Хоць я дзеда свайго і не бачыў

Date 08.05.2024 Man
Comment 137
Хоць я дзеда свайго і не бачыў

Сёлета каляндар склаўся такім чынам, што паміж двума святамі – Днём Вялікай Перамогі і праваслаўнай Радаўніцай –разбежка склала менш тыдня. Асабіста для мяне гэта вельмі знамянальна, і раскажу чаму.

У Беразіно на гарадскіх могілках пахаваны мой дзед – Іван Канстанцінавіч Валькевіч і маім святым абавязкам з’яў-ляецца навядзенне парадку на яго магіле, як і на магілах сваіх бацькоў і іншых сваякоў, што пакояцца тут. Свайго дзеда я не ведаў і не бачыў, бо памёр ён яшчэ да таго часу, калі мне пашчасціла ўбачыць гэты свет. Але гэты чалавек займае асаблівае месца ў маім жыцці і нязменна карыстаецца вялікай удзячнасцю за свой подзвіг, за ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, за прынесенае вызваленне і мір, за тое, што я за свае 63 гады ні разу не чуў на нашай зямлі ні разрываў снарадаў, не бываў пад пятой акупантаў і ворагаў.

Зразумела, што да мяне дайшлі толькі асобныя драбніцы з жыцця дзядулі. А пра яго гераічны шлях я даведаўся дзякуючы папулярнаму сайту «Памяць народа». У ім адзначана, што ўраджэнец вёскі Слабада Бярэзінскага раёна Іван Канстанцінавіч Валькевіч, 1902 года нараджэння з’яў-ляўся радавым чырвонаармейцам 1268 стралковага палка 385 стралковай ды-візіі. Нягледзячы на тое, што ў непасрэдных баявых дзеяннях прымаў удзел з 9 ліпеня 1944 года (быў прызваны ў Чырвоную Армію пасля вызвалення Бярэзіншчыны), і за апошні год вайны паспеў праявіць сябе мужным воінам і сапраўдным патрыётам. Калі ён пасля Вялікай Перамогі вяртаўся дамоў, яго грудзі ўпрыгожвалі дзве самыя галоўныя, самыя салдацкія ўзнагароды – ордэн Славы III ступені (за здзейсненыя 23-28 студзеня 1945 года подзвігі) і медаль «За адвагу».

Як указана ў прадстаўленні да ўзнагароджвання медалём «За адвагу», «…радавы Валькевіч Іван Кан-станцінавіч у баі 13 верасня 1944 года на подступах да крэпасці і г. Ломжа праявіў выключныя мужнасць і адвагу. Адным з першых уварваўся ў траншэю, дзе забіў 5 нямецкіх салдат. Акрамя таго закідаў грана-тамі нямецкага кулямётчыка, чым садзейнічаў у хутчэйшым авалоданні вёскай Купіскі-Старэ».

На жаль, лёс распарадзіўся так, што не давялося мне пагутарыць з дзядулем, паслухаць з першых вуснаў яго ўспаміны пра вайну, атрымаць ад яго ўрокі мужнасці і патрытязму. Мне вядома толькі з расказаў бацькоў, што дзядуля Іван пасля вяртання з фронту працаваў на Бярэзінскім спіртзаводзе і быў у калектыве паважаным чалавекам.

Сваю традыцыю прыбіраць гэтую сціплую магілку я перадаў сваім дзецям. І гэтая справа і для іх стала свайго роду рытуалам, у якім бязмерна пераплялілся і памяць, і боль, і падзяка, і вера ў заўтрашні светлы дзень. Мы памятаем тых, хто прынёс нам вызваленне і мір, ганарымся подзвігам старэйшых пакаленняў і ніколі не здрадзім сваёй памяці. І няхай у Дзень Перамогі на кожнай магілцы герояў вайны заўсёды будзе чыста і прыбрана і ніколі не зарастае да іх наша сцяжынка.

Сяргей ВАЛЬКЕВІЧ,

жыхар г. Беразіно.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER