магу сказаць дрэннага ў адрас нашых укладчыкаў і кліентаў, – зазначае Таццяна Андрэеўна. – Большасць з іх ведаю асабіста, бо прайшла з імі шлях ад дэнамінацыі да розных відаў безнаяўных плацяжоў і дэпазітаў. Памятаеце той час, калі гадамі накопленыя грошы на ашчадных кніжках умомант ператварыліся ў капейкі. Тады мы перажылі не лепшыя часы, але здолелі вярнуць сабе былы давер і павагу. На мой погляд, дзякуючы высокаму прафесіяналізму і выключнай прыязні да свайго кліента.

Сакрэт высокага прафесіяналізму тоіцца ў тым, што работнікі банка карыстаюцца практычна ўсімі яго прадуктамі і наглядна дэманструюць яго магчымасці.

– У мяне ў кашальку няма капеек, – прызнаецца спецыяліст, – затое мноства розных банкаўскаўскіх картак “Беларусбанка”. Надзейна абаронена я і ад хакераў, бо карыстаюся выключна дадаткам нашага банка. Ды і што замоўчваць, банкіры – людзі небагатыя і часта бяруць розныя віды крэдытаў. Я - не выключэнне. Тут галоўнае правіла правільна разлічыць усе свае магчымасці і давяраць банку. І нават калі ў вас па пэўных прычынах атрымліваецца запазычанасць, банк заўсёды гатовы ісці вам насустрач.

 

Яшчэ і “TikTok”

Вернасць банкаўскай справе - не адзінае, чым можа пахваліцца Таццяна Андрэеўна ў сваім жыцці. Яна матуля двух дарослых сыноў і ўжо маладая бабуля. Сыны ганарацца ёю і не стамляюцца гаварыць у яе адрас кампліменты.

– Вы ведаеце, вельмі люблю гатаваць і заўсёды радую сваіх родных і блізкіх смачнымі стравамі, - гаворыць яна. - А яшчэ я нядрэнна спяваю. Гэта захапленне вакалам у мяне яшчэ са школы. Са школьных часоў я і вершы пішу. Раблю гэта ўласна для сябе, сваёй душы. А нядаўна я асвоіла “TikTok”. Цудоўная рэч! Мне яе падказалі сыны. Сацыяльная сетка хутка набірае папулярнасць і дапамагае кожнаму адкрыць у сабе другое дыханне.

Таццяне Андрэеўне другое дыханне не патрэбна. Жыць насычаным, яркім жыццём і несці радасць людзям ёй дапамагаюць любімая банкаўская справа, родны калектыў і павага кліентаў – сваіх землякоў.


Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Анатоля ПАЛЫНСКАГА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER