Як спраўляецца з абавязкамі сям’я сацработнікаў

Date 05.01.2023 Man
Comment 1065
Як спраўляецца з абавязкамі сям’я сацработнікаў

Быць сацыяльным работнікам, даглядаць людзей адзінокіх, часам нямоглых, патрабуе ў добрай ступені пэўнага самаахвяравання, адданасці справе. І часам гэта становіцца жыццёвым прызваннем, работай і доўжыцца не год і не два, а нашмат больш.

Сям’я Святланы і Івана Шык з Любушан сацработнікамі працуюць даўно, на добрым рахунку ў людзей, сваіх падапечных, і ў Бярэзінскім ТЦСАН. Лічаць, што знайшлі сваё прызванне ў сацыяльнай рабоце – дарыць людзям дабро і часцінку душы.

 

Шлях у прафесію

Летась 13 кастрычніка споўнілася 18 гадоў, як Святлана Шык працуе сацыяльным работнікам.

– У прафесію прыйшла з-за пэўных жыццёвых абставін, – расказвае Святлана Васільеўна. – Да таго моманту працавала страхавым агентам у Белдзяржстраху. Новы занятак успрыняўся неяк адразу проста і з лёгкай душой. Справа ў тым, што ў Белдзяржстраху працавала з людзьмі, і ў новай сферы таксама з людзьмі, так што праблем у кантактах з насельніцтвам не ўзнікла. Хаця, вядома, некаторыя рэчы ўспрымаліся па-новаму.

 

З чаго пачынаецца дзень

Дзень сацработніка пачынаецца з паездкі ў магазін. У сям’і Шык сумесна складаецца графік на месяц. У мужа і жонкі на дваіх на абслугоўванні знаходзяцца 17 пажылых грамадзян і інвалідаў у вёсках Калінаўка, Міластава, Любушаны, Уюноўка, Карбаўское. Да адных людзей патрабуецца зазірнуць чатыры разы на тыдзень, другім – тры, а каму хапае ўсяго два разы. Абодва плануюць маршрут наведвання.

У магазіне ў першую чаргу купляюць прадукты харчавання.

У асноўным – каму што патрэбна, ведаюць ужо зараней, але бывае, што ўдакладняюць па тэлефоне самі, або заказ робяць падапечныя. Адзін важны момант: спіртное не купляюць, гэты пункт абгаворваецца з самага пачатку з падапечным і з’яўляецца абавязковым правілам усіх сацработнікаў.

Набор прадуктаў стандартны: малако, хлеб, мясныя вырабы. Часам паступае заказ набыць абутак ці якія неабходныя ў гаспадарцы рэчы. І яшчэ: у магазін часцей за ўсё даводзіцца ездзіць у Беразіно.

Самы насычаны дзень – панядзелак. Калі закончыцца – не ўгадаеш, нярэдка ад падапечных выпадае вяртацца ў прыцемках.

 

Мужчына ў прафесіі

У сферы сацыяльнага абслугоўвання на даму мужчын задзейнічана мала ў параўнанні з жанчынамі. Іван Шык шчыруе ў дадзенай галіне 13-ы год – з лютага 2010. Да таго моманту працаваў трактарыстам у Мачаскім лясніцтве, але абставіны склаліся так, што звольніўся і стаў беспрацоўным.

Чым заняцца далей, пытанне доўга не стаяла. Падвозіў жонку да падапечных, як прыгадвае Іван Іванавіч, даводзілася на той момант дастаўляць Святлану і да Дулеб, і ў Несцяроўку, назіраць за работай, часам дапамагаць зрабіць тое ці іншае. Так што, калі паступіла прапанова далучыцца да жончынай справы, новы занятак ужо выглядаў дастаткова вядомым.

Па словах Святланы Васільеўны, муж спачатку саромеўся, даводзілася ў асобных пытаннях прыходзіць на дапамогу. Але справа паспяхова пайшла.

– Да мужа падапечныя жанчыны ставяцца нават больш лаяльна, – усміхаецца Святлана Шык. – Мужчынам у гэтай прафесіі адназначна месца ёсць, – лічыць Іван Іванавіч. – Бо выпадае рабіць і фізічную працу, менавіта па мужчынскім плячы.

 

Паслугі

Афіцыйны спіс паслуг, якія сацыяльныя работнікі могуць аказваць на даму, даволі доўгі. У ім і сацыяльна-бытавыя паслугі, і сацыяльна-рэабілітацыйныя (платныя і бясплатныя), і кансультацыйна-інфармацыйныя, і сацыяльна-педагагічныя, і сацыяльна-пасрэдніцкія. За сухімі фармулёўкамі хаваюцца звычаныя рэчы. Зімою – гэта прынесці дроў у хату, нанасіць вады са студні ці калонкі, пачысціць снег, прывезці прадукты і іншае, чым звычайна дома занятыя людзі, калі не знаходзяцца на рабочым месцы. Пры неабходнасці сацыяльны работнік можа дапамагчы памыць галаву, пастрыгчы пазногці і нават пагаліць бараду і вусы.

– Раней не даводзілася на даму людзям гатаваць ежу, цяпер гатую, – прызнаецца Святлана Васільеўна. – Гэтай паслугай карыстаюцца мужчыны. У мяне з мужам падапечных мужчын па трое. Яшчэ і посуд памыць трэба. Таксама запатрабаваныя такія паслугі, як мыццё падлогі, выкалочванне дарожак і дыванкоў, пыласошванне пакояў.

 

Летам жа асаблівы клопат.

– Як адмовіць старым, калі просяць пакасіць траву на ўчастках? Язык не паварочваецца, – гаворыць Іван Іванавіч. – Жанчына такую ж справу не зробіць.

Даводзіцца часам вазіць падапечных у Беразіно. Напрыклад, у бальніцу.

Раней да Івана Шыка звярталіся с просьбамі пераараць на трактары ўчастак. Зараз падобнага няма, састарэлыя, калі садзяць агарод, то невялікі, у асноўным сабе на забаву.

Аднак у любым выпадку, гэта толькі знешне здаецца, што занятак сацработніка лёгкі, на самой справе толькі яны самі ведаюць дакладна, чаго каштуе іх хлеб.

 

Асабістыя якасці

Якімі якасцямі павінен валодаць сацработнік? Па меркаванні мужа і жонкі, сацработнік ў першую чаргу павінен быць псіхолагам і валодаць уменнем выслухаць, паспагадаць, паразмаўляць з падапечным. Цярплівасць, вытрымка і любоў да бліжняга тут вельмі пасуюць, бо розных выпадкаў здараецца шмат. Важны момант – падтрымаць чалавека ў любы момант.

– Людзі нашай прафесіі – асаблівага складу, – расказвае Святлана Васільеўна. – Здараецца выпадае неабходнасць разруліць пэўную сітуацыю. Варта разумець, што старыя, часам, як і малыя, бываюць перыядычна капрызна-прыдзірлівымі. Напрыклад, купіш для бабулі каўбасы добрай, смачнай, якаснай, зразумела, мы ніколі не прывозім абы-што, а бабуля абураецца – што ты мне купіла, нават кот есці не хоча!? Але добрым словам, ласкай і пяшчотай можна заўсёды знайсці агульную мову і паразуменне. Падыход важны вельмі.

Адзінокія людзі часцяком запрашаюць сацработніка, у першую чаргу, каб проста паразмаўляць, перакінуцца словам, абмеркаваць навіны, пасядзець разам і паглядзець тэлевізар.

– У іх навін часам больш, чым у нас. Здаецца, жыве чалавек адзін і адкуль столькі ведае, – усміхаецца Іван Іванавіч. – Бывае, такога раскажуць, чаго і сам не ведаў.

 

Найбольш сумнае

У гэтай прафесіі ёсць цяжкія моманты жыцця, гэта калі старыя людзі сыходзяць з жыцця.

– За гады працы падапечныя становяцца літаральна адной сям’ёй для цябе, ты для іх родны, і яны для цябе таксама, – уздыхае Святлана Шык. – Калі глядзіш за малымі дзеткамі, бачыш, як яны развіваюца далей у жыццё, а ў нас, наадварот – назіраеш, як людзі паступова згасаюць, і ты з імі да апошняга. Помніцца выпадак, бабуля жыла ў Несцяроўцы, мы яе вельмі любілі, такая душэўная жанчына была. Асірацела ў вайну, немцы забілі яе маці і малую сястру. На 9 мая паказалі перадачу пра зверствы фашысцкіх захопнікаў, бабуля так расчулілася, што ёй зрабілася кепска, пазваніла да нас, потым выклікалі хуткую дапамогу. Потым, калі яе ўжо не стала, мы з мужам моцна перажывалі, было так шкада. Перажыць ўсё цяжка, але гэта непазбежны аспект нашай работы. Дарэчы, з таго пачатковага перыяду работы 18 гадоў назад ў мяне засталася толькі адна бабуля, зараз ёй ужо 92 гады, астатніх ужо няма.

 

Муж і жонка

Іван і Святлана Шык разам ужо 28 гадоў. Ёсць дзеці і ўнукі, якія жывуць у Мінску. Старэйшы Сяргей яшчэ не жанаты, а меншы 25-гадовы Максім служыць у ваеннай часці ў Калодзішчах, мае сям’ю і дваіх сыноў. Да бацькоў прыязджаюць кожныя выхадныя. Да работы мамы і таты ставяцца з паразуменнем і пры неабходнасці дапамагаюць. Асабліва стараецца 4-гадовы ўнучак Аляксей, які дужа любіць разам са Святланай Васільеўнай наведвацца ў госці да “бабы Сашы” – менавіта так завуць Аляксандру Мікалаеўну Паддубскую, падапечную сям’і сацработнікаў. “Баба Саша” радуецца маленькаму госцю, гаворыць, што свае ўнукі далёка, таму прыязжаюць не часта. Другому ўнуку Арцёму ўжо 2 гады, таксама расце на радасць Святланы і Івана, і сваіх бацькоў.

 

Вясёлыя моманты

– Радуюць юбілеі нашых падапечных, – дадае Святлана Васільеўна. – На кожнае свята купляем ім салодкія сувеніры, аказваем знакі ўвагі. Напрыклад, на 8 Сакавіка, Дзень пажылых людзей, дзень нараджэння. Стараемся святы адзначаць разам, каб ім не было сумна. Віншуем адзін другога з Новым годам заўсёды.

На Дзень сацыяльнага работніка хочацца пажадаць усім сацыяльным работнікам, нашым інспектарам, а таксама нашым бабулям і дзядулям здароўя і мірнага неба над галавою. Бо гэта для нас зараз самае важнае. Шчасця ў кожную сям’ю, дабрабыту. Але я лічу, што самае галоўнае – гэта мірнае неба і здароўе.

Між іншым, на сацыяльным абслугоўванні ў Бярэзінскім ТЦСАН знаходзіцца па раёне 540 чалавек з больш 100 населеных пунктаў. Іх даглядаюць 68 сацыяльных работнікаў.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER