Бярозавы сок. Нагадваем правілы нарыхтоўкі

Date 20.03.2023 Man
Comment 633
Бярозавы сок. Нагадваем правілы нарыхтоўкі

З прыходам вясны пачынаецца гарачая пара нарыхтоўкі драўняных сокаў, але ў пагоні за гэтым смачным і гаючым напоем не варта забываць аб асцярожным стаўленні да прыроды. Існуюць правілы нарыхтоўкі соку, якія трэба выконваць.

 

На гэту тэму размаўляем з інжынерам па ахове і абароне лесу Бярэзінскага лясгаса Сяргеем Чубковым.

- Сяргей Віктаравіч, раскажыце, калі ласка, на якіх участках ляснога фонду і як ажыццяўляецца нарыхтоўка драўняных сокаў?

-  У адпаведнасці з пастановай Міністэрства лясной гаспадаракі Рэспублікі Беларусь ад 19.12.2016 № 71 "Аб зацвярджэнні Правілаў нарыхтоўкі пнёў і каранёў, нарыхтоўкі драўняных сокаў, стварэння пладова-ягадных, арэхаплодных і іншых лясных плантацый, па вырошчванні на іх лекавых і іншых раслін, іх нарыхтоўцы, зборы» нарыхтоўка драўняных сокаў ажыццяўляецца на ўчастках ляснога фонду не раней, чым за пяць гадоў да наступлення ўзросту высечак лесу, а таксама на участках ляснога фонду, прадастаўленых для высечак галоўнага карыстання.

Нарыхтоўка драўняных сокаў можа таксама ажыццяўляцца на ўчастках ляснога фонду, на якіх праводзяцца іншыя рубкі і рубкі прамежкавага карыстання, з ліку дрэў, якія падлягаюць рубцы ў адпаведнасці з правіламі высечак лесу ў Рэспубліцы Беларусь.

- Напэўна, далёка не кожнае дрэва годнае для нарыхтоўкі драўняных сокаў.

- Так, для гэтага падбіраюцца здаровыя дрэвастоі I, II класа банітэту з паўнатой не менш 0,4. Для нарыхтоўкі драўняных сокаў прызначаюцца дрэвы дыяметрам 20 сантыметраў і больш.

У камлёвай частцы адабраных для нарыхтоўкі драўняных сокаў дрэў на вышыні 30 - 50 сантыметраў ад узроўню зямлі вызначаюць размяшчэнне і колькасць падсочных адтулін у залежнасці ад дыяметра дрэва:

пры дыяметры 20 - 26 сантыметраў - адну адтуліну;

пры дыяметры 27-34 сантыметры - не больш за дзве адтуліны;

пры дыяметры 35 - 40 сантыметраў - не больш за тры адтуліны;

пры дыяметры звыш 40 сантыметраў - не больш за чатыры адтуліны.

Пры свідраванні неабходна выконваць наступныя патрабаванні:

грубую кару перад свідраваннем канала здымаюць стругам або сякерай без пашкоджання лубу; каналы свідруюць пасля пачатку руху соку, вызначанага ўколам шыла ў ствол дрэва. Каналы высвідроўваюцца з некаторым ухілам уніз для лепшага сцёку соку. Дыяметр канала – адзін сантыметр, глыбіня - два-тры сантыметры без уліку таўшчыні кары; пад падрыхтаванай адтулінай для сцёку соку ўстаўляецца жалабок. Пад жалабкамі ўсталёўваюцца соказборнікі (шкляныя або эмаліраваныя ёмістасці, поліэтыленавыя мяшкі).

Пры нарыхтоўцы драўняных сокаў дапускаецца замест свідравання падсочных адтулін прапілоўка бензапілой без зняцця кары – выглядае як касы зрэз пад вуглом не больш за 30° ад вертыкальнай восі, даўжынёй не больш за 12 см і глыбінёй не больш за 4 см без уліку таўшчыні кары. Пад прапілоўкай для сцёку соку ўстанаўліваецца жалабок.

У камлёвой частцы адабраных у падсочку дрэў на вышыні 35 – 50 сантыметраў ад узроўню зямлі вызначаюць размяшчэнне надрэзаў у залежнасці ад дыяметра дрэва: пры дыяметры 20 - 34 сантыметры-адзін прапіл; пры дыяметры звыш 34 сантыметраў - не больш за два прапілы з адлегласцю паміж імі па гарызантальнай плоскасці 8 - 15 сантыметраў.

- Што ў першую чаргу трэба зрабіць жадаючым самім нарыхтаваць бярозавіку?

- Згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, грамадзяне маюць права свабодна знаходзіцца на тэрыторыі ляснога фонду і без дазваленчых дакументаў бясплатна ажыццяўляць для задавальнення ўласных патрэб нарыхтоўку драўняных сокаў. Нарыхтоўка драўняных сокаў праводзіцца на участках ляснога фонду, якія вызначаюцца для гэтых мэт юрыдычнымі асобамі, што вядуць лясную гаспадарку (лясгасамі) і іх структурнымі падраздзяленнямі - лясніцтвамі.

У лясніцтвах вызначаны ўчасткі лесу, прызначаныя для нарыхтоўкі соку бярозавага грамадзянамі для ўласных патрэб. Усе жадаючыя нарыхтаваць сок бярозавы самастойна для асабістых мэт павінны звярнуцца ў лясніцтва. Работнікі лясной аховы пакажуць спецыяльна адведзеныя для збору бярозавага соку ўчасткі, правядуць інструктаж і пракантралююць тэхналогію падсочкі. У лясніцтвах таксама можна будзе набыць і нарыхтаваны сок бярозавы на месцы нарыхтоўкі або ва ўстаноўленых месцах яго рэалізацыі.

Нарыхтоўка драўняных сокаў, забараняецца ў населеных пунктах; у дэндралагічных парках, батанічных садах; у перададзеных ва ўстаноўленым парадку пад ахову месцах пражывання дзікіх жывёл і вырастання дзікарослых раслін, аднесеных да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь; у межах зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей; на тэрыторыі курортаў і арганізацый аховы здароўя, у межах акругоў санітарнай аховы курортаў; у месцах масавага адпачынку насельніцтва; у прыбярэжных палосах водных аб'ектаў, у межах палос адводу чыгунак і аўтамабільных дарог, іншых транспартных камунікацый; у месцах, не вызначаных для гэтай мэты лясгасам.

- Што цягне за сабой парушэнне ўстаноўленых правілаў?

- У адпаведнасці з заканадаўствам за нарыхтоўку драўнянага соку ў забароненых месцах (не вызначаных для гэтай мэты лясгасам), альбо іншае парушэнне правілаў збору або нарыхтоўкі грамадзяне нясуць адміністрацыйную адказнасць па арт. 16. 19 КаАП Рэспублікі Беларусь:

  1. Збор або нарыхтоўка грыбоў, іншых дзікарослых раслін або іх частак (пладоў, ягад, насення і інш.), драўнянага соку на тэрыторыі, дзе такія нарыхтоўкі або збор забароненыя, альбо іх нарыхтоўка або збор без дазвольнага дакумента, калі яго атрыманне абавязкова, ці не ў адпаведнасці з ім цягнуць накладанне штрафу ў памеры да дваццаці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка - да ста базавых велічынь, а на юрыдычную асобу - да пяцісот базавых велічынь.
  2. Парушэнне ўстаноўленых тэрмінаў, прымяненне забароненых сродкаў або метадаў збору або нарыхтоўкі грыбоў, іншых дзікарослых раслін або іх частак, драўнянага соку альбо іншае парушэнне правілаў збору або нарыхтоўкі - цягнуць накладанне штрафу ў памеры да дваццаці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка - да ста базавых велічынь, а на юрыдычную асобу - да пяцісот базавых велічынь.

Акрамя таго, парушальнікі павінны будуць пакрыць шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю ў адпаведнасці з таксамі, зацверджанымі Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11.04.2022 № 219, за 1 кг незаконна нарыхтаванага бярозавага соку – 0,1 базавай велічыні (3,7 руб.за 1 кг соку).

Калі вы сталі сведкам парушэння прыродаахоўнага заканадаўства, не праходзьце міма, тэлефануйце ў Бярэзінскі лясгас па тэлефонах: 6-74-12, 6-45-30.

- Куды звяртацца бярэзінцам ці гасцям раёна, а таксама прадстаўнікам прадпрыемстваў харчовай прамысловасці, якія пажадаюць купіць бярозавы сок?

- Набыць бярозавы сок за безнаяўны разлік можна ў прамысловым аддзеле нашай арганізацыі, тэл./факс 67-407 і 67-409, а за наяўны разлік можна набыць ва ўсіх лясніцтвах нашага лясгаса.

Графік працы лясніцтваў: з 8.00 да 17.00 (з панядзелка да пятніцы ўключна).

* Бярэзінскае лясніцтва, тэл. - 62-139;

* Багушэвіцкае лясніцтва, тэл. - 61-585;

* Брадзецкае лясніцтва, тэл. - 63-130;

* Высакагорскае лясніцтва, тэл. - 63-468;

* Дзмітравіцкае лясніцтва, тэл. - 64-231;

* Любушанскае лясніцтва, тэл. - 61-343;

* Мачаскае лясніцтва, тэл. - 63-216;

* Арэшкавіцкае лясніцтва, тэл. - 61-484;

* Пагосцкае лясніцтва, тэл. - 63-341;

* Ушанскае лясніцтва, тэл. - 63-432.

Кошт аднаго літра бярозавага соку для насельніцтва непасрэдна са склада ў лесе складае 15 капеек (без ПДВ), а  са склада ў лясніцтве - 20 капеек (без ПДВ).

- Дзякуй за размову.

Падрыхтавала Алена ГРОМАВА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER