Але жыццёвыя абставіны склаліся менавіта так, што з часам культура стала для Маргарыты Аляксандраўны не толькі прафесійным рэчышчам, а і сэнсам жыцця. Узгадаваная яшчэ з маленства цікавасць да народнай творчасці, музыкі і народных песень, наогул да вывучэння гісторыі не маглі не выліцца ў штосьці больш грунтоўнае і спадарожнае па жыцці. Таму наступнымі крокамі па ім былі вучоба спачатку ў каледжы мастацтваў, а затым і ва ўніверсітэце культуры, адкуль Маргарыта выйшла адукаваным прафесіяналам-культработнікам. Сёння яна выкладае музыку ў Паплаўскім філіяле дзіцячай школы мастацтваў.
Але гэта толькі нязначны пласт таго, чаму прысвячае жанчына свой вольны час, развіваючы ўласныя таленты і здольнасці. Так, Маргарыта Хаметшына, валодаючы, па словах яе настаўніцы спеваў, сапраўдным народным тэмб-рам голасу, часта выступае з выкананнем беларускіх народных песень, вывучае і захоўвае іх. Акрамя таго, яна валодае шэрагам музычных інструментаў, сярод якіх дудачка, акардэон, піяніна, балалайка. А яшчэ Маргарыта Аляксандраўна – вялікі аматар дэкаратыўнай творчасці і займаецца ткацтвам і традыцыйнай вышыўкай нацыянальных касцюмаў, у якіх затым выступае на сцэне (зараз яна працуе над стварэннем вышыванак новінскага, марціянаўска-га і паплаўскага касцюмаў).
Сваю вялікую любоў да культуры і народнай творчасці прывівае як педагог сваім гадаванцам. Яны паспяхова выступаюць у конкурсе “Зорачкі надзей”, падзяляюць захапленне сваёй настаўніцы. Сама ж Маргарыта да ўдзелу ў конкурсах ставіцца абыякава, бо лічыць, што падобны занятак больш уласцівы людзям, якія жадаюць самазацвердзіцца і ўзняць сваю самаацэнку, а ёй гэтага не трэба.
Прыемна і тое, што Маргарыта Хаметшына з’яўляецца падпісчыцай нашай газеты. Асаблівую ўвагу яна надае вершам, якія змяшчаюцца тут. На ўпадабаныя творы яна піша музыку, ператвараючы іх у мі-лагучныя песні. А гэта – яшчэ адна са шматлікіх граней таленту культработніка.