Спрыяльныя дні для правядзення прафілактыкі ў жыллі

Date 28.04.2024 Man
Comment 524
Спрыяльныя дні для правядзення прафілактыкі ў жыллі
Выхадныя дні – найбольш спрыяльная пара, калі большасць домаўладальнікаў знаходзяцца дома і работнікі службы ратавання маюць больш важкі шанец пагаварыць з гаспадарамі пра выкананне правілаў бяспекі ў жыллі. Вясенні час –  добрая пара і для навядзення парадку на зямлі, аднак не ўсе робяць гэта па правілах, як вынік – рост колькасці выпадкаў узгаранняў сухой расліннасці…

Як бачым, важна не толькі ведаць правілы карыстання печчу і электрапрыборамі. Трэба валодаць і ведамі пра бяспеку пры спальванні смецця і не дапускаць выпальвання сухастою. Пажылыя людзі, інваліды, а таксама тыя, што злоўжываюць спіртным – як заўжды, у зоне асаблівай увагі ратавальнікаў. Іх наведванне ідзе па спецыяльным графіке, які маецца ў бярэзінскім райаддзеле па надзвычайных сітуацыях. Так, у выхадныя дні «візіты бяспекі» прайшлі ў домаўладаннях грамадзян у Беразіно, аграгарадку Паплавы, весках Трасцянка і Паложына. Печкі з расколінамі вакол дзверкі, гарызантальныя коміны, адсутнасць батарэйкі ў пажарным апавяшчальніку – так бы мовіць, «класіка жанру». Гэтыя парушэнні сустракаюцца ў жыллі часцей за ўсе. Рэкамендуем людзям прывесці ў парадак печкі да новага ацяпляльнага перыяду і тэрмінова замяніць элемент харчавання ў апавяшчальніку.

«Я ж не ўжываю спіртное і не куру ў доме, дык адкуль ўзяцца пажару? – пытаецца пенсіянер Віктар Пятровіч з вескі Трасцянка. – Вы б лепей да суседа схадзілі – вось там можа быць бяда». Тлумачым, што перанакал печы ці электрапрыбор таксама могуць прывесці да пажару… Сусед жа, да якога раіць нам зайсці мужчына, не лічыць патрэбным усталёўваць пажарны апавяшчальнік: як ён зазначае, калі дагэтуль пажару ў яго хаце не здарылася, значыць, так будзе і далей. Тым не менш, нярэдка тут у гасцях бываюць людзі, якія ўжываюць спіртное і могуць пакурыць у доме…

Начальнік Бярэзінскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Мазанік каменціруе:

«З пачатку года ў Бярэзінскім раёне здарыліся 5 пажараў, гэта амаль удвая менш, чым у мінулым годзе за той жа самы перыяд часу. Загінуўшых і пацярпелых на пажарах няма. Лічу, што планамерныя праверкі жылога сектара адыгралі тут важкую ролю. Разам з тым, у раёне актыўна праводзіцца і іншая работа па прафілактыцы: людзям расказваць пра бяспеку у працоўных калектывах і падчас сельскіх сходаў, у школах і дзіцячых садках. Ідзе інфармаванне з дапамогай раённай газеты, прыцягваюцца да супрацоўніцтва службы ўзаемадзеяння. Комплексна ўплываць на свядомасць людзей, фарміраваць у іх мысленні пачуццё адказнасці за ўласную бяспеку і бяспеку родных людзей – наша галоўная мэта».

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER