Па словах начальніка Бярэзінскага аддзялення Дэпартамента аховы Данііла Тараціна, за два гады супрацоўніцтва малады міліцыянер службы аховы паказаў сябе дасведчаным спецыялістам, надзейным таварышам, якому ўласцівы такія станоўчыя якасці, як адказнасць і дысцыплінаванасць.
Працоўны дзень у Юрыя Бяляева пачынаецца, як і ва ўсіх супрацоўнікаў пасля прыбыцця на службу – з атрымання зброі, у міліцыянераў гэта пісталет Макарава, інструктажу, які праводзіць адказны па аддзяленні, і азнаямлення са зводкай па здарэннях. Затым супрацоўнік прыступае да выканання абавязкаў адпаведна з планам дня. У дадзеным выпадку гэта дзяжурства на аб’ектах аховы. Дарэчы, аб’екты кожны дзень мяняюцца. Напрыклад, сёння трэба адбыць вахту ў судзе, заўтра ў райвыканкаме, паслязаўтра ў банку.
У функцыі ахоўніка ўваходзіць шмат абавязкаў: выкананне прапускнога рэжыму, запіс у кнігу наведвальнікаў, агляд сумак, каб людзі не праносілі недазволеныя рэчы. Многія зададуцца пытаннем, якія рэчы лічуцца недазволенымі? Адказ просты: па-першае, гэта колючыя і рэжучыя прадметы, халодная зброя. Між іншым, спіс мяняецца ў залежнасці ад аб’екта аховы. Напрыклад, у Следчы Камітэт нельга праносіць электронныя носьбіты інфармацыі – флэшкі. І на ўсіх аб’ектах без выключэння забаронена праносіць алкаголь. Пры выяўленні забароненых рэчаў ахоўнік прапануе наведвальніку часова пакінуць прадметы ў ячэйцы захоўвання пад подпіс.
На маё пытанне “Як працуецца?”, Юрый Андрэевіч усміхаецца: “Цудоўна! Службай задаволены”.
Да слова, герой матэрыялу родам з Бярэзіншчыны, пасля заканчэння Паплаўскай школы вучыўся ў сталічным каледжы на электрагазазваршчыка і пра службу ў Дэпартаменце аховы нават не ўяўляў. Марыў пра розныя жыццёвыя заняткі, нават думаў уладкавацца ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Але ўсё вырашыла служба ў арміі. Абавязак Радзіме давялося выконваць у памежных войсках. І сама ідэя службы настолькі спадабалася, што вырашыў потым служыць у міліцыі.
Зразумела, прафесія звязана з рызыкай, такія ўжо асаблівасці службы. За два гады ў Дэпартаменце аховы даводзілася сутыкацца з рознымі сітуацыямі. Напрыклад, калі працаваў у групе затрымання, выязджаў і на сямейныя сваркі. Аднойчы падчас такога тэрміновага выкліку галава сям’і пужаў нажом блізкіх, групе затрымання давялося аператыўна абясшкоджваць скандаліста, прымяняючы сілу. Але ж экстранныя выпадкі загартоўваюць, стымулююць прафесійны рост, на тое яна і служба.
Паўгода назад малады чалавек ажаніўся, жонка Кацярына працуе поварам у Бярэзінскім лясгасе, работай мужа задаволена, лічыць, што быць на варце асабістай і дзяржаўнай маёмасці, служыць народу і Радзіме – прафесія для сапраўдных мужчын, абаронцаў.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.