Сёлета таксама многія з іх адзначаюцца Ганаровымі граматамі і падзякамі Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, граматамі і ганаровымі граматамі Бярэзінскага лясгаса, знакамі “10 гадоў бездакорнай службы”, “20 гадоў бездакорнай службы” і г.д.
Сярод іх – майстар вытворчага майстарскага ўчастка “Беразіно” Барыс Дулуб. Ён адзначаны Падзякай Мінскага ДВЛГА.
У свой час Барыс Анатольевіч закончыў вучобу ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках па спецыяльнасці “інжынер-механік” і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “эканаміст-менеджар”.
– На пасадзе майстра ВМУ “Беразіно” я ўжо 16 гадоў, – гаворыць Барыс Анатольевіч, – а дагэтуль з 2003 па 2006 год шчыраваў на Бярэзінскім ільнозаводзе, потым уладкаваўся ў Бярэзінскі лясгас. Тут пачынаў майстрам лесу ў Дзмітравіцкім лясніцтве, гады чатыры рабіў майстрам па лесанарыхтоўках, нейкі час працаваў памочнікам ляснічага Бярэзінскага лясніцтва, пасля чаго трапіў у ВМУ “Беразіно”. Так што на сваім уласным вопыце ведаю ўвесь працэс – ад пасадкі лясных культур да драўніны.
Свае працоўныя абавязкі Барыс Анатольевіч выконвае дасканала – прыняць пілапрадукцыю, адгрузіць яе, пры неабходнасці аказаць дапамогу фізічным і юрыдычным асобам... Кожны дзень не падобны на папярэдні і тым цікавей.
Цікава праходзяць не толькі будні, а і выхадныя. Бо ў мнагадзетнай сям’і Дулубаў, дзе гадуюцца трое дзетак, умеюць з карысцю бавіць час.
Нядаўна старэйшы сын Ягор (ён – дзесяцікласнік) прыходзіў да таткі на работу, каб паглядзець, як працуюць харвестары і станочнікі дрэваапрацоўчых станкоў. Напэўна, прыглядваецца і прымярае для сябе – спадабаецца ці не такая дзейнасць. Бо хутка выпускны баль і трэба рабіць свой галоўны ў жыцці выбар – выбар будучай прафесіі. А малодшым, Лізе і Рому, яшчэ рана турбавацца пра гэта. Ім больш даспадобы завіхацца разам са старэйшым братам і таткам на спартыўных трэнажорах, пакуль матуля (Жанна Іванаўна працуе поварам у райспажыўтаварыстве) шчыруе на кухні.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.