З сям’і пачынаецца Радзіма

Date 22.09.2023 Man
Comment 591
З сям’і пачынаецца Радзіма

У гэтай кватэры цёпла, утульна і камфортна, таму што жыве тут сям’я Лемер – вельмі дружная і вясёлая, шматдзетная.

 

Месца сустрэчы – гарадскі сквер

Сяргей і Зарына сустрэліся ў гарадскім скверы, тады яшчэ не мяркуючы, што сустрэча гэтая лёсавызначальная. У іх сям’і – свае традыцыі, свае сямейныя святы, успаміны аб падзеях, калі даводзілася пераадольваць цяжкасці і радавацца перамогам. Яны таксама ствараюць у доме цёплую і сардэчную атмасферу, як і дзіцячы смех і капрызы, школьныя дасягненні і сямейныя размовы.

– Мы вучыліся ў адной навучальнай установе – Бярэзінскай гімназіі, раслі побач, у адным двары, але нават не заўважалі адзін аднаго, – усміхаецца Зарына Сяргееўна. – Нездарма гавораць, «лёс звёў»… Розніца ва ўзросце ў нас – 6 гадоў, але мы яе зусім не адчуваем.

Я да дэкрэтнага водпуску працавала спецыялістам ЗАТ інтэрнэт-магазіна «Еўраопт», Сяргей працуе ў сталіцы, ахоўнікам ТАА «Усходні абарот». Мы ўвесь час на сувязі адзін з адным, я заўсёды адчуваю ў ім апору і падтрымку, сілу і спакой. А наша самае вялікае багацце – нашы дзеці.

 

Самае вялікае багацце

У сям’і Лемер – дзве дзяўчынкі і два хлопчыкі. Самы малодшанькі Жэня толькі-толькі спазнае гэты свет. Яго брат Аляксей ходзіць у дзіцячы садок, яму 4 гады, ён галоўны, як жартуюць, у доме «будаўнік» – усіх «строит», шліфуе свой характар, сур’ёзна цікавіцца тэхнікай, любіць цукеркі і марожанае. Самая старэйшая – Карына. Яна вучыцца ў СШ №3 горада, дзевяцікласніца. Сярод яе захапленняў – маляванне алоўкам і замежныя мовы, прычым, займаецца яна самаадукацыяй.

– Цяпер гэта не праблема, – гаворыць Карына. – У школе я вывучаю нямецкую мову, у нас выкладае Наталля Віктараўна Аўтуховіч, а дома, выкарыстоўваючы дадатак «Duolingo», самастойна вывучаю англійскую і карэйскую мовы. Я мару атрымаць вышэйшую адукацыю і бачу сябе ў будучыні інтэрнэт-маркетолагам, у сферы вэб-дызайну ці IT.

 

Марыя – пяцікласніца. На яе рахунку нямала грамат за ўдзел у міжнародных гульнях-конкурсах па матэматыцы «Кенгуру» (прычым на працягу трох гадоў – з 2020 па 2022 год – яна займала прызавыя месцы), таксама ў гульні-конкурсе па інфарматыцы «Інфамышка-2021», гульні-конкурсе па фізкультуры «Алімпіёнак-2022», ІІІ месца ў спартландыі сярод спартсменаў ДУ «Бярэзінская СДЮШАР» «Калядныя сустрэчы».

– Раней я займалася танцамі і плаваннем, – расказвае Маша, – а зараз хаджу ў інтэлектуальны цэнтр дадатковай адукацыі па трох накірунках – матэматыка, інфарматыка і англійская мова.

 

«Дрэва трымаецца каранямі, а чалавек – сям’ёй»

– Чым нас больш, тым мы мацней, – усміхаецца галава сям’і Сяргей. – Сям’я – гэта мы разам! Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго!.. Навошта ж мы прыходзім у гэты свет? Каб вучыцца, працаваць, развівацца, ствараць тое, што зменіць гэты свет да лепшага. Мы ствараем сябе, ствараем сям’ю. А моцнай дзяржава будзе толькі тады, калі дабрабыт у кожнай сям’і, паколькі сям’я – «ячэйка грамадства». І задача кожнага з нас – стварыць гэтую «ячэйку» ў адпаведнасці з маральнымі нормамі і правіламі. Нездарма ў народзе кажуць: «Дрэва трымаецца каранямі, а чалавек – сям’ёй», «Зямля без вады мёртвая, чалавек без сям’і – пустацвет»…

– Мой тата Сяргей Іванавіч рос у шматдзетнай сям’і, дзе разам з ім выхоўваліся 12 дзяцей, – дадае Зарына Сяргееўна. – Ён з ліку перасяленцаў, мае нямецкае паходжанне. У Беларусь пераехаў з Казахстана... Цяпер мае бацькі жывуць у вёсцы Глухі Ток. Мы любім сумесныя хатнія святы. Любім разам збірацца ў выхадныя дні, з нагоды ці без яе – проста, каб быць бліжэй да сваіх блізкіх. Мае матуля і татка – лепшыя бабуля і дзядуля для сваіх унукаў, і нам узаемна хочацца дарыць ім радасць і па магчымасці аказваць дапамогу. Балазе вёска знаходзіцца зусім побач з Беразіно. Такія сустрэчы аб’ядноўваюць і прыносяць задавальненне і незабыўныя моманты, з якіх таксама складаецца жыццё. Думаю, для кожнага чалавека Радзіма пачынаецца з сям’і.

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER