Да дзяржаўных сімвалаў – з павагай!

Date 14.05.2023 Man
Comment 788
Да дзяржаўных сімвалаў – з павагай!

Кожную другую нядзелю мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь – як даніна павагі ўсім тром дзяржаўным сімвалам Беларусі.

Людміла МАКАРЭВІЧ, настаўніца геаграфіі СШ №2:

– Даніна павагі ўсім тром дзяржаўным сімвалам Беларусі мае вялікае патрыятычнае значэнне. Мы павінны ведаць сваю гісторыю, традыцыі, багатую культурную спадчыну.

І жыццёва важна паважаць гэтыя здабыткі і каштоўнасці, а таксама разумець значэнне гэтых сімвалаў. Як выкладчыца геаграфіі, заўважу, што герб краіны – гэта ў пэўным сэнсе чыстая геаграфія. Па сімвалах, зашыфраваных у гербе, можна вызначыць, у якім месцы свету, геаграфічным поясе знаходзіцца краіна, а таксама яе важныя элементы нацыянальнай культуры. Напрыклад, у нашым гербе прысутнічае лён, чалавек па гэтым элеменце адразу зразумее, у якіх шыротах знаходзіцца Беларусь. Гэта датычыцца і ўсяго астатняга, чым напоўнены наш герб. Наогул жа, як не паважаць нашы сімвалы, калі гэта нашы зямля, краіна і дзяржава? Няхай мы розных жыццёвых поглядаў, але дзяржава ў нас адна. Таму лічу Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна святам, якое мае вялікае значэнне для кожнага беларуса і для выхавання моладзі таксама. Моладзь павінна ўсведамляць, з чаго пачынаюцца дзяржава і суверэнітэт. З захавання традыцыі і павагі да сваіх каранёў, з клопату пра родную зямлю і з любові да Радзімы.

 

Ангеліна ЦІТАВЕЦ, вучаніца 9 класа:

– Адназначна трэба паважаць нашы дзяржаўныя сімвалы, бо гэта наша краіна і наша дзяржава. Гэта тое, што вызначае нас у свеце і ў гісторыі, сімвалы нашай свабоды і незалежнасці. Разам з тым яны – сімвалы нашай будучыні, да якой мы імкнёмся, дзеля якой вучымся, і ў далейшым будзем працаваць.

 

Мілана КАЛІШЭВІЧ, вучаніца 9 класа:

– Мы павінны паважаць нашы дзяржаўныя сімвалы, бо, па-першае, гэта наша дзяржава, мы тут нарадзіліся і жывём.

Наш народ мае адметныя рысы, такія як мудрасць, разважлівасць і згуртаванасць. Падобныя якасці дапамагаюць нам захаваць мір і згоду, сяброўства і любоў, павагу да бліжніх. І ўсё гэта з’ядноўваецца нашымі сімваламі і вызначае нас як беларусаў.

 

Аляксей АГЕЕЎ, вадзіцель УПС:

– Калі мы патрыёты, адзіны народ, з’яднаныя адной думкай, то мы павінны паважаць нашы сімвалы: і сцяг, і герб, і гімн, бо мусім людзьмі звацца, як усе народы ў свеце. Гэта проста трэба, і больш аніяк. Для мяне гэта пытанне рытарычнае. Вядома, як кожны сапраўдны беларус, я шаную нашы сімвалы, стаўлюся да іх паважліва. Мяркую, беларусам патрэбна берагчы свае нацыянальныя сімвалы, каб супрацьстаяць усякім разбуральным тэндэнцыям.

 

Васіль ЖУКОЎСКІ, вадзіцель Бярэзінскага РГС:

 

– Гэта нашыя сімвалы, і тут усё сказана. Ключавое слова – нашы. Мы, беларусы, павінны быць патрыётамі. Дзяржаўныя сімвалы вызначаюць нас як грамадзян краіны і як народ. Дзень дзяржаўных сімвалаў – свята для нашай краіны вельмі важнае. Мы – дзяржава, якая заўсёды вітае тых, хто мае добрыя намеры, працуе ў стваральным русле. Я таксама падтрымліваю ўсё станоўчае, што адбываецца ў нашай краіне, вельмі шмат гадоў працую на сваёй пасадзе ў нашай арганізацыі, дагэтуль працаваў 10 гадоў у аўтапарку №22 і заўсёды шчыра ад душы стараўся працаваць сумленна і быць разам з тымі, хто мацуе і ўзбагачае нашае жыццё. Паважаю дзяржаўныя сімвалы і іншых думак на гэты конт быць не можа.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER