Гэта ў поўнай меры адносіцца да характарыстыкі вядомага ў раёне патомнага пчаляра Івана Макарэвіча - чалавека надзвычай пазітыўнага, карэктнага, без асаблівага гонару сваёй знакамітасці ў галіне пчалярных спраў.
Быць у пошуку чалавечай сутнасці Івану Макарэвічу не прыходзілася, бо гэтая ніва была дараваная лёсам: дзед, бацька, брат, а цяпер і сын - усе захоплены пчалярствам. Было ў каго вучыццца і пераймаць вопыт, браць прыклад. А калі хто думае, што справа гэтая лёгкая і прыбытковая, той глыбока памыляецца. Паставіць вуллі з рамкамі і лічыць, што ты з мёдам - думка абсалютна дарэмная. Колькі ўвагі і клопату патрабуе да сябе гэтая працавітая божая істота. А яшчэ цярпення і смеласці. Без гэтага ніяк нельга. У знак удзячнасці за гэта пчолкі старанна завіхаюцца ў вуллях, каб прынесці дадатковыя бонусы ў выглядзе такога карыснага і каштоўнага прадукта для чалавека, як мёд. Сапраўды: хто дбае, той і мае.
Калі заходзіш у дом Івана Уладзіміравіча і Галіны Мікалаеўны, што ў вёсцы Каменны Барок, адчуваеш, што ты трапляеш нібы ў маёнтак шукальніка з залатых капальняў: шыкоўная мэбля, з густам аформлены кожны куточак, квяцістыя дываны на падлозе, на сценах прыгожыя карціны, вышываныя гаспадыняй алмазнай мазаікай, на падаконніках - квітнеючыя архідэі, у асобным куточку - ікона Іісуса Хрыста. Усё радуе вока.
Сам дом патанае ў кветках. На прысядзібным двары размясцілася лазня з парылкай, тут дастаткова месца і для 40 курэй і для двух навязаных паляўнічых сабак. Навокал чысціня і парадак. Нездарма на абласным конкурсе на лепшы ветэранскі падворак сядзіба Макарэвічаў была прызнана лепшай у вобласці, а яе гаспадары атрымалі дыплом ІІ ступені.
Характэрна, што пры наяўнасці 155 пчаліных сямей на мёд і 50 на вывад маткі, ніводнага вулля на прысядзібным участку няма.
– Не хочам ствараць дыскамфорт сваім суседзям, - тлумачыць гаспадар. Усе домікі выстаўлены на платформы з пераездамі іх на мядовыя палеткі, засеяныя фацэліяй ці грэчкай, якія маюць у сваіх кветках шмат пажыўных меданосаў. Таму мёд у заўзятых пчаляроў вельмі смачны і карыстаецца попытам. Праўда ў апошні час не ўся здабытая прадукцыя мае рынак збыту, бо ў лясніцтвах раёна і многіх гаспадарках, а таксама прыватнікаў таксама ёсць свае пасекі.
Але да Івана Уладзіміравіча многія звяртаюцца не толькі за мёдам. Ідуць да яго як да вопытнага спецыяліста за дапамогай і парадай.
Пасля школы Іван закончыў курсы пчаляроў у Смілавічах, а затым працаваў па спецыяльнасці ў Любані. З гонарам Іван Уладзіміравіч успамінае, як з ім за руку на пасецы вітаўся сам Пётр Міронавіч Машэраў, які наведваў адну з
гаспадарак раёна.
Калі захварэла маці, Іван вярнуўся на радзіму. Ажаніўся з былой аднакласніцай Галінай - душэўнай, сімпатычнай, прывабнай. І нават сёння, калі яны выгадавалі дваіх дзяцей і набылі статус пенсіянераў, радуешся іх узаемаадносінам. Яны настолькі прывязаны душой адзін да аднаго, што паасобку не хочуць нават ездзіць адпачываць. І не таму, што новыя дружалюбныя знаёмствы могуць спакусіць на здраду. У гэтым у кожнага з іх імунітэт стойкі. На прапанову жонкі з’ездзіць адпачыць аднаму Іван Уладзіміравіч толькі ўсміхнецца, прыхіне да сябе каханую і прадэкламуе словы з песні:
“Толькі ты адна
У маім сэрцы вясна.
Ва ўсім вялікім свеце
Лепшай цябе няма.”
Гэтая сям’я падобная на сваіх падапечных крылатых пчолак і ўяўляе сабой узор працавітасці. Няхай жа іх ніва квітее новымі ўраджаямі і здабыткамі.
Ніна БУРКО.
Фота Паўла САЛАЎЁВА.