Хоць і вырасла “на асфальце”

Date 31.10.2024 Man
Comment 770
Хоць і вырасла “на асфальце”

Знаёмцеся: Дар’я Ермаловіч. Нягледзячы на даволі распаўсюджанае на Бярэзіншчыне прозвішча, сама яна не тутэйшая. Нарадзілася і жыла ў Магілёве. А сёння дзяўчына, як малады спецыяліст, выпускніца Беларускай сельскагаспадарай акадэміі, з’яўляецца намеснікам галоўнага бухгалтара ААТ “Брадзец”.

– На Бярэзіншчыну я трапіла пасля размеркавання, – расказвае Дар’я. – Гэты адрас выбірала зыходзячы з таго, што адсюль да Магілёва, да роднага дома, зусім недалёка. Ды і ў час папярэдняга завочнага азнаямлення з гаспадаркай я даведался, што сельгаспрадпрыемства гэтае знаходзіцца на добрым рахунку, эканамічна моцнае і тут добра адносяцца да сваіх працаўнікоў, шануюць іх. Як паказала жыццё, усё сапраўды так. Такім чынам, пакуль што не расчарованая ў зробленым выбары і сваім першым рабочым месцам задаволена.

Сельская гаспадарка для Дар’і – нязведаная планета. Яна вырасла, можна сказаць, “на асфальце”, у буйным горадзе, і пра справы аграрыяў да гэтага часу ведала толькі па расказах. Якім жа чынам аказалася гараджанка ў такой нязвыклай для сябе ролі? Як расказвае дзяўчына, яшчэ ў школе ёй вельмі падабаліся матэматыка і работа з лічбамі. Найбольш спрыяльнай для сябе лічыла прафесію бухгалтара. Канечне, магла паступіць і ў магілёўскую ВНУ, але ж вельмі хацелася самастойнасці і адчуць споўна рамантыку студэнцкага жыцця. Таму і выбрала Горкі. Ды і адлегласць ад дома (гадзіна шляху ў маршрутцы) была дадатковым плюсам. Вось толькі аб тым, што акадэмія рыхтуе спецыялістаў выключна для сельскай гаспадаркі, Дар’я даведался крыху пазней. Але адступаць не стала: не ў яе характары.

Вось і зараз яна не адступае, не пасуе перад цяжкасцямі і набывае практычны вопыт работы. Дапамагаюць ёй у асваенні ведаў старэйшыя калегі – галоўны бухгалтар Юлія Корык (яна свой шлях у гаспадарцы таксама пачынала з ролі маладога спецыяліста і таму добра ведае, наколькі няпроста рабіць першыя самастойныя крокі) і спецыяліст аддзела кадраў Валянціна Смольская. Ды і ў цэлым, як адзначае Дар’я, не толькі гэтыя жанчыны з’яўляюцца добрымі калегамі і паплечнікамі, але і ў цэлым увесь калектыў тут аказаўся шчырым, дружным і згуртаваным. У меру сваіх абавязкаў маладому спецыялісту выпала весці жывёлагадоўчую галіну. Асабліва няпроста бывае час пераважвання. А яно праходзіць штомесяц. Тут і аб’ём работы значна большы, і адказнасць за кожную лічбу вялікая. Паступова і гэтай няпростай навукай малады спецыяліст авалодвае.

У ААТ “Брадзец” малады спецыяліст працуе з чэрвеня. Але яшчэ да гэтага праходзіла сёлета і вытворчую практыку. Так што куток гэты стаў для яе “абжытым”. Да таго ж, засялілася яна ў той самы пакой інтэрната, дзе жыла і ў час практыкі.

Асобна скажам некалькі слоў пра інтэрнат. Ён уяўляе сабой трохпакаёвы дом, дзе прадугледжаны ўсе ўмовы. Агульная кухня аснашчана неабходным абсталяваннем, ёсць халадзільнік, газавая пліта. Усё неабходнае для пражывання ёсць і ў самім пакоі. Давяршае карцінку санвузел, дзе, акрамя іншага, ёсць душавая кабінка, пральная машына. Гарачае вобазабеспячэнне падаецца ад бойлера. Пра ацяпленне жыльцам інтэрната клапаціцца не трэба: гэтую місію выконвае адзін з рабочых гаспадаркі. Праведзены тут нядаўна рамонт давяршае абстаноўку ўтульнасці і абжытасці. Шкада толькі, гаворыць Дар’я, што на ўвесь інтэрнат яна адзіная гаспадыня. Было б весялей, калі б побач у суседніх пакоях жылі аднагодкі з ліку такіх жа маладых спецыялістаў. Але іх рады сёлета папоўніла толькі адна Дар’я.

– Так, моладзі, на жаль, у вёсцы нямнога, – адзначае дзяўчына. – Тым не менш, сумаваць не даводзіцца. У пагодлівае надвор’е люблю вандраваць па вуліцах і наваколлі Брадца. Месцы тут, сапраўды, казачныя. І зараз, увосень, такое навокал хараство! Аднымз любімых месцаў стала рэчка, тут вельмі добра адпачываецца. Калі-нікалі наведваю мясцовы турыстычны цэнтр – займаюся на трэнажорах, катаю більярдныя шары. Адна праблема – транспартныя зносіны. Аўтобус у Беразіно ідзе ў 16 гадзін, калі я яшчэ на рабоце. Ды і дадому дабрацца не вельмі проста, таксама цераз Беразіно, а потым магілёўскай маршруткай… Але ж, пагадзіцеся, не можа быць усё гладка, без перашкод або цяжкасцей ніколі не абыходзіцца. Галоўнае ж тое, што я трапіла ў выдатны калектыў, дзе мяне цёпла прынялі і стварылі ўсе неабходныя ўмовы. Зараз – працаваць і даказваць сваю прафесійную годнасць, самазацвярджацца і набірацца вопыту. А ён будзе са мной заўсёды, дзе б не давялося мне з цягам часу быць і працаваць. Веру, што за час сваёй адпрацоўкі (а можа гэты тэрмін не завершыцца двума гадамі) я абавязкова з дапамогай сваіх новых сяброў-калег змагу стаць сапраўдным спецыялістам і прыносіць карысць нашай гаспадацы.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER