Мы нечакана сустрэліся на гарадской плошчы. І нават здалося, што без рабочага спецадзення жанчына і выглядае зусім па-іншаму.
Сюды ж, у Бярэзінскі лясгас, пасля службы ў арміі прыйшоў і сын Кузняцовых Аляксандр. Працуе электрыкам.
Працоўны графік у Кузняцовых асаблівы: выхадныя дні могуць выпадаць і пасярод тыдня, бо шчыруюць яны абодва – і Людміла Раманаўна, і Уладзімір Сяргеевіч – cтаночнікамі дрэваапрацоўчых ліній Бярэзінскага лясгаса.
– У нас свой дом, – гаворыць Людміла Раманаўна, – ёсць сад, агарод. Ёсць дзе разгуляцца і дзецям, і ўнукам. Дачка Крысціна падарыла ўжо двух унукаў – Уладзіка і Яраслава. Яны таксама жывуць з намі. Муж мой – добры гаспадар. Мы і ў працы разам, і ў святы. Разам агарод садзім, любім назіраць, як развіваюцца і мацнеюць пасеянае намі насенне і пасаджаныя саджанцы. У нас і кудлатыя цюльпаны растуць, туі, барбарыс, персікі, абрыкосы, і нават “Хакура нішыкі”. Гэта рознакаляровая вярба, часам яе яшчэ называюць "японскай вярбой" за тое, што ў прыродзе яна ахоплівае Прымор'е, Карэйскі паўвостраў і Японію. Добра прыжываецца гэтае экзатычнае дрэўца і ў сярэдняй паласе. Яркае, вынослівае, непатрабавальнае, яно без сумненняў стала адным з цікавейшых экзэмпляраў нашай садовай калекцыі. Пры гэтым вярба не патрабуе ніякіх звышнамаганняў па доглядзе.
– Але нягледзячы на разнастайную колькасць кветак, самымі любімымі для мяне застаюцца чырвоныя ружы, – дадае Людміла Раманаўна. – Муж гэта добра ведае. Чырвоны колер, вядома, асацыіруецца з колерам жыцця, кахання. Ружа — сімвал любові.
– Заўсёды ў святы для нас – абавязкова торт ад мужа, а на Масленіцу – бліноў напячэ. Ён любіць так парадаваць. Некалі мы трымалі вялікую хатнюю гаспадарку – і яйкі, і мяса было сваё, бо курэй ды гусей гадавалі, пакуль куніца ўсіх не пагрызла... Але доўга не злаваліся на нязваную госцю з лесу, лепш жыць з любоўю ў сэрцы, не напаўняць яго злобай ці горыччу.
***
Мы шмат гадоў адпрацавалі ў вытворчым майстарскім дрэваапрацоўчым участку “Кукарава”, які знаходзіўся практычна ў лесе. Любоў да лесу і яго лясных насельнікаў у нас – рыса сямейная. А яшчэ галоўнае – каб былі мір у свеце, каб здароўя і дабрабыту ва ўсіх хапала.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара