У раённы цэнтр культуры сёлета прыйшоў толькі адзін малады спецыяліст. Затое які! Ігар Новікаў выдатнікам скончыў тэатральнае аддзяленне роднай Гарбавічскай школы мастацтваў у Чавускім раёне, там жа поўны курс ігры на фартэпіяна, а пасля вучыўся ў Магілёўскім дзяржаўным музычным каледжы імя М. А. Рымскага-Корсакава, і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Што ж, як бачым, падрыхтаваны малады чалавек выдатна. А галоўнае, хоча сябе праявіць! Юнак аддае перавагу арганізацыі творчых мерапрыемстваў, і, як сам гаворыць, палічыў бы за шчасце паставіць сапраўдны спектакль. У любым выпадку ў раёне, дзе брэндам з'яўляецца тэатральны фестываль "Бярэзінская рампа", яму будзе чаму навучыцца. З той прычыны, што Ігар прыехаў у Беразіно ўсяго месяц таму, ён пазнаёміўся з горадам яшчэ не поўнасцю, але ўжо вызначыў, што зможа знайсці тут заняткі ў вольны ад работы час. У прыватнасці, ён даўно марыў сістэматычна наведваць басейн. Акрамя таго, Ігар захапляецца валейболам, і ўжо даведаўся, што Беразіно славіцца традыцыямі ў гэтым відзе спорту. У цэлым, пакуль што ў юнака добрае ўражанне ад месца працы, і ён спадзяецца, што і заработная плата таксама не расчаруе яго.
Яшчэ адзін прадстаўнік маладога калектыву РЦК - мінчанка Кацярына Пятрэнка. Дзяўчына сёлета завяршыла адпрацоўку, але вырашыла застацца тут яшчэ на год. Кацярына працуе на пасадзе загадчыцы сектара па рабоце з дзецьмі і моладдзю. Самае складанае, прызнаецца яна, гэта праводзіць штотыднёвыя дыскатэкі на належным узроўні. Па спецыяльнасці Кацярына - эстрадны артыст, скончыла Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, і вядзе гурток вакалу для дзяцей, а яшчэ выступае на святах і радуе бярэзінцаў сваім талентам.
А вось ураджэнка Беразіно Глафіра Цярэня сёлета паступіла ў магістратуру Акадэміі навук Беларусі і будзе вучыцца на дзённым аддзяленні. Тым не менш, Глафіра ўжо падарыла раёну шмат творчых сіл: пасля заканчэння Мінскага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі чатыры гады, пакуль атрымлівала вышэйшую адукацыю, працавала педагогам народнага вакалу ў музычнай школе і хормайстрам у РЦК. Дзяўчына лічыць, што ў маладосці трэба пастарацца набыць як мага больш ведаў, якія абавязкова спатрэбяцца ў жыцці і ў далейшай рабоце. Але выкладаць Глафіра працягвае - вядзе ў сталічным цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі "Маяк" фальклорны ансамбль "Жбанок".
Працягваючы знаёмства з маладымі спецыялістамі ў сферы культуры, перамесцімся ў школу мастацтваў. Дырэктар установы Алена Бабашава паведаміла, што дзве дзяўчыны засталіся тут пасля адпрацоўкі, і яшчэ тры знаходзяцца ў статусе маладых спецыялістаў. Яе вучаніцы Ангеліна Ашуркевіч, Ганна Асіенка і Дар'я Сямашка - выкладчыцы харэаграфіі, самі з Беразіно, і пакуль звязаны кантрактам размеркавання. Аднак гэтыя дзяўчаты настроены атрымліваць досвед, і, не загадваючы ўдалячынь, з задавальненнем працуюць у роднай школе мастацтваў.
Ангеліне Ашуркевіч пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў было цікава прыйсці ў родную школу у статусе выкладчыка. Яна адчула падтрымку вопытных педагогаў, а таксама радасць зносін з выкладчыкамі-аднагодкамі. Спачатку Ангеліне было складана з вучнямі, але потым яна па парадзе Алены Бабашавай ператварылася для іх са строгага ментара ў сапраўднага сябра. За час яе работы асабліва хвалююча прайшоў справаздачны канцэрт, які школа дае кожны год. Тут і педагог, і яе падапечныя справіліся выдатна. Вядома, Ангеліна хоча атрымліваць і вышэйшую профільную адукацыю, але гэта не значыць, што яна пакіне Бярэзінскую школу мастацтваў. Бо гэта быў яе свядомы выбар - вярнуцца дадому.
Дар'я Сямашка таксама з Беразіно, і таксама выкладае харэаграфію. Прыйшла адпрацоўваць размеркаванне сёлета. Яна з самага пачатку хацела вярнуцца ў родную школу. Дар'я скончыла Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў. У яе шмат планаў, але распавядаць пра свае хзадумы яна пакуль не хоча, бо трэба яшчэ праявіць сябе на справе. Працаваць дзяўчына не баіцца, ведае, што да кожнага вучня трэба знайсці падыход, і нават падчас вучобы Дар’я на выхадных прыязджала дапамагаць Алене Міхайлаўне ў падрыхтоўцы вучаніц да выступленняў, каб адчуць, як настройваць на выступленні сябе і маленькіх артыстаў.
А вось магілеўчанка, цымбалістка Дар'я Варапаева, адпрацавала ў Беразіно поўны кантракт маладога спецыяліста пасля Магілёўскага каледжа мастацтваў імя М. А. Рымскага-Корсакава. Самым вялікім дасягненнем для сябе лічыць атрыманы досвед. Яна яшчэ раз упэўнілася, што застанецца ў прафесіі, у музыцы. Беларускімі народнымі цымбаламі Дар'я пачала займацца з шасці гадоў, і сёння дзяўчына пераканана, што на іх можна сыграць кампазіцыі любой эпохі і жанру.
Ангеліна Трыпута таксама засталася працаваць у Беразіно пасля двухгадовага размеркавання, і паспела заваяваць добрую славу. Яна адзначылася на многіх раённых святах і сольным выкананнем песень, і ў якасці вядучай. Бацькі ведаюць пра яе здольнасці, і прыводзяць дзяцей у школу мастацтваў спецыяльна ў яе клас. Ангеліна - мінчанка, і раіць не баяцца выпускнікам з вялікіх гарадоў размеркавання ў райцэнтр, бо тут можна назапасіць цудоўны і патрэбны вопыт. Ёй падабаецца, што Беразіно ціхі і спакойны горад. Ангеліне хочацца і надалей развівацца як артыстцы, дарыць цеплыню са сцэны людзям.
Работнікі сферы культуры імкнуцца падарыць гледачам радасць, настроіць на прыгажосць, ачысціць ад дрэнных думак. Няхай у гэтым накірунку ўсё ў іх атрымліваецца. А падзякай ім за іх творчыя намаганні будуць нашы шчырыя апладысменты.
Павел САЛАЎЁЎ.
Фота аўтара.