Пачынался ўсё з ранняга дзяцінства. Калі грымнула вайна, Танечцы было ўсяго два годзікі. З той жудаснай пары не так многа ўспамінаў захавала дзіцячая памяць – асобныя ўрыўкі: як асеўшыя ў вёсцы немцы выгналі сям’ю з хаты і яна тулілася ў зямлянцы, ды як бегалі ў балота хавацца ад масавага знішчэння. Адзначыўся 1941-ы год і першай стратай дарагога чалавека: не стала бацькі. Маці адной, у голадзе і нястачы, даводілася гадаваць сваіх чацвярых дачушак, сярод якіх Таццяна была самай меньшанькай. З-за таго, што ў маці былі звужаны бронхі і ёй было цяжка нават дыхаць і гаварыць, яна не працавала. Уласны кусок даводзілася здабываць самастойна з ранняга маленства. Галавой сям’і стала старэйшая сястра, якая яшчэ да вайны закончыла 9 класаў, мела па тым часе добрую адукацыю і была прызначана ў калгасе загадчыцай склада. У 1943 годзе, пасля вызвалення роднага Брагіскга раёна, ажанілася, ды муж загінуў на фронце праз год, так і не пабачыўшы народжанае дзіцятка.
На ўласны хлеб пайшла другая сястра, яна адвучылася на медработніка, выйшла замуж і жыла асобна. Неўзабаве стала сямейнай і трэцяя сястра. Яна нарадзіла дзевяць дзяцей. Але бог адмераў ёй толькі 48 гадочкаў. Не стала і яе.
Па слядах сястры захацела пайсці і Таццяна, і пасля 10 класаў паступала ў медвучылішча. Не хапіла балаў. У роспачы вярнулася дамоў. Людзі параілі паступаць на гадзічую вучобу пры МТС на трактарыстку. Ухапілася за гэтую ідэю: пад час вучобы забяспечвалі харчаваннем і адзеннем. А гэта на той момант ой як шмат значыла! Адвучылася, атрымала пасведчанне, аднак мехаізатарам не была ні дня, хапала ў калгасе і іншай работы. Колькі за сваё жыццё выканала яе Таццяна Пятроўна!
Праз які час жыццё пачало наладжвацца. Дзяўчына выйшла замуж за добрага і сумленнага хлопца Івана Ігнаценку са Спярыжжа. Спачатку жылі ў старым доме, затым перавезлі яго на другое месца, там пабудавалі новы звонкі гмах – каб хапала месца і сабе, і дзецям. А было іх у сям’і аж пяцёра.
І тут надарылася чарговае выпрабаванне, пасля якога давялося і жыццё пачынаць з пачатку, і нястомны боль назаўсёды пасяліць у сэрца. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС тады перакрэсліла многія лёсы, колькі беларусаў сагнала з родых мясцін смярцельная радыяцыя, колькі гора пасеяла наўкол. Забрала яна ў маці і яе сына – адважнага пажарнага, які ў першыя мінуты аварыі кінуўся на ліквідацыю яе наступстваў і прыняў смерць, падарыўшы жыццё нам з вамі. Пра подзвіг героя-выратавальіка Васіля Ігнаценкі і яго калег напісана нямала - пра вынесеныя імі пакуты і мужнасць, пра тое, як змагаліся за іх жыцці ўрачы і аказаліся бяссільнымі: пры дозе апраменьвання ў 400 рэнтген, якая лічыцца смярцельнай, у Васіля яна складала 1600! І сёння Таццяна Пятроўна з храналагічнай паслядоўнасцю можа да драбніц аднавіць тыя страшныя жалобныя дні. Першым з жыцця пайшоў Цішура, за ім - Правічак, Кібянок. Наступным быў Васіль. 13 мая 1986 года.
Васіль быў другім сынам, якога страціла гаротная маці. Яшчэ задоўга да Чарнобыля пайшоў на той свет яшчэ адзін. На той час яму ішоў трэці месяц трэцяга годзіка.
Аварыя на ЧАЭС прынесла сям’і не толькі страту сына. Страчаны быў і прывычны лад жыцця, месца жыхарства, родны дом. Таццяна Пятроўна бачыла як ён, ужо апусцеўшы, свечкай узвіўся ад полымя і згарэў на яе вачах. На працягу ўсяго лета ў год аварыі працавала яна яшчэ на забруджаных калгасных палетках, дзе гаспадарка, нягледзячы ні на што, убірала ўраджай. Затым былі пераезды на новае месца жыхарства: Брагін, Буда-Кашалёўскі раён і, нарэшце, у 1992 годзе, Бярэзіншчына. І ўвесь час у новым і часовым жыллі, на клунках, у невядомасці…
Наш край з першага візіту прыйшоўся Ігнаценкам да спадобы: ціхі, зялёны, размешчаны на рэчцы. Ды і людзі – адкрытыя, шчырыя. Яшчэ да перасялення пасадзейнічалі ў тым, каб бацькам і сыну кватэры далі ў адным доме на Кастрычніцкай вуліцы. З цягам часу аднапакаёвую кватэру далі і дачцэ і новабудоўля каля штучнага возера. Здавалася б, усё кепскае засталося ў мінулым. Але Чарнобыль паспеў накласці свой пякучы адбітак. Івана Тарасавіча, які на той час з’яўляўся інвалідам другой групы, не стала ў 1995-м. Не лепшым чынам склаўся і лёс дачкі Людмілы. Усё жыццё працавала яна фельчарам на “хуткай дапамозе”, колькі жыццяў выратавала. Давала для перасадкі свой косны мозг і брату Васілю, але, як аказалася, безвынікова. З 1986 года таксама стала інвалідам другой групы. Сёлета ў чэрвені споўніцца 9 гадоў, як не стала яе. А было ж толькі 56. Яшчэ за два месяцы да смерці Людмілы не стала яшчэ аднаго члена сям’і – пахавалі мужа малодшай дачкі Наталлі…
Цяжар чарнобыльскага крыжа становіцца ўсё больш і больш адчувальным. Адбіваецца ён на Таццяне Пятроўне, як і ўсе пражытыя гады, на самаадчуванні і здароўі. На століку жанчыны заўсёды напагатове стаіць інгалятар, без якога ўжо не праходзіць ні дня. Парушаным аказаўся зрок, ацякаюць ногі, клеяцца і іншыя балячкі, якія робяць кабету маларухомай і не здатнай самастойна выбрацца на вуліцу з трэцяга паверха. Цёплымі ўспамінамі пра светлыя гады застаюцца развешаныя ў прыхожай карціны-вышыванкі, зробленыя калісьці ўласнымі рукамі майстрыхі – яркія і прыгожыя, светлыя і чыстыя. А яшчэ – фотаальбомы з постацямі і партрэтамі блізкіх і дарагіх людзей, з якімі і да гэтага часу не рвецца душэўная і духоўная повязь.
21 красавіка Таццяна Ігнаценка адзначае сваё 85-годдзе. Добрага здароўя Вам, Таццяна Пятроўна. Няхай наступныя гады прыносяць толькі маральнае задавальненне і паменш трывог і хвароб. І да наступнай юбілейнай даты! Я запомніў Ваша абяцанне сустрэцца на 90-годдзі. Стрымайце слова. Не падвядзіце, калі ласка.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.