– Чаму многія выпускнікі медвучылішчаў імкнуцца трапіць на працу ў горад? – дзеліцца сваімі думкамі загадчыца Сялібскага ФАПа Святлана Мязян. – Па той прычыне, што там намнога прасцей адбыць змену на прыёме ўрача, быць яго памочніцай і, лічы, ні за што не адказваць, бо гэта місія доктара. У нас жа, па-першае, вялікі аб’ём работы з насельнікамі свайго мікрараёна, які не абмяжоўваецца традыцыйнымі васьмю гадзінамі працы і абавязковымі выхаднымі днямі. Па-другое, на нас ускладзена персанальная адказнасць за кожнае прынятае рашэнне, пастаўлены дыягназ, за ход лячэння чалавека і своечасовасць выяўлення ў яго захворвання. Па-трэцяе, гэта сам участак абслугоўвання. Да самай далёкай вёскі ад ФАПа ў нас восем кіламетраў, а транспарту, акрамя ўласнага веласіпеда, няма. Але дабіраюся, не пакідаю людзей сам-насам з бядой.
Між тым, Святлана Мікалаеўна далёка ўжо не маладая, каб «рассякаць на веліку». Але пры неабходнасці яна адпраўляецца ў шлях менавіта такім чынам і не бачыць у гэтым ніякай праблемы або заганы для сябе і свайго аўтарытэту. Яго сярод вяскоўцаў у жанчыны за час работы назбіралася аж на некалькі лёсаў. Яно і зразумела: Святлана Мязян загадвае Сялібскім ФАПам з 1982 года, з таго часу, як пераехала на Бярэзіншчыну. А агульны стаж яе работы ў сістэме аховы здароўя налічвае аж 52 гады!
Святлана Мязян – старэйшы загадчык ФАПа не толькі Бярэзіншчыны і сапраўдны залаты фонд медыцыны раёна. Пры гэтым жанчына ніколькі не страціла сваёй рухавасці і жыццярадаснасці. А вось прыцягальнасць, чалавечнасць і адкрытасць у зносінах з людзьмі з гадамі ў яе толькі прымножыліся. Таму для многіх людзей візіт на ФАП прадугледжвае не столькі вырашыць чарговую праблему з самаадчуваннем, а больш пагутарыць з Мікалаеўнай, падзяліцца сваімі праблемамі і атрымаць яе падтрымку і паразуменне. Згадзіцеся, чым не тэрапія?
Асобна, відаць, неабходна сказаць і пра сам ФАП. Тое, у якім стане ён знаходзіцца зараз, ёсць вялікая заслуга і яго загадчыцы, бо калі Святлана Мікалаеўна толькі заступала сюды, выгляд ён меў намнога больш сціплы. А сёння будынак набыў не толькі прывабны знешні выгляд. Утульныя тут і кабінеты. Яны аснашчаны ўсім неабходным абсталяваннем і інструментарыем. Гонар гаспадыні – устаноўлены летась кардыёграф, які дазваляе не толькі зрабіць кардыяграму, але і ўказвае мяркуемы дыягназ.
На ФАП рэгулярна – у другую і чацвёртую сераду – прыязджае праводзіць прыём урач агульнай практыкі райбальніцы Дар’я Морская.
Па яе назначэнні маючых патрэбу жыхароў накіроўваюць на УГД, якое перасоўным апаратам робяць у Брадзецкай участковай бальніцы. У ФАПе выдаюць і лякарствы – у аптэцы ёсць увесь патрэбны набор. 2 і 3 мая ў Сялібе працаваў і перасоўны флюарограф. Да яго прыезду загадчыца праводзіла з людзьмі папярэднюю арганізацыйную і тлумачальную работу. Працягваецца таксама работа па дыспансерызацыі насельніцтва (за першы квартал яе прайшлі 40 працэнтаў жыхароў мікрараёна, за мінулы год у цэлым – 90%). Як адзначае Святлана Мікалаеўна, на дыспансерызацыю да яе прыходзяць актыўна, бо людзі пажылога ўзросту (а менавіта яны складаюць пераважную большасць жыхароў мікрараёна) крыху іначай ставяцца да свайго здароўя і яго захоўвання, чым моладзь. Ды і кавідная кампанія праблему своечасовага абследавання таксама абвастрыла.
Пад асаблівай увагай Святланы Мязян не только састарэлыя, але і адзінока пражываючыя грамадзяне, якім патрабуецца дадатковая ўвага, а яшчэ – цяжарныя жанчыны.
– На пачатку сваёй работы ў Сялібе было ў мяне такіх да дваццаці чалавек у год, – расказвае фельчар. – А сёння пад маім наглядам толькі адна кабета. Ды і тая прыехала да нас ужо цяжарнай. Старэе вёска, раджаць няма каму. А моладзь затрымліваецца ненадоўга.
І шкада: у нас жа такая прырода, такія краявіды! Ды і людзі непаўторныя.
Відаць, што за гады працы ў Сялібе жанчына поўнасцю прыжылася на гэтым месцы. Палюбіла гэты куточак Бярэзіншчыны і людзей, з якімі жыве, якім дапамагае, якіх ратуе і дорыць ім жыццё. Менавіта ў зносінах з імі, іх клопатамі, праблемамі жыве яна і не ўяўляе сабе, як можна пазбавіцца ўсяго гэтага і выйсці на пенсію. У маладых душ не бывае старасці.
Ужо выходзячы з кабінета Святланы Мікалаеўны, звярнуў увагу на размешчаныя на відным месцы два дыпломы. Першы з іх – ад Бярэзінскага райвыканкама за дасягненне высокіх паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Бярэзінскага раёна ў 2019 годзе, а другі належыць Міністрэрству аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і рэспубліканскаму камітэту прафсаюза работнікаў аховы здароўя, якія прызналі Сялібскі ФАП лепшым у рэспубліканскім аглядзе якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва сярод фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Дадаваць што-небудзь да гэтага, думаю, будзе лішнім.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.