Жывёлавод у трэцім пакаленні

Date 08.12.2023 Man
Comment 419
Жывёлавод у трэцім пакаленні

Так можна назваць даярку ААТ “Пагосцкі” Аксану Самец. Сапраўды, яе маці доўгі час працавала на мацевіцкай ферме, а яшчэ раней у радах бярэзінскіх жывёлаводаў значылася і бабуля: яна рупілася на фреме ў Людвікова.

Абедзве былі на добрым рахунку, бо ставіліся да выканання сваіх абавязкаў з усёй адказнасцю, што напрамую адбівалася на выніках іх дзейнасці.

Такой жа працавітай аказалася і Аксана. Але да работы у сельскай гаспадарцы яна прыйшла не адразу. Пасля стварэння сям’і разам з мужам перабраліся ў Беразіно. Там ім далі інтэрнат (размяшчаўся на вуліцы Мультана), сталі працаваць ды гадаваць дваіх дзетак.

Гэта зараз яны выйшлі на ўласны хлеб і працуюць: дачка – ветэрынарным урачом, сын – будаўніком. Паляцелі з роднага гнязда, але бацькоў не забываюць і пры неабходнасці дапамагаюць ім фізічна і матэрыяльна. А на той час абодва паступілі вучыцца і на ўліку была кожная капейка.

Таму Аксана Міхайлаўна звольнілася з бальніцы, дзе была санітаркай радзільнага аддзялення, і перайшла ў Дом гандлю прыбіральшчыцай, уладкаваўшыся дадаткова на палову стаўкі прыбіральшчыцай у басейне.

У гэтай жыццёвай мітусні неўпрыкмет праляцела 15 гадоў. Вялікіх перспектыў на высокія зарплаты і атрыманне жылля ў горадзе не было. Ды і з уростам пачало цягнуць да зямлі, больш спакойнага ладу. Звярнуліся да дырэктара тагачаснага ААТ “Бярэзінскі” Мікалая Грынкевіча. Ён добра ведаў маці Аксаны, як стараннага спецыяліста галіны.

Таму прапанаваў жанчыне ісці на ферму, мужу знайшлося месца ў будаўнічай брыгадзе. Не паспелі прыступіць да работы, як ім далі ключы ад дома, аказвалі дапамогу па яго рамонце, які давялося рабіць пасля таго, як адтуль выбраўся папярэдні жыхар.

І вось з таго часу мінула ўжо сем гадоў. Сям’я добра прыжылася ў гаспадарцы. Аксана за гэты час паспела папрацаваць мыйшчыцай, даглядчыкам жывёлы, у цэху раздою, сёлета з мая яе перавялі на больш адказную работу аператара машыннага даення даільна-малочнага блока Капланецкага МТК. На гэтым жа комплексе шчыруе і яе муж – даглядчыкам.

– Напачатку мне прапаноўвалі стаць асемянатарам, – расказвае Аксана Міхайлаўна. – Але я адмовілася: а раптам не спраўлюся – пасада ж вельмі адказная, ад яе вынікаў залежыць вялікае малако ўсёй фермы, а працаваць абы-як я не
люблю і не магу.

Хаця і ў даяркі таксама клопатаў нямала: і масаж вымя зрабіць, і падлячыць кароўку, каб яна аддала ўсё малако, і належны парадак падтрымліваць на рабочым месцы. Наогул, не люблю, каб мне з-за маёй работы рабілі заўвагі, і пакуль што абыходжуся без іх.

На ДМБ працую разам з напарніцай Ірынай Тушынскай, падменнай у нас (мы доім па чатыры дні, а на пяты маем выхадны) – Людміла Шалепіна. У нас дружная каманда. Мяняць работу не планую, бо справа, якой я займаюся, мне па душы.

За час работы ў гаспадарцы Аксана Міхайлаўна паказала сябе не толькі стараннай працаўніцай, а і клапатлівай гаспадыняй. Разам з мужам яны зрабілі рамонт дома: спачатку вывезлі машын пяць смецця ад былых гаспадароў, потым памянялі дзверы, столь, сёлета ўстанавілі новую агароджу. Трымаюць хатнюю жывёлу: двое свіней, козачку, 25 курэй. А гэта дазваляе не толькі мець свежыя ўласныя прадукты, а і папаўняць свой бюджэт за кошт продажу лішкаў малака, тварагу, а летам – і яек. Не пустуе і агарод. Акрамя традыцыйных памідораў ды гуркоў, Самцы шмат садзяць бульбы, збожжа, гарбузоў, нарыхтоўваюць сена. Добрым памочнікам сям’і служыць уласны трактарок. Летам на прысядзібным участку распускаецца шмат кветак. Што яшчэ патрэбна для шчасця і паўнацэннага жыцця?

Праўда, за мітуснёй вытворчых клопатаў і хатніх спраў вольнага часу ў жанчыны застаецца няшмат. І частку яго Аксана Самец абавязкова прысвячае чытанню “Бярэзінскай панарамы”. Яна аказалася не толькі заядлым падпісчыкам раёнкі, а і сапраўдным яе фанатам.

– Памятаю газету яшчэ як “Сцяг Леніна”, – расказвае Аксана Міхайлаўна. – З таго часу чытаю яе рэгулярна. Калі сама не паспяваю выпісаць, прашу зрабіць гэта матулю. На працягу ўсяго жыцця помню толькі два моманты, калі на месяц заставалася без раёнкі.

Дык у першым выпадку хадзіла да суседкі і чытала мясцовыя навіны ў яе, а другі раз праз снег і непагадзь з інтэрната на Мультана (няблізкі свет) хадзіла купляць яе ў кіёску “Белсаюздруку”, які некалі размяшчаўся побач з будынкам РКБА. Чытаю ад першай да апошняй старонкі, цікава тут усё. Нават аб’явы, бо менавіта дзякуючы ім знайшлі спецыялістаў, якія ўстанавілі нам новыя дзверы, зрабілі перацяжку мяккай мэблі.

Больш даспадобы жанчыне матэрыялы пра людзей: асабіста ведае не толькі шмат вяскоўцаў, а і гараджан, і калі трапляюць знаёмае прозвішча або твар, радуецца за чалавека, штосьці новае адкрывае ў яго жыцці.

З цікавасцю чытала раней гараскопы і месячны каляндар для агароднікаў, але яны чамусьці зніклі са старонак выдання, аднавіць бы іх.

Але калі яны нават і не з’явяцца зноў, гэта ні ў якім разе не паўплывае на далейшае сяброўства з роднай газетай. Яна заўсёды будзе жаданай, запатрабаванай і прачытанай да апошняга радка.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

 

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER