А вы выпісалі «Бярэзінскую панараму»?

Date 20.06.2023 Man
Comment 814
А вы выпісалі «Бярэзінскую панараму»?

У самым разгары падпісная кампанія на перыядычныя выданні на другое паўгоддзе 2023 года. Звяртаем вашу асаблівую ўвагу, што ў тым ліку і на «Бярэзінскую панараму». У мінулую суботу яе супрацоўнікі арганізавалі чарговы Дзень падпісчыка для жыхароў нашага горада. І адправіліся непасрэдна ў самую гушчыню мас – на абласны конкурс разьбяроў па дрэве, што ладзіўся побач са штучным возерам.

Людзі, што прыйшлі адпачыць на свяце, не праміналі і месца нашай дыслакацыі, якое было відаць здалёк, дзякуючы ралапу з выявай нашага выдання, стэлажу з размешчанымі там газетамі, а таксама нашаму рарытэтнаму куточку, дзе размясціліся друкарская машынка, старыя фотаапараты і падшыўка газеты паўвекавой даўніны. Усё гэты выклікала цікавасць асабліва ў дзятвы, якая спрабавала свае сілу ў якасці фатографа або машыністкі. Ды і падшыўку «Сцяг Леніна» многія перагортвалі ў задуменні.

Але ж давайце знаёміцца з падпісчыкамі, якія ў гэты дзень скарысталіся магчымасцю далучыцца да раённай газеты ў чарговы раз і аформіць падпіску ў работніцы вузла паштовай сувязі Алы Картэль.

Дададзім, што кожны з нашых гасцей падпіску афармляў не менш як на квартал, за што і атрымліваў ад рэдакцыі памятныя сувеніры і фірменныя салодкія падарункі для дзяцей і ўнукаў (а іх на свяце было багата).

 

Людміла:

 

– Раёнку чытаю гадоў ужо каля сарака, як пераехала на Бярэзіншчыну з Гродзеншчыны. Ужо на заслужаным адпачынку, да гэтага працавала ў бальніцы. Таму многіх людзей добра ведаю. Што найбольш падабаецца? Вядома ж, расказы пра людзей. Многіх з іх ведаю асабіста.

І калі штосьці новае знаходжу пра іх лёс або жыццё, гэта вельмі цікава і прымушае на знаёмага ўжо чалавека глядзець па-іншаму. Сюды на свята прыйшла разам з дачкой Палінай і ўнукамі Антонам, Паўлам і Раманам. Яны зараз жывуць у Магілёўскай вобласці, таму на мерапрыемстве ім вельмі цікава. Убачыла тут вашу палатку і вырашыла падпісацца на «Панараму». Якія пажаданні? Калі каротка, то працвітання і развіцця.

 

Наталля КАЛЯНКОВІЧ і Клаўдзія НАВУМАВА:

– Газету вельмі люблю і заўсёды выпісваю. Вось і зараз падпісалася адразу на квартал. Заўсёды з цікавасцю чытаю ўсе навіны пра Бярэзіншчыну, пра людзей, пра сельскую гаспадарку, хоць і не звязана з гэтай галіной, бо ўсё жыццё працую выхавальніцай ў дзіцячым садку. Таму і пажаданне маё журналістам наступнае: больш пісаць пра работнікаў дашкольнага выхавання. Пра настаўнікаў інфармацыі ідзе шмат. Але ж кожны з вучняў прайшоў спачатку праз садок, праз нашы рукі і сэрцы. А ўвогуле раёнку чытаю «ад вокладкі да вокладкі» і сяброўства з ёй абавязкова буду працягваць.

– Мы з Мелікаўнай калегі, я амаль 40 гадоў працую ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці «Крынічка». Да раёнкі «прырасла» здаўна, калі яна яшчэ называлася «Сцяг Леніна», а ў двары бібліятэкі знаходзілася друкарня. Туды, помню, вадзілі дзетак на экскурсіі, глядзелі, як набіраецца і друкуецца газета. Ды і сёння яна – мой вялікі памочнік у выхаваўчай рабоце. Дзе яшчэ можна знайсці цікавыя матэрыялы пра нашых знакамітых землякоў, пра гісторыю Бярэзіншчыны і ваенную эпоху, або тыя ж вершы пра нашу родную старонку? Толькі ў «Бярэзінскай панараме»! Для мяне гэта вельмі каштоўны і неацэнны матэрыял. Карысную справу робіце, малайцы! І надалей радуйце нас сваёй творчасцю.

 

Таццяна ГОРМАШ (з унукамі):

– Падпісацца на раённую газету было святой справай для маёй маці, ніколі не зыбывалася пра гэта. Вось і я, пасябраваўшы ў маленстве з гэтым выданнем, і зараз кожны раз чакаю чарговага нумара нашай сямейнай газеты. Падабаецца ўсё. Апошнія нумары нямала змяшчалі інфармацыі пра выпускнікоў, пра здачу цэнтралізаванага экзамена, пра раённы баль выпускнікоў…А як можа не зацікавіць тая ж публікацыя пра нашага выпускніка, які набраў сто балаў на тэсціраванні? Малайчына! Зараз у мяне ўжо падрастаюць унукі, хочацца, каб і яны таксама любілі чытаць, у тым ліку і раённую газету, былі цікаўнымі і ведалі сваю гісторыю, людзей, што жывуць побач. І раённая газета тут – найпершы памочнік. Таму жадаю працаваць гэтак жа плённа і надалей, у такім жа фармаце. А замест мяне лепш сфатаграфуйце маіх унукаў-трайнят, няхай гэта будзе іх першы крок у знаёмстве з «Бярэзінскай панарамай».

 

Сям’я ЦІХАМІРАВЫХ:

– «Бярэзінскую панараму» чытаем усёй сваёй вялікай сям’ёй. Сёння мы крыху не ў поўным саставе, няма дачкі Яны. Добра, што вы тут на свяце размясціліся, не трэба ісці на пошту: і адпачылі, і падпісаліся. Чытаем усё, у тым ліку і рэкламу. Дзякуючы адной з размешчаных там аб’яў, абзавяліся куранятамі і засталіся вельмі задаволенымі. Пакуль што жывём у Гарэнічах, а ў Беразіно па льготным крэдыце будуем сабе дом. Сёлета справім наваселле. Вось ён – сапраўдны клопат дзяржавы пра мнагадзетныя сем’і. А з раёнкай і надалей будзем сябраваць. Дарэчы, мы ўжо некалькі разоў змаглі «засвяціцца» ў ёй, што, вядома ж, вельмі прыемна.

 

Аксана КУДРАШОВА:

– Прызнаюся шчыра, газету выпісваю ад выпадку да выпадку. У большай ступені карыстаюся электроннымі сродкамі інфармацыі. Але калі ў рукі трапляе «Панарама», заўсёды з задавальненнем чытаю яе. Інфармацыя разнастайная, пра ўсе навіны нашага рэгіёна, пра людзей, пра поспехі і праблемы. А сёння не змагла прайсці міма і не аформіць падпіску. На які час? Зразумела ж, на квартал. Дарэчы, доўгі час сябрую з рэдакцыяй і ўдзячна за наша супрацоўніцтва. Яно заключаецца ў тым, што я – пастаянны рэкламадаўца. Такім чынам, без такога "рупара", як раёнка, мне было б значна цяжэй весці свой бізнес.

 

Людміла СТЭЛЬМАХ:

– Пры слове «раёнка» заўсёды ўзгадваецца дзяцінства, газета «Сцяг Леніна». Менавіта з таго часу і доўжыцца маё сяброўства з газетай. Раней былі пастаяннымі падпісчыкамі, ды і зараз стараемся быць у курсе ўсіх навін Бярэзіншчыны. Іншы раз «скачваем» іх з інтэрнэту. Аднак лічу, што папяровы варыянт выдання ўсё роўна лепшы і яго нішто не заменіць. І вось зараз, калі атрымалася магчымасць выпісаць яе, міма не змагла прайсці. Асабліва падабаюцца публікацыі пра людзей. Многіх ведаю ў меру свайго сяброўскага і няўрымслівага характару. Таму заўсёды прыемна чытаць расказ пра кагосьці.

Нагадаем, што кожны з нашых падпісчыкаў у перыяд дзеяння падпісной квітанцыі пры яе прад’яўленні ў аддзеле рэкламы рэдакцыі мае скідку на публікаванне віншавання або рэкламы прыватнага характару. Скарыстайце гэтую магчымасць, у выніку чаго падпіска для вас акажацца крыху танней.

І яшчэ. Сачыце за нашай рэкламай аб правядзенні Дзён падпісчыка. Нагадаем, чарговы Дзень падпісчыка пройдзе 21 чэрвеня ў гарадскім аддзяленні паштовай сувязі з 11.00 да 13.00.

Удзельнічайце ў нашых акцыях і атрымлівайце памятныя падарункі ад рэдакцыі.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER