Аўталаўка не спазняецца?

Date 23.02.2023 Man
Comment 1077
Аўталаўка не спазняецца?

У час правядзення аднаго з прыёмаў грамадзян па асабістых пытаннях, які праводзіў старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Дзішук, да яго з нараканнямі на дрэнную работу аўталаўкі Бярэзінскага філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства звярнулася жыхарка вёскі Васілеўшчына. Маўляў, часта яе даводзіцца падоўгу чакаць, а ў асартыменце іншы раз адсутнічаюць прадукты, якія пенсіянеры могуць купіць са скідкай (у прыватнасці, хлеб).

Перад тым, як выправіцца ў названую вёску, накіроўваюся да дырэктара Бярэзінскага філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства Валянціны Барысевіч.

- Нягледзячы на тое, што работа аўталавак для нас стратная, гэты важны сацыяльны напрамак работы мы ажыццяўляем рэгулярна. Так, скаргі іншы раз чуць даводзіцца, у тым ліку і абгрунтаваныя. Сярод іх і на затрымку часу прыезду ў той ці іншы населены пункт. Але ж ці магчыма дакладна прадугледзець наперад, колькі пакупнікоў прыйдзе да аўталаўкі ў той ці іншай вёсцы? А іх жа на маршруце бывае звычайна больш дзясятка! Зараз аўталаўкі працуюць па зімовым графіку, калі на вёсцы значна менш людзей, у гэты перыяд мы даём работнікам “магазінаў на колах” водпускі, каб затым, у летні перыяд, працаваць больш шчыльна.

Даволі працяглы сёння і маршрут аўталаўкі, якая абслугоўвае жыхароў Васілеўшчыны – лічы 20 вёсак. На ім і Хватаўка, і Быковічы, і Гужык… У дадзеную нас вёску аўтамабіль трапляе а чацвёртай гадзіне апоўдні, не выбіваючыся з графіка. На перакрыжыванні з вуліцай Азёрнай заўважаем некалькі жанчын, якія прыйшлі за пакупкамі. Вадзіцель Анатоль Шмарлоўскі, прыпыняючы аўтамабіль, цікавіцца ў кабет, ці на супраць яны, калі той абслужыць іх на зваротным шляху, пасля заезду яшчэ на адзін прыпынак. Атрымаўшы згоду, рухаемся ў самы канец названай вуліцы, дзе нас сустракае Марыя Собаль.

- Так, - пацвярджае яна, - затрымкі прыбыцця аўталаўкі ў вёску бываюць. Да таго ж, яна рабіла раней толькі два прыпынкі ў самым пачатку вёскі. Пасля звароту да старшыні райвыканкама зрабілі вось і наш, трэці. Вельмі зручна стала і не трэба ехаць у Беразіно, каб, як кажуць, “затарыцца”. Вунь, апроч іншых прадуктаў, набыла ўпакоўку цукру.

Вяртаемся ў пачатак вёскі. У прадаўца аўтамагазіна Надзеі Жаравай усё гатова для абслугоўвання. Пакуль ідзе гандаль, размаўляем з жанчынамі. Яны ўзгадваюць той час, калі тут працаваў магазін (вунь, будынак стаіць, толькі працаваць у ім няма каму). З’яўляўся ён не толькі гандлёвым аб’ектам, а і месцам баўлення часу за душэўнымі размовамі.

- Зараз карыстаемся паслугамі аўталаўкі, – расказваюць Ганна Сіняк і Мая Міхневіч. - Тут ёсць свае плюсы і мінусы. Самя галоўная праблема заключаеца ў тым, што прыходзіць яна іншы раз са спазненнем, бывае нават на гадзіну і больш. Паспрабуй, дачакайся, асабліва зімою. Яно зраумела: па графіку мы не першыя, дык, можа, трэба было б адкарэкціраваць час яе прыбыцця. Асартымент тавараў задавальняе, ён нават больш разнастайны, чым быў у магазіне, прадукты заўсёды свежыя. Падабаецца і наша прадаўшчыца Аксана сваім абыходжаннем з людзьмі. Некаторым з яе калег, якія калі-нікалі працуюць замест яе на нашым маршруце, трэба было б павучыцца ў яе.

Наступны прыпынак - побач з будынкам фермы. Мясцовыя жывёлаводы паспяшаліся да аўтамашыны зрабіць пакупкі.

- Карыстаемся аўталаўкай рэгулярна, - дзеляцца думкамі Аксана Гамеза і Алена Сіняк. – Усё неабходнае тут ёсць, абслугоўванне добрае. Калі чаго не хапае, можна заказаць. Скаргі? Нам няма калі скардзіцца за працай. Адно што нязручна: трэба пільнаваць прыезд работнікаў гандлю, бо нярэдка адбываецца гэта са спазненнем. Іншы раз атаварваемся ў нашым прыватным ларку, там таксама ёсць усё неабходнае. Але перавагу, як бачыце, аддаём аўталаўцы.

Прыкладна падобныя словы пачулі мы і ад жыхароў вёсак Вярхлёўка, Стайчанка і Гацец, куды ў адпаведнасці з графікам, таксама завітаў “магазін на колах”. І Галіна Савянок, і Ірына Грыгаровіч (дарэчы, яна пэўны час працавала некалі ў Гатцы ў магазіне) вялікіх прэтэнзій да работнікаў прылаўка не мелі, як і да якасці і асартыменту тавараў.

- І хоць прыходзіць яна да нас толькі двойчы на тыдзень, нас гэта задавальняе, - гаварылі яны. – Усё неабходнае тут ёсць, былі б грошы.

У завяршэнні матэрыялу хачу прывесці некаторыя думкі, якія выказаў у час нашай сумеснай паездкі Анатоль Шмарлоўскі.

- Крытыку, а часам і пагрозы паскардзіцца на нашу работу ў райвыканкам, даводзіцца чуць часта: то зрабіў прыпынак не там, дзе таго хацелі людзі, то ў наянасці няма корму для папугайчыкаў… З якімі толькі праблемамі не даводзіцца сустракацца! Дык вось, прыпынкі мы робім менавіта ў пазначаных на маршруце месцах і рабіць іх на свой лад не маем права. А што датычыцца тавараў, то іх асартыментны мінімум мы заўсёды вытрымліваем, пры патрэбе - прымаем заяўкі.

Што датычыцца затрымак у час паездкі. Адбываюцца яны звычайна не па нашай віне. Прывяду наглядны прыклад. Па дарозе да наступнай вёскі ў нас раздаецца званок: вы толькі што былі ў нас і я забыўся купіць вельмі патрэбную рэч, вярніцеся, інакш буду скардзіцца на кепскае абслугоўванне. Пайшлі насустрач чалавеку, прычым не з-за страху пакарання. Вяртаемся за некалькі кіламетраў. І што б вы думалі купіў небарака? Бутэльку віна, бо набытай паўгадзіны назад яму аказалася недастаткова. І яму пляваць, што мы выбіліся з графіка, што нас дзесьці чакаюць іншыя. Сапраўды, мы іншы раз не ўкладваемся ў адведзены час, спазняемся. Але няўжо хтосьці думае, што робім мы гэта наўмысна, каб свядома павялічыць свой рабочы дзень на некалькі гадзін, а дома ў нас няма клопатаў?

Які вывад з усяго можна зрабіць? Жыццё – гэта палка з двума канцамі. І каб адзін з іх не заехаў табе па лбе, трэба трымаць палку ў раўнавазе. Тады ніхто не атрымае гузака. Менавіта на такой раўнавазе і павінны трымацца чалавечыя адносіны.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара. 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER