Галоўнае – заставацца цвярозым толькі сёння

Date 05.09.2023 Man
Comment 804
Галоўнае – заставацца цвярозым толькі сёння

Магчыма, вы чулі гэты выраз ад схільных да ўзлоўжывання спіртным, які дапамагае ім з дня ў дзень не сарвацца, радавацца жыццю і вырашаць справы. Але былых алкаголікаў не існуе. Так сцвярджае бярэзінец Дзяніс Т., які на сабе адчуў, як хутка бутэлька забірае тую самую акрыленасць, дзеля якой да яе прыкладаюцца, і становіцца гаспадаром тваёй асобы. Нашаму герою ў чымсьці пашанцавала: ён кінуў піць здаровым і адносна маладым, роўна 21 месяц таму. Праўда, кашмары мінулага ўсё роўна часта сняцца і прыходзяць на памяць. Дадзім слова Дзянісу і паспрабуем даведацца, ці не адбывалася штосьці падобнае з кімсьці з вас.

- Чамусьці кожны памятае сваё першае ўжыванне алкаголю, - разважае наш зямляк. - У маім выпадку гэта было ў дзіцячым лагеры. Старэйшыя купілі спірт і прапанавалі малодшым выпіць. Пасля ўжывання я адразу ж адчуў сябе нібы бог: знік страх запрасіць дзяўчыну на танец, я пачаў сабе падабацца. І я прыкінуў, што цяпер мне хочацца адчуваць сябе гэтак заўсёды. Ды і як можна было пазбегнуць п'янства, калі гэтым суправаджаліся вячоркі ў кожнай кампаніі, а на святы выпівалі ў кожнай сям'і. Банальна, але для многіх маіх аднагодкаў пакалення 90-х і 00-х усё пачыналася менавіта так.

- Пэўны час я меў усё, што неабходна мужчыну: адносіны з дзяўчынай і сябрамі, працу, якая мяне задавальняла, хадзіў у спартзалу, - пералічвае Дзяніс. – Але, як сапраўдны алкаголік, у любы момант жыцця, радасны ці сумны, абавязкова выпіваў. І паступова жыццё пачало разбурацца. Бывала, што калі я ўжываў алкаголь у пятніцу, то не ішоў на працу ў панядзелак. А калі мяне звольнілі за прагулы, я абвінавачваў у гэтым не сябе, а кіраўніцтва і зноў піў, каб заліць злосць у сабе. Неўзабаве знаёмыя сталі ўказваць не тое, што ў мяне ёсць праблемы, і прапаноўвалі дапамогу, але я не слухаў нікога, бо быў страшэнным эгаістам. У выніку я страціў шмат блізкіх.

Але ўсе вышэйпералічаныя страты не маглі параўнацца з наступнымі коламі пекла. На працягу пяці гадоў я баяўся пакідаць кватэру. Ледзь толькі выходзіў на вуліцу, хоць бы да найбліжэйшай крамы, у мяне здараліся панічныя атакі. Увогуле, хто хоць раз адчуваў гэта, той зразумее мой стан. Адначасова я патрапіў у залежнасць і ад камп’ютарных гульняў.

- Я адчуваў, што маё жыццё коціцца пад адхіл, але не ведаў, што трэба рабіць, - дзеліцца ўспамінамі Дзяніс. - Два разы лячыўся ў рэспуліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя, але без істотных перамен. Мяне абследавалі на розныя хваробы, але прычынай усяго быў алкаголь. Я цвёрда перакананы, што пакуль чалавек не пераламае сябе і сваю свядомасць у плане таго, што ён больш не п'е і ніколі не вернецца да гэтай заганнай цягі і хваробы, то ніякае лячэнне яму не дапаможа.

І вось я сарваўся ў чарговы раз. Наўпрост згубіў сэнс жыцця. Маці запрасіла да нас тагачаснага доктара-псіхатэрапеўта Бярэзінскай ЦРБ Дзмітрыя Казлоўскага, каб “прокапать” мяне і пагаварыць. Дзмітрый Станіслававіч, пабачыўшы ўсю сур'ёзнасць праблемы, даў брашуру і нумар тэлефона закрытага рэабілітацыйнага цэнтра “Генезіс”, які знаходзіцца ў Краснадары. Сказаў, што дапаможа. Я, амаль зусім апусціўшы рукі, усё ж вырашыў патэлефанаваць.

Мне адказаў валанцёр цэнтра, які падбадзёрыў, а затым праз два дні дабраўся ў Беразіно разам з адным з кіраўнікоў "Генезіса". Гэтыя людзі самі калісьці былі залежнымі, таму яны разумелі з паўслова ўсё, што я гаварыў і адчуваў. Мяне пераканалі паляцець да іх у Краснадар, адчуць на сабе, ці можна перастаць піць. Я зразумеў, што я не адзін такі, што падобных пакутнікаў шмат”.

- І вось я дабраўся ў рэабілітацыйны цэнтр “Генезіс”, - працягвае Дзяніс. - Мяне і іншых хворых размясцілі ў вялікім доме. Ад нас патрабавалася толькі прытрымлівацца рэжыму і рэгулярна прыходзіць на пасяджэнні групы для абмяркоўвання праблем з алкаголем. Спачатку ў мяне была стадыя адмовы, я не мог даседжваць да канца пасяджэння групы самааналізу, уцякаў. Але потым пакрысе стаў разумець, што тое, пра што там гавораць, датычыцца і мяне. У групах былі сустрэчы як з тымі, хто толькі пачынаў сваю дарогу да збаўлення, так і з тымі, хто ўжо дабіўся пэўных поспехаў, і мог даць рэкамендацыі да ўсебаковага паляпшэння жыцця без алкаголю. Спачатку я пагадзіўся прабыць у цэнтры год, але праз пару тыдняў вырашыў з'ехаць. Мне здавалася, што я безнадзейны, і што ўсе гэтыя патугі марныя. Але кіраўнікі цэнтра ўгаварылі маю маці пакінуць мяне ў іх на тры месяцы.

Цуд, але пасля гэтага тэрміну я адчуў, што мой стан стаў нашмат лепшым, я, нарэшце, упершыню адчуў сябе свабодным чалавекам. Калі нехта зацікавіцца тым, як праходзяць дні ў падобных цэнтрах, раю паглядзець фільмы “28 дней”, а таксама “Когда любви недостаточно”. У цэнтры не прымушалі рабіць нічога супраць тваёй волі. Пры жаданні пасля выпісвання ты мог працягваць співацца. Але калі ў цябе ўзнікае рэальная магчымасць проста паспрабаваць пачаць жыць нанова, з'яўляецца думка: а чаму б не зрабіць тое, да чаго заклікаюць, а раптам гэта сапраўды запрацуе? І пасля таго, як я зразумеў, якую карысць мне прынеслі ў цэнтры, вырашыў застацца там яшчэ на паўгода, каб замацаваць вынік”.

- Досвед па барацьбе з алкаголем занесены ў кнігу “Ананімныя алкаголікі”, і ён ужо дзесяцігоддзямі дапамаге мільёнам людзей у барацьбе з гэтай хваробай, - паказвае кнігу Дзяніс. – Для тых, хто хоць крыху зацікавіўся тэмай, пажадана знайсці такую ж, як на фота. Або звязацца са мной, я пакінуў кантакты ў кабінеце псіхіятра і нарколага нашай райбальніцы, і я знайду кніжку любому з тых, хто мае ў ёй патрэбу і жаданне вывучыць яе. Яшчэ я планую арганізаваць у Беразіно сустрэчы для ананімных алкаголікаў. А калі чытач пакуль не гатовы звярнуцца ў такія цэнтры ці групы, то можна паглядзець у інтэрнэце анлайн сустрэчы алкаголікаў, якія пачынаюцца кожную цотную гадзіну. Я б параіў "аа24.online".

Ведаю, што ёсць такія людзі, якія выпіваюць па выхадных, пры сустрэчах з сябрамі, на святы, нават кожны вечар. Але калі іх нешта трымае ў жыцці: сям'я, дзеці, праца, на якую яны павінны хадзіць, – значыць, яны не абавязкова залежныя. А вось калі вы хацелі на выхадных выпіць тол ькі крыху піва, а пасля зрываецеся ў запой на тыдзень, то, хутчэй за ўсё, вы ў небяспецы. На жаль толькі тыя людзі, што апусціліся на самае дно, пачынаюць хапацца за саломінку. Не трэба даходзіць да апошняй мяжы.

Я малюся і медыцырую, шукаю Бога, даручаю яму ўсе свае клопаты. Гэта важна для тых, хто кідае алкаголь, бо як кажуць у нас: “магчыма, ніякая чалавечая сіла не дапаможа ў барацьбе”. Для людзей, якія былі схільныя да гэтай залежнасці, лічыць кожны дзень, калі ёсць магчымасць радавацца новай раніцы, сонечнаму ці пахмурнаму дню, справе, якую робіш без бутэлькі – сапраўды, важна. Сёння я вучуся мове праграмавання “Python”, вучу англійскую мову і праходжу курс вёрсткі сайтаў. Пагадзіцеся, трэба ўвесь час рухацца ўверх, каб пазбегнуць бездані ўнізе.

Павел САЛАЎЁЎ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER