Дзмітрый Кавалёнак:
- Асабіста для мяне летняя пара аказалася поўнай штодзённых клопатаў, бо і ў гэты час таксама трэба хадзіць на работу і клапаціцца пра дабрабыт. Хіба што часцей бываў на рыбалцы. Гэта мой любімы занятак у вольны час. Жывём у прыватным доме, маем уласны агарод. Разам з жонкай даглядалі яго і клапаціліся, каб нашы намаганні не былі дарэмнымі і абарнуліся добрым ураджаем. Дарэчы, у нас на ўчастку не толькі градкі, а і красуе намаганнямі жонкі шмат ружаў. А вось пара адпачынку для мяне толькі пачынаецца, бо зусім хутка стартуе грыбны сезон. Спадзяюся, што будзе ён сёлета шчодрым на дары лесу.
Васіль Анішчонак:
- Я пенсіянер, жыву на вуліцы Веры Лясных, каля ракі. Часта на рыбалку хаджу ў жывапісныя месцы каля дома графа Патоцкага. Лаўлю ўсё, што трапляецца: і дробную рыбу, і вялікую. Найбольш удачнымі гэтым летам аказаліся лінь на 2,5 кг і шчупак на 5,5 кг. Хадзіў бы і ў грыбы, ды, на жаль, ногі баляць. А калі хочацца проста прагуляцца, бяру з сабой у кампанію свайго маленькага сабачку.
Аксана Няхай з дачкой Таней:
- Я маці чатырох дзетак. Таму ўвесь свій вольны час даводзіцца прысвячаць ім. Больш за ўсё ўвагі аддавала сваёй малодшанькай Танечцы. Ды і пра старэйшых клапацілася, асабліва калі збірала іх у школу. Думаю, яны мяне не раз парадуюць добрымі адзнакамі і поспехамі. А для мяне гэта галоўнае шчасце. Лічу, што мне пашанцавала з мужам, ён сапраўдны аўтарытэт для нашых гарэз і памочнік мне ва ўсіх пачынаннях. Удваім нам і праблемы удвая лягчэйшыя.
Ала Барысёнак:
- Я жыву ў прыватным сектары, таму ўсё лета правяла на сваім любімым агародзе. Вядома, і закаткі рабіла, бо старэйшы ўнук паступіў сёлета на платнае навучанне, і дапамога, у тым ліку і такая, не будзе лішняй. У мяне, дарэчы, шасцёра ўнукаў і трое дзяцей. Кожнаму хочацца дапамагчы, што і раблю па меры сваіх сіл. Лічу сапраўдным святам, калі дапамагаеш сяброўкам капаць бульбу. Пасля можна пагутарыць, зладзіўшы пікнічок на свежым паветры.
Вольга Васюціна:
- Мой водпуск прыпаў на лета. Першую яго частку я ўзяла для таго, каб падтрымаць сына, які здаваў экзамены пасля 9 класа. Падчас другой часткі мы ездзілі да сяброў у Мінск. І магу адзначыць, што ў беларускай сталіцы можна адпачыць не горш, чым у заходнееўрапейскіх гарадах. Мы хадзілі ў боўлінг, на фудкорты, у паркі. А яшчэ наша сям'я была на возеры Белым у Брэсцкай вобласці. Там чыстая цёплая вада і прыгожыя пейзажы. Так што раю чытачам “Бярэзінскай панарамы” больш звяртаць увагі на адпачынак у Беларусі, бо гэта блізка, каштуе танней і па-сапраўднаму сваё, роднае.
Павел САЛАЎЁЎ.
Фота аўтара.