Каб жыць і радавацца

Date 28.07.2023 Man
Comment 801
Каб жыць і радавацца

Мнагадзетная сям’я  Лазнюхаў з дапамогай дзяржавы – сродкаў  сямейнага капіталу – будуе ў Беразіно дом

Дом

Дом Лазнюхаў па вуліцы Якуба Коласа ў райцэнтры знаходзім не адразу. Дарога была перагароджана стужкай, аб’ехалі, адлічылі патрэбны нумар. Вось і патрэбны дом!.. Адразу ён здаецца вялікім, але для мнагадзетнай сям’і – у самы раз такія памеры.

– Скарысталі сямейны капітал і пакрысе будуемся, – гаворыць Аляксей. – На паляпшэнне жыллёвых умоў мы стаялі ў чарзе з 2015 года.

А потым аформілі ўчастак (15 сотак)

і ўзялі сямейны капітал на будаўніцтва ўласнага дома. На працягу 4-х гадоў павінны завяршыць будоўлю і здаць аб’ект у эксплуатацыю. Пачалі будавацца ў 2019 годзе, як кажуць, з нуля. Спачатку зрабілі праект стужачнага падмурка. Але калі пачалі будаўніцтва, аказаліся блізка грунтовыя воды. Прыйшлося дапрацоўваць праект, забіваць сваі… З Барысава вазіў пясок – ажно 18 машын!

І яшчэ трэба машын 10… На жаль, у Бярэзінскім раёне няма кар’ера, мясцовы пясок набывалі б, вядома, меншым коштам… Узвялі каробку, затым устанавілі вокны, зрабілі дах…

Сямейнага капіталу хапіла часткова, бралі дакрэдытаванне, шмат сваіх грошай укладваем, як могуць, матэрыяльна дапамагаюць і цешча Алена Мікалаеўна, і матуля Таццяна Аляксееўна. Таксама шмат чаго робім сваімі рукамі. Так, электраправодку дапамагаў рабіць родны дзядзька Сяргей. Ён – электраманцёр па спецыяльнасці, прыязджаў з Жодзіна (там жыве). А калі наймаць будаўнічыя брыгады – ні ў якія б крэдыты не ўпісаўся...

Яшчэ шмат трэба набыць будаўнічых матэрыялаў. Падлогу будзем рабіць з абаграваннем. Сцены сам буду тынкаваць, тынкоўкі трэба набываць яшчэ шмат. Стрыечны брат жонкі Павел абяцаў дапамагчы, ён мае спецыяльнасць тынкоўшчыка-плітачніка. Яшчэ трэба газ правесці, сам буду траншэю капаць...

Дом плануем зрабіць утульным і прыгожым: прасторная гасцёўня, кухня, санітарныя пакоі, два дзіцячыя пакоі, спальня, памяшканне для газавага катла, пад адным дахам – гараж.

Марым справіць наваселле – калі не напрыканцы сёлетняга года, то ў наступным – абавязкова!

 

Дзеці

Дзяцей у сям’і Лазнюхаў трое, і ўсе хлопчыкі. Самы старэйшы Яраслаў закончыў 7 класаў Ушанскай школы і паспяхова здаў экзамены ў Мінскае абласное кадэцкае вучылішча ў горадзе Слуцку. Сам вырашыў: хачу, як татка, – стаць выратавальнікам!

У хуткім часе павязуць сына ў лагер. З 12 да 20 жніўня яго, як і іншых выхаванцаў, чакае “Курс маладога байца”. А з моманту прыняцця прысягі юнакі будуць з гонарам насіць званне кадэтаў.

Дзмітрый пойдзе ў 4-ы клас. Па росце даганяе старэйшага брата. Цікавіцца футболам.

– Мы ўжо марым, калі перабяромся ў горад, – дадае Аляксей, – адразу запішамся ў спартыўную секцыю.

А самы маленькі Косця (яму 4 гады) – галоўны памочнік на агародзе.

– Дзеці – самае святое, сэнс жыцця, – гавораць маладыя бацькі. – Мы стараемся іх выхоўваць дастойна: за добрыя ўчынкі заахвоціць, за дрэнныя – паўшчуваць. Імкнёмся, каб яны не былі нічым абдзелены, і ўсё ў іх было.

І ў горадзе будуемся з гэтай нагоды, бо тут больш магчымасцей для ўсебаковага развіцця дзяцей. Вучым сябраваць паміж сабой, каб падтрымлівалі адзін аднаго і старэйшых паважалі.

 

Сям’я

Пакуль Лазнюхі жывуць у аграгарадку Уша. Аляксей служыць вадзіцелем пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Бярэзінскага РАНС. Дарэчы, ён адзначаны адной з прэстыжных узнагарод супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь – нагрудным знакам “Выдатнік”.

Яго жонка Лія працуе ў школе прыбіральшчыцай памяшканняў. А сыны – верныя памочнікі і надзея. Старэйшы Яраслаў ужо зрабіў першыя крокі да сваёй мары – стаць выратавальнікам, як бацька.

І тое, што сыны стараюцца быць падобнымі на бацьку – яго гонар і слава.

– Сям’я павінна трымацца на даверы, узаемаразуменні, павазе, любові, - гаворыць жанчына. – Я лічу, што галоўны ў сям’і - муж, галава сям’і, а жонка, і сапраўды, за ім – як нітка за іголкай... Між тым яна – і стваральніца ўтульнасці, яна – і кухар, і майстрыха... адным словам – зберагальніца сямейнага ачага. Мы ўжо марым пра сваё наваселле, што разам адолеем усе цяжкасці, каб дом наш пабудаваць светлым, прасторным, уладкаваным, каб жыць і радавацца.


У Бярэзінскім раёне з 2015 года было прынята 425 (у тым ліку 1 адмова) рашэнняў аб прызначэнні сямейнага капіталу. З 2021 года было прынята 210 рашэнняў (у тым ліку 1 адмова) аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу, у тым ліку на жыллё 183 (1 адмова), медыцыну – 15, вучобу – 12. На працягу першага паўгоддзя 2023 года было прынята 22 рашэнні, з якіх 9 – аб прызначэнні сямейнага капіталу, 13 – аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу.

Урадам прыняты дадатковыя меры, накіраваныя на мэтавае выкарыстанне сямейнага капіталу пры вырашэнні жыллёвага пытання. Прынятая пастанова ўступіла ў сілу з
12 ліпеня 2023 года і накіравана перш за ўсё на недапушчэнне неэфектыўнага і нямэтавага расходавання сродкаў сямейнага капіталу.

Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER