Кожная вясна – як першая

Date 27.03.2024 Man
Comment 406
Кожная вясна – як першая

Выказванне “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся” поўнасцю адпавядае Мікалаю Круку.Ураджэнец Бярэзіншчыны, ён і сёння рупіцца над тым, каб родная зямелька была кожны год шчодрай і багатай на ўраджай. Што для гэтага патрэбна? Не толькі глыбокія веды, іх у Мікалая Міхайлавіча за час работы назапашана не на адно пакаленне.

Вельмі важна з’яўляцца аўтарытэтам для сваіх падначаленых, быць і фармальным і нефармальным лідарам ва ўсіх справах. І з гэтым у спецыяліста ўсё ў парадку. За восем гадоў, што ён займае пасаду галоўнага інжынера ААТ “Брадзец”, слова і аўтарытэт Мікалая Крука сталі для працаўнікоў гаспадаркі неаспрэчнымі.

Бадай што няма ніводнай праблемы, з якой не мог бы справіцца Мікалай Міхайлавіч, такога пытання, на якое не змог бы даць аргументаваны адказ.

Кожны раз, яшчэ да пачатку той ці іншай сельскагаспадарчай масавай кампаніі, надзейна рамантуецца тэхніка, даводзяцца да ладу ўсе вузлы і агрэгаты. Таму і не дае яна затым збояў у працэсе работы, не бывае аўралаў у гарачыя дні пасяўной або жніва, калі на вагу золата кожная спрыяльная гадзіна.

Вось і зараз у гаспадарцы зноў распачаты палявыя работы. На кожным участку - парадак, дысцыпліна, зладжанасць. Колькі ўжо было такіх вёснаў у жыцці Мікалая Міхайлавіча, і не пералічыць. І кожную ён сустракае - як першую.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER