Любімыя заняткі ў жыцці Ліліі Баярынас

Date 11.05.2023 Man
Comment 651
Любімыя заняткі ў жыцці Ліліі Баярынас

Як старшая медсястра аддзялення медыцынскай рэабілітацыі Бярэзінскай ЦРБ, Лілія Баярынас запатрабаваная з раніцы да вечара, літаральна “нарасхват”.

Працоўны дзень пачынаецца з тэхнічных пытанняў: праверкі апаратуры фізкабінета, тэрмінаў іх эксплуатацыі, інструкцыі, удакладнення рабочых планаў і далей па графіку – усё, што рабочымі планамі прадугледжана, а таксама і тое, што не прадугледжана. У час майго візіту для гутаркі Лілію Іванаўну патурбавалі ў сувязі з непаладкамі ў фізіятэрапеўтычным апараце.

- Справы звычныя: выклікаць медтэхніка, зараз у нас іх два спецыялісты, занесці дадзеныя ў журнал, - тлумачыць яна свае дзеянні. – Задача простая: адрамантаваць, прывесці да ладу.

Гераіні матэрыялу даводзіцца спраўляцца з вялікай гаспадаркай, вырашаць тэхнічныя пытанні – у кабінеце фізіятэрапіі апаратаў шмат, маецца асобнае памяшканне і ў сутарэнні, дзе складваюцца адпрацаваныя прыборы на спісанне, а за вокнамі аддзялення – замацаваны ўчастак, які патрабуе догляду ў рамках добраўпрадкавання тэрыторыі. Дый шмат чаго яшчэ ў абавязках.

 

Любімая работа

Але самае любімае ў рабоце – гэта заўсёды праца з пацыентамі. Як прыехала ў Беразіно 13 кастрычніка 1993 года і ўладкавалася спачатку звычайнай медсястрой у кабінет фізіятэрапіі, так з тае пары і не можа сябе ўявіць у нейкай іншай сферы.

- Мне заўсёды падабалася завіхацца з апаратамі каля пацыентаў. Напрыклад, ёсць ўніверсальны апарат “Радыус”, які забяспечвае шмат працэдур, дапамагае лячыць люмбалгіі, радыкуліты, бранхіяльныя астмы, бранхіты, атэрасклерозы розных відаў. Чалавек садзіцца ў крэсла і прымае працэдуры. Цікава вельмі і прыемна.

Калі Лілія Іванаўна перавялася на пасаду старшай медсястры ў 2004 годзе, работа з пацыентамі перайшла іншым супрацоўнікам, але і зараз выпадае дапамагаць калегам, бываць на падмене ў час адпачынкаў або бальнічных.

 

Жыць і радавацца

Працоўны шлях Лілія Іванаўна пачынала на Барысаўшчыне, дзе і нарадзілася. Спачатку закончыла Барысаўскае медвучылішча, працавала ў Пячах у медсанбаце тры з паловай гады, была ваеннаслужачай. Аднак разваліўся Саюз, армія пачала скарачацца, афіцэры-хірургі, іншы персанал пачалі звальняцца.

- Любы ваенны ўрач можа ўладкавацца ў любую бальніцу. Мне таксама давялося шукаць іншую работу. Прыехала ў госці ў Беразіно да сваёй сяброўкі дзяцінства, з якой разам яшчэ ў школу хадзілі, і тут засталася, замуж выйшла. Ужо і ўнучка ёсць! А з сяброўкай да гэтага часу сябруем.

Беразіно палюбіла адразу, прыкіпела душой да горада, і ў рабоце знайшла прызванне. Зараз нават асабліва не верыцца, што ў дзяцінстве хацела стаць педагогам. Але абставіны ў жыцці склаліся па-іншаму, аб чым Лілія Баярынус ніколькі не шкадуе. Ёсць выдатны зяць Вадзім Шчур, які працуе ў вядомым бярэзінцам “Мастаку” і вучыцца завочна, выдатная дачушка Саша – педагог-дэфектолаг дзіцячага садка №4, зараз у дэкрэтным водпуску. Унучцы тры гадкі, разам з бабуляй любіць гуляць. Муж Юрый працуе газаэлектразваршчыкам у ЖКГ, на добрым рахунку ў калектыве. Толькі жыць і радавацца.

 

Люблю садзіць кветкі

Ёсць добры занятак і ў вольны час – на Барысаўшчыне ад бацькоў застаўся дом. Зараз наведваюцца з мужам туды амаль кожныя выхадныя, засеялі агарод, пасадзілі кветкі. Нядаўна абзавяліся мотаблокам, каб зручней было завіхацца на ўчастку.

- Я сельскі жыхар, дык мне такі занятак на агародзе падабаецца, - усміхаецца Лілія Іванаўна. – Дый родныя і блізкія дапамагаюць, брат з сястрой таксама. Клопатаў за дзень бывае шмат на рабоце, асабліва калі наплыў пацыентаў, а на ўчастку пэўным чынам адпачываеш. Люблю кветкі высаджваць. Вось і зараз пасля выхадных, як пацяплее, будзем гэта рабіць на тэрыторыі ЦРБ, даглядаць замацаваны ўчастак.

 

Віншуем з граматай!

На Дзень медыцынскай сястры Лілія Баярынус адзначана граматай упраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама. На пытанне, што для яе значыць гэтая ўзнагарода, мая суразмоўца адказала так:

- Гэта для мяне вельмі дорага і вельмі многа значыць.

Удзячная, па-першае, галоўурачу Крысціне Аляксандраўне, таксама маім калегам, родным, блізкім, сваёй сям’і і пацыентам. Бо ўжо столькі гадоў займаюся любімай справай, таму зараз мне вельмі прыемна. Якраз так супала, што Міжнародны дзень медыцынскай сястры прыпаў на дзень нараджэння зяця, то ў сям’і свята нават трайное – у тым ліку і атрыманне граматы. Абавязкова арганізуем шашлыкі сямейным колам і адзначым!

Хочацца дадаць, што рэдакцыя “Бярэзінскай панарамы” таксама далучаецца да віншаванняў Ліліі Іванаўне і віншуе з прафесійным святам усіх медыцынскіх сясцёр і медыцынскіх братоў Бярэзіншчыны! Шчасця вам і плёну ў працы!

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

 

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER