Але, напэўна, нямногія ведаюць яе з іншага боку – якая гэта працавітая, увішная гаспадынька. Як яна любіць сваю вясковую сядзібу, як клапатліва захоўвае і працягвае сямейныя традыцыі, які дагледжаны ў яе падворак!
Тут усё да ладу: зграбныя гаспадарчыя пабудовы, цяпліца, альтанкі, дбайна апрацаваны кожны лапiк агарода.
Вясковы дом – прыгожы і ўтульны, а пад дахам, на гарышчы – сапраўдны другі паверх, дзе пануе вечны сялянскi дух – тут гаспадыня арганізавала ўласны сямейны «музей» рэліквій сваіх продкаў!.. Каля дома шмат кветак і наогул іх можна сустрэць паўсюдна: і пад дахам банькі, і пад дахам гаража, і каля агароджы ля сцяжынкі, што вядзе да сажалкі... Тут можна налавіць рыбы ці проста палюбавацца на вадзяныя лілеі, паласавацца буякамі. Прыгажосць такая навакол – вачэй не адвесцi...
– Я стараюся высаджваць кветкі так, каб яны змянялі адны другіх – адны адцвітаюць, другія зацвітаюць. Першымі распускаюцца крокусы, гіяцынты, потым – цюльпаны, нарцысы, півоні, клемацісы, ільвіны зеў і г.д. І я, і мой муж Мікалай Іванавіч, родам з суседніх вёсак, – гаворыць Валянціна Іванаўна. – І мая матуля, і матуля маёй маці, нашы продкі, працавалі на зямельцы, ведалі, як ёй дагадзіць, каб яна радавала добрымі ўраджаямі... Ніколі мы з мужам не марылі жыць у вялікіх гарадах. Жыццё ў вёсцы (а цяпер – аграгарадку) Любушаны, бліжэй да прыроды, цішыня і свежае паветра – гэта наша, гэта для нас найвялікшая каштоўнасць.
Мы ствараем прыгожае сваiмi рукамi. Наогул, здаецца, iмкненне да прыгожага – нацыянальная адметнасць беларусаў. І трэба берагчы і перадаваць такі дар з пакалення ў пакаленне, бо ўсё, што мы зробiм, яшчэ больш узбагацiць родную Беларусь, яна гожа i прывабна паўстане i перад намi, i перад нашымi гасцямi.
Валянціна Іванаўна з мужам Мікалаем Іванавічам выхавалі двух сыноў, маюць двух унукаў і дзве ўнучкі. Трымаюць курэй i пчалiныя вуллі. На агародзе
і ў цяплiцы добра родзiць усё, што трэба на сялянскiм стале: баклажаны, буракі, бульба, агуркі, памідоры, клубніцы, парэчкі чырвоныя і чорныя, агрэст і г.д. А яшчэ ж грушы, яблынькі!..
Сапраўдны кветкавы рай пад вокнамі дома радуе не толькі гаспадароў, а і завітаўшых на падворак гасцей.
І столькi ў гэтай жанчыны запалу, энергii, любовi i пачуцця гонару за сваё тварэнне, што адразу разумееш: без прыгожага яна не можа жыць. Валянціна Іванаўна на заслужаным адпачынку, цяпер хапае часу трымаць свой падворак узорна.
Згадаліся гэтыя вершаваныя радкі – таксама пра яе:
Хозяйка маленького рая
С утра пораньше шла к цветам
И, каждый кустик поливая,
Порядок наводила там.
Где подрыхлит, где подокучит,
Где старый лепесток сорвет...
И наслаждение получит
И ощутит души полет!
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.