Асаблівы верасень

Date 15.09.2023 Man
Comment 420
Асаблівы верасень

Верасень для памочніка ляснічага Дзмітравіцкага лясніцтва Марыны Дасугавай – асаблівы месяц. Менавіта ў першыя восеньскія, вераснёўскія, дні пачала яна свой працоўны шлях у сферы лясной гаспадаркі.

– Спачатку па размеркаванні (пасля заканчэння вучобы ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце ў 2013 годзе) трапіла ў горад Рэчыца Гомельскай вобласці, — гаворыць Марына Аляксандраўна.  – Але неўзабаве выйшла замуж і падалася на радзіму, на Бярэзіншчыну. Тут мяне  сустрэлі вельмі цёпла. Калектыў Дзмітравіцкага лясніцтва ў той час узначальваў ляснічы Аляксандр Лабынцаў (зараз Аляксандр Сяргеевіч – дырэктар Чэрвеньскага лясгаса). Ён стаў маім настаўнікам на першых працоўных кроках. Наогул, у нашай лесагаспадарчай установе працуюць шчырыя, гаспадарлівыя, старанныя людзі, сапраўдныя майстры сваёй справы.

– Менавіта з клопатаў пра лес пачынаецца наш кожны працоўны дзень, – дадае Марына Аляксандраўна. – Работа памочніка ляснічага зусім не кабінетная, гэта не толькі вядзенне тэхналагічнай дакументацыі, кантроль за работай майстроў лесу і леснікоў. Іншы раз праходзіш па лесе кіламетраў 10, удзельнічаеш у інвентарызацыі лясных культур, у пасадцы лесу, пры адводах і таксацыі лесасек... А калі ляснічы ідзе ў адпачынак, памочнік бярэ на сябе ўсе яго функцыі і абавязкі. Тады на дапамогу прыходзяць не толькі набытыя веды, але і адказнасць, аптымізм, жыццялюбства.

З даручанай справай Марына Дасугава спраўляецца на “выдатна”. Сплаў вопыту і маладосці дае добрыя вынікі ў рабоце. Спрыяе гэтаму і яе характар: не адступіцца, пакуль не зробіць так, як трэба. Характар, вядома, закаляецца ў цяжкасцях, а жыццё без выпрабаванняў не бывае.

– Свае прафесіянальныя якасці Марына Дасугава  добра спалучае з грамадскім жыццём калектыву, – характарызуе яе намеснік дырэктара лесагаспадарчай установы Віталій Умінскі, – яна актыўны ўдзельнік спартакіяд і турзлётаў. Спартсменка па мнагабор’і і лёгкаатлетычным кросе. Як прафесіянал сваёй справы, яна неаднойчы адзначалася граматамі, Ганаровымі граматамі, падзякамі кіраўніцтва Бярэзінскага лясгаса. Дарэчы, у 2021-ым годзе ёй быў прысвоены 2 клас, а сёлета яна ўдастоена 1 класа за сваю шматгадовую добрасумленную працу.

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER