Там, дзе жывуць любоў, павага і патрыятызм…

Date 15.05.2023 Man
Comment 622
Там, дзе жывуць  любоў, павага і патрыятызм…

Калі ўзяць любоў і вернасць, дадаць да іх пяшчоту і ўзаемапавагу, памножыць усё гэта на гады, то атрымаецца сям’я – моцная, дружная, у якой кожны адчувае сябе шчаслівым і патрэбным. Такі агульны рэцэпт шчасця даўно вядомы сям’і Вольгі і Максіма Навумавых з Беразіно.

Праўда, пасля 12 гадоў шлюбу яго давялося дапоўніць яшчэ і працавітасцю, і патрыятызмам. Патрэба ў гэтым аказалася відавочнай: без іх не захаваеш добрых сямейных традыцый, не выхаваеш дзяцей дастойнымі людзьмі, ды і не напоўніш гэта жыццё яркімі фарбамі.

Так, нядаўна ўвагу да сям’і Навумавых прыцягнуў фотаздымак, дзе матуля ў вайсковым кіцелі яшчэ савецкіх часоў была разам са святочна па-вайсковаму апранутымі сынамі. Адарваць вачэй ад гэтай прыгажосці было цяжка, ды і сэрца перапаўняла “белая зайздрасць”: бываюць жа такія шчаслівыя людзі!

Савецкі кіцель ад бацькі

- Пілоткі набылі праз “Вайлдберыс”, а вось кіцель дастаўся ад бацькі, які з 1980 па 1982 год служыў у войсках дзяржаўнай бяспекі ў Маскве, - гаворыць Вольга. - Ён яго збярог як памяць пра свае маладыя гады, захоўваў і, напэўна, не разлічваў, што нехта ізноў яго апране. А зараз гэта ў мяне лепшы і самы трэндавы ўбор на 9 мая і 3 ліпеня.

Бацька Вольгі – Анатолій Мароз - слаўны вадзіцель магутнага “МАЗа” Бярэзінскага вытворчага ўчастка спіртзавода, у працоўнай кніжцы якога ўсяго адзін запіс месца працы. Тут ён старанна шчыруе з 1983 года. Змяніў сем аўтамабіляў і праслыў вадзіцелем, які ведае ўнікальны сакрэт даўгалецця машын. Толькі “МАЗам” кіраваў чвэрць стагоддзя. Ды і сем’янін ён добры. Са сваёй жонкай разам вось ужо трыццаць дзевяць гадоў і дагэтуль не стамляецца прызнавацца ёй у вялікім каханні.

– Ведаеце, пасля арміі колькі за мной дзяўчат бегала, не пералічыць, – гаворыць мужчына, - а вось сэрца забілася мацней, калі яе ўпершыню ўбачыў. Цэлы год перапісваўся, чакаў штодня ліста з Гродзенскай вобласці, а потым на машыне “ГАЗ” на падушках, каб было зручней, перавёз у родны горад. Здаецца, усё гэта было нібы ўчора!

Адна - адзіная праца і жанчына

Пасяліліся маладыя ў доме бацькоў па завулку Карла Маркса горада.

- Бацька ў мяне ўкраінец, а матуля беларуска, - расказвае ён пра сябе, - жылі вельмі дружна. На памяць аб іх дагэтуль у доме захоўваюцца старадаўнія прадметы побыту.

Праўда, значна больш цяпер у гэтым дагледжаным доме тэхнікі - ад матацыклаў да аўтамабіляў.

- Вось гэтаму матацыклу “ІЖ” ужо 40 гадоў і ён дагэтуль працуе, - ганарыцца мужчына. - Сёння прайшоў тэхнічны агляд. Побач яшчэ адзін матацыкл, прыкладна такі ж па ўзросце. Надыдзе час, унукам у спадчыну дастанецца, а пакуль на іх дачка з мужам катаюцца.

 

А ў гаражы стаяць некалькі машын. Сярод іх гаспадар асабліва вылучае “Масквіч - 2140”. Ён, сапраўды, рарытэтны, бо выраблены на заводзе АЗЛК у Маскве і ўжо размяняў чацвёрты дзясятак гадоў.

- Ён для мяне і нашай вялікай сям’і сімвалічны, - тлумачыць мужчына. - Для мяне, у першую чаргу, адлюстроўвае маю вялікую любоў да Масквы. Я ж там у час службы ў арміі сотні кіламетраў “адмахаў”, дагэтуль ведаю вуліцы і завулкі, не раз туды наведваўся. Ды і сёння аўтамабіль спраўна служыць нашай сям’і, бо на ім мы традыцыйна выязджаем на экскурсіі на Курган Славы і мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Машына цалкам перароблена маімі рукамі. У яе ж рухавік нямецкі, каробка перадач і іншыя дэталі замежныя. Таму імчыць мой “Масквіч” на зайздрасць крутым іншамаркам і на радасць маім унукам з хуткасцю больш за 100 кіламетраў.

 

Праз бацькаву навуку

Праз бацькаву прагу да тэхнікі знайшла сваё ўласнае шчасце і Вольга.

– Гэту гісторыю напэўна ўжо ведаюць усе ў нашым раёне, - гаворыць Вольга, – пазнаёміліся мы выпадкова ў час здачы экзамену на ваджэнне матацыкла. Мне тэрмінова спатрэбілася патэлефанаваць. Але толькі ў аднаго маладога чалавека знайшоўся тэлефон. Я не надала гэтай падзеі ніякай увагі, а вось яму вельмі спадабаўся мой мілагучны голас і пасля ён мяне знайшоў.

Праўда, вяселле згулялі толькі праз шэсць гадоў. Вользе ўсяго 16 гадоў было, а юнаку – 19, калі яны атрымалі правы на ваджэнне. Таму наперадзе была яшчэ доўгая чарада прыгожых цнатлівых спатканняў, мноства кветак і падарункаў.

– Бацькі мяне выхоўвалі вельмі строга і не дазвалялі да ночы гуляць на вуліцы. Аднак Максім заўсёды знаходзіў магчымасць неяк нагадаць мне аб сабе. Памятаю, як пад нашымі вокнамі гайсаў на матацыкле. 

Галоўнае - давер і павага

Доўгачаканае вяселле згулялі летам, якраз у дзень нараджэння таты і матулі.

- Гэта супадзенне толькі на першы погляд выпадковае, - прызнаецца Вольга, - бо мы ўзялі ў сваю сям’ю ўсё самае лепшае ад бацькоў. Так, бацька ўсе свае праблемы пакідае ў гаражы і нікому не надакучвае імі, застаецца апорай і падтрымкай нам з братам. А матуля мая заўсёды паважала яго як здабытчыка і гаспадара ў сям’і, свайго галоўнага мужчыну ў жыцці.

У маладой сям’і Навумавых гэтыя прынцыпы таксама знайшлі свой працяг.

- У нашай сям’і з першага дня надзейна прапісаліся павага і давер адзін да аднаго, усе рашэнні мы заўсёды прымаем разам, не дзелім хатнія абавязкі на мужчынскія і жаночыя, - гаворыць Вольга. - Праўда, быць жонкай дальнабойшчыка бывае няпроста, калі ў цябе двое сыноў і муж тыднямі ў рэйсах. Ды і яму там без нас няпроста. Таму мы даўно навучыліся падтрымліваць адзін аднаго шчырымі словамі па тэлефоне.

Жанчына на гэтыя абставіны не наракае. Яна вырасла не беларучкай. Можа адна і шпалеры паклеіць, і карніз прыбіць, і сцены патынкаваць. З гэтага бытавога майстэрства яна вялікага подзвігу не робіць. Разам з мужам яна на роўных рамантавала сваю кватэру.

- Мы ўсё імкнёмся рабіць разам і з малых гадоў далучаем сыноў да працы, - гаворыць жанчына. - Яны з намі на дачы, у грыбах, ды і заўсёды заняты справай у бацькоў.

 

Патрыятызм бывае розным

Сыноў сваіх Навумавы па бацькавай навуцы выхоўваюць, у вялікай строгасці. Так, ім дазваляецца пагуляць у телефоне ўсяго адну гадзіну на тыдзень.

- Яны на гэта не скардзяцца, бо ў нашай сям’і няма культу сацыяльных сетак і ў кожнага ёсць занятак для душы, - гаворыць жанчына. - Вось я, напрыклад, займаюся стварэннем прыгожых фотакалажоў нашай сям’і, а мае сыны Сяргей і Кірыл з задавальненнем гадзінамі вабяць час у лепцы. Але, напэўна, куды больш ім падабаецца маляваць, асабліва на ваенную тэматыку.

Нічога дрэннага ў гэтым мы з мужам не бачым, бо мы ўжо сёння выхоўваем у іх будучых мужных і смелых абаронцаў, руплівых гаспадароў і сапраўдных мужчын, якія стануць гонарам нашай Айчыны.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER