З педагогаў - у будаўнікі

Date 05.12.2023 Man
Comment 582
З педагогаў - у будаўнікі

Да знаёмства з гэтым маладым мужчынам з рэдкім у нашым раёне прозвішчам Маміеў прывяла мяне бытавая  праблема: неабходна было капітальна адрамантаваць падмурак, да якога за 62 гады з дня  яго будаўніцтва не краналася рука чалавека. Матуля-удава з-за адсутнасці сродкаў зрабіць гэтага не магла, а новы гаспадар, мой муж, то за работай, то за рыбалкай, а пасля з-за стану свайго здароўя зрабіць што-кольвечы таксама не паспеў, апелюючы адказам: «На мой век хопіць». Сапраўды, на яго век хапіла, а справай  прыйшлося заняцца мне самой, нягледзячы на стан здароўя.

Так я па рэкамендацыі знаёмых звярнулася да загадчыка магазіна «Будмаркет» Аляксея Маміева - спакойнага, разважлівага, пазітыўнага  ўладальніка  гэтай, на першы погляд, сціплай, але багатай сваім наборам гандлёвай кропкі, дзе можна знайсці  ўсё патрэбнае ад самай малой дробязі да больш габарытных прылад. Назву кожнай дэталі Аляксей Тахіравіч ведае назубок, вельмі хутка арыентуецца ў іх і без затрымак абслугоўвае пакупніка.

Між тым, я ніяк не магла зразумець, чаму малады чалавек з дыпломам аб  вышэйшай адукацыі замест заняткаў сваёй прафесійнай справы ў класе-кабінеце топчыцца сярод гэтых шматлікіх тавараў, аператыўна, з разуменнем бытавой лексікі рэагуе на словы-тэрміны пакупніка  «мама», «папа» і прыносіць дэталі згодна з неабходнай  унутранай разьбой.

А некалі ж Аляксей Маміеў - азербаджанец  па нацыянальнасці з боку бацькі, патомны педагог па лініі бабулі, матулі, свядома выбраў прафесію настаўніка. Спачатку ён закончыў з адзнакай другую гарадскую школу, без цяжкасцей  атрымаў дыплом выкладчыка гісторыі і англійскай мовы, нават год смакаваў свой  прафесіяналізм у Капланецкай СШ  і... расчараваўся ў выбранай прафесіі, якая патрабавала штодзённага нервовага напружання, што ніяк не ўкладвалася ў рамкі  яго сціплага, ураўнаважанага характару.

Пайшоў спачатку ў будаўнікі. Але цягаць бетон для рамонту дахаў запярэчыў стан здароўя. Тады Аляксей рашыў арганізаваць сваю справу, стварыўшы гандлёвую кропку «Будмаркет». Да вядзення бізнесу далучыў сваю жонку Анжэлу, былую работніцу банка. Праз які час дзейнасць “маркету” пашырыла свае межы і тут сталі займацца не толькі гандлем, а і выконваць рамонт дамоў. Паслуга аказалася запатрабаванай і перспектыўнай і створаная будаўнічая брыгада сёння не сядзіць без справы. Заявак  паступае нямала, усе яны выконваюца ў адпаведнасцю з чарговасцю, аператыўна і якасна. Пры гэтым гаспадару рамантуемага дома няма неабходнасці клапаціцца аб тым, дзе дастаць патрэбны і галоўнае якасны будматэрыял, як і на чым даставіць яго да месца прызначэння. Усё гэта ў якасці дадатковага бонуса прадастаўляе заказчыку Аляксей Маміеў.

У гэтай гісторыі няма нічога незвычайнага і надзвычайнага. Ну, не знайшоў сябе малады мужчына ў выбранай у юнацтве прафесіі, ну не склаў крылаў і знайшоў у сабе ўнутраны стрыжань, каб развівацца далей, ну стварыў свой уласны бізнес і прыцягнуў да ўдзелу ў ім яшчэ некалькі чалавек. Усё так. Але ёсць тут і свая адметнасць. На жаль, наш горад за кошт росту колькасці гандлёвых аб’ектаў паступова набывае статус гандлёвага мястэчка, а не прамысловага індустрыяльнага рэгіёна з вялікай колькасцю рабочых месцаў. І таму прыведзены прыклад Аляксея Маміева і яго арганізацыі работы, якая заключаецца не толькі ў гандлі, а і ў аказанні запатрабаваных будаўнічых паслуг, паказвае, што бізнес можа насіць больш шырокі характар, прыносіць людзям задавальненне, быць запатрабаваным, садзейнічаць стварэнню дадатковых працоўных месцаў. Так што дзейнічайце. А аб’ектаў прыкладання намаганняў у нас больш чым дастаткова. Вы са мной згодны?

Ніна БУРКО.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER