А называецца гэтая вёска Новіны. Не, сёння мы не будзем расказваць вам пра традыцыйна праводзімы тут старадаўні абрад цягнуць Каляду на дуба. З пасляваенных гадоў склалася тут яшчэ адна традыцыя: на 9 мая збірацца разам на лясной палянцы “На круглікавым пяньку”, каб памянуць тут усіх тых аднавяскоўцаў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, не вярнуўся з фронту або стаў ахвярай крывавага фашысцкага рэжыму.
Марыя Сітнік
6 студзеня 1943 года на вёску Новіны была ўчынена аблава нямецкіх карнікаў. Многіх людзей у той дзень прымусова забіралі з сабой, каб адправіць на катаржныя работы ў Нямеччыну. Сярод схопленых была і мясцовая жыхарка Марыя Сітнік. На жаль, хтосьці з “добрых людзей” даклаў акупантам, што яна – жонка партызана і сама з’яўляецца партызанскай сувязной.
Схапілі жанчыну, якая спрабавала збегчы ад расправы, павялі ў лес і расстралялі яе. Доўга пасля гэтага сястра Марыі спрабавала адшукаць месца забойства, але прыпарушанае снегам, доўга захоўвала яно сваю таямніцу. Толькі калі пачаў раставаць снег, знайшлі кабету. Перазахавалі на вясковых могілках, а на месцы забойства, у лесе на светлай палянцы ў пачатку шасцідзесятых гадоў устанавілі помнік. Ён і стаў цэнтрам правядзення абраду ўшаноўвання памяці ахвяр вайны аднавяскоўцаў.
Рыгор Круглік
Рабілі і ўстанаўлівалі помнік вяскоўцы за ўласныя сродкі, дапамагаў хто як і чым мог: хто – металам, хто – фарбай, хто фізічнай працай. Помнік атрымаўся сапраўды народным. Ля вытокаў яго стварэння былі Леанід, Фёдар і Павел Бабіновічы, Вячаслаў Андрусік, жыхар Падваложкі Барыс Макараў і некаторыя іншыя аднавяскоўцы. Згуртоўваў на калектыўную працу ўсіх былы франтавік Рыгор Круглік. Пра яго лёс расказала яго дачка Галіна.
Яшчэ да вайны вызначаўся ён сваім адкрытым характарам і арганізатарскімі здольнасцямі, быў, як кажуць, лёгкім на пад’ём і ўмеў арганізоўваць людзей.
Калі пачалася вайна, не дачакаўшыся позвы, адправіўся на веласіпедзе спачатку ў Беразіно, а калі там не змог трапіць у ваенкамат, разам з іншымі сваімі калегамі-настаўнікамі, якія аказаліся ў падобнай сітуацыі, на веласіпедах адправіліся аж у Клімавічы, дзе і трапілі нарэшце на прызыўны пункт. Прайшоў да самага Берліна, вызваляў Пінск, Рыгу, Варшаву, меў ордэн Чырвонай Зоркі і некалькі медалёў.
Пасля вайны прыступіў да сваёй мірнай справы вучобы дзяцей. Калі рабілі помнік, побач з ім знаходзіўся высахшы вялікі дуб. Спілавалі яго, вось так і з‘явіўся на гэтым месцы “круглікаў пянёк”, які затым доўга служыў узвышэннем для выступаючых на ўрачыстых мітынгах.
Алла Жук
Нарадзілася яна яшчэ 1938 годзе і добра памятае Марыю Сітнік, якая даводзілася ёй роднай цёткай па матчынай лініі. Цяжкім выдаўся і яе лёс. Ужо на самым пачатку вайны, 14 жніўня 1941 года, яе бацьку, Цімафея Бабіновіча, камуніста, старшыню мясцовага калгаса расстралялі фашысты.
Сям’і даводзілася заўсёды хавацца ад акупантаў, жыць у пастаянным страху за сваё жыццё. Выжыла і матуля. Застаўшыся ўдавой, доўгі час адна гадавала дзетак. А тут у вёску прыслалі новага спецыяліста, каб аднаўляць гаспадарку. Ён таксама аказаўся ўдаўцом: калі знаходзіўся ў партызанскім атрадзе, фашысты спалілі ў Баравіно яго жонку, маці і траіх дзетак… Такія вось пакалечаныя вайной чалавечыя жыцці.
Як расказала Алла Цімафееўна, вайна забрала не толькі яе цётку Марыю. Загінуў у партызанах і яе муж Іван. Так і зніклі са свету Іван ды Мар’я.
Як высветлілася, да гэтага часу жыве і яшчэ адна пляменніца Марыі Сітнік, Дзіна Васільеўна, бацька якой з’яўляўся братам партызанскай сувязной. Яна і сёння прымае актыўны дзел у правядзенні народнага абрада і гатуе для яго ўдзельнікаў традыцыйную салдацкую кашу.
Святлана Клімовіч
Народжаны ў Новінах сапраўды народны абрад ушаноўвання загінуўшых аднавяскоўцаў працягваў сваё жыццё шмат гадоў. Але па меры таго, як ветэраны вайны паступова адыходзілі ў нябыт, каля помніка стала збірацца ўсё менш і менш людзей. Адзін ці ва гады запар прыходзілі сюды толькі прадстаўнікі трох сямей. Але дзякуючы запалу, энергіі і клапатлівым адносінам да гісторыі і культуры родных мясцін Святланы Клімовіч, абрад набыў новае дыханне. Зараз “На пяньку” збіраецца па 50-70 чалавек. І візіт на гэтую памятную паляну набыў для вяскоўцаў характар традыцыі. Сюды ідуць цэлымі сем’ямі, з маленькімі дзеткамі, сюды прыезджаюць у гэты дзень і тыя, хто ў меру жыццёвых абставін пакінуў Новіны і жыве за іх межамі. Збіраюцца сюды нібы на радаўніцу, каб аддаць даніну памяці і павагі сваім землякам, дзякуючы ахвяраванню якіх мы сёння жывём пад мірным небам і будуем свой шчаслівы лёс.
Абрад “На пяньку” з’яўляецца эмацыянальным працягам урачыстага мітынга, прысвечанага Дню Перамогі, які традыцыйна праходзіць ля афіцыйнай брацкай магілы землякам, што размешчана ў цэнтры вёскі. Праходзіць ён звычайна ў першай палове дня. А вось бліжэй да вечара людзі выпраўляюцца ў лес, каб там, на паляне каля помніка, яшчэ раз, у менш афіцыйнай абстаноўцы, уваскрасіць у сваёй памяці прозвішчы загінуўшых, а таксама ўсіх тых, хто ваяваў у час вайны, затым быў побач і аднаўляў разбураную гаспадарку.
Канкрэтнага сцэнарыя мерапрыемства не мае. Абавязковым з’яўляецца толькі выступленне каля помніка на невялікім узвышэнні (зараз “круглікаў пянёк” замянілі на вялікі камень), а таксама літмантаж у выкананні школьнікаў, ускладанне вянка і кветак да падножжа. А затым на палянцы рассцілаюць сурвэткі і пачынаецца трапеза. Канечне ж, не абыходзіцца тут і без франтавых ста грамаў. Людзі спяваюць песні ваенных гадоў, танцуюць танцы той далёкай пары – поўнасцю пагружаюцца ў эпоху далёкіх 40-50-х гадоў. На раскладзеным вогнішчы смажыцца сала, запякаецца бульба…
- Цікава назіраць у гэты час за дзятвой, - расказвае Святлана Анатольеўна. – Уся дзея для іх мае сваю непаўторную загадкавасць, яны поўнасцю мяняюцца, разам са старэйшымі пачынаюць спяваць такія старажытныя для іх песні, паступова год ад года поўнасцю завучваючы невядомы тэкст. Ведаеце, яны нібы на вачах вырастаюць. Не, не ў фізічным плане, а маральна. Гэта вельмі кранае, бо ад такіх мерапрыемстваў яны становяцца сапраўднымі патрыётамі, чысцеюць душой.
Генадзь Кузняцоў
– Я таксама неаднаразовы ўдзельнік абрада. Рад, што ён захоўваецца і веру ў яго доўгае жыццё.
Ладзіцца ён выключна мясцовымі людзьмі і за іх жа сродкі. Падобных прыкладаў знойдзеш толькі адзінкі. І цудоўна, што ёсць такія людзі.
З часам, заўважылі мы, пачала зарастаць наша палянка, пасля буралому і вывазу лесу з гэтых мясцін крыху папсавалася дарога да нашай святыні. Таму сёлета разам з групай маладых людзей навялі там парадак: добраўпарадкавалі паляну, выкасілі яе, павысякалі кустоўе.
Плануем з часам устанавіць там лаўкі і сталы, звярнуцца ў лясгас па дапамогу ў прафіляванні дарогі, каб састрэлым людзям лягчэй дабі-рацца было туды. У нашым жыцці павінна быць штосьці святое і светлае. Абрад, які стварылі мае аднавяскоўцы, - якраз з такога разраду. Ён робіць нас саміх святлейшымі і захоўвае нашу святую памяць.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.