Сённяшняя нагода завітаць у Гарэнічы – яе 525-гадовы юбілей з часу першага ўпамінання.
Першыя звесткі
Тады, у 1499 годзе, вёска была вядома як сяло Гарэнічы (яно ж Гарані) шляхецкай уласнасці.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, у 1795 годзе, гэта сяло ў складзе Ігуменскага павета Мінскай губерні. У 1800 годзе тут налічваўся 31 двор і 153 жыхары, меўся млын. Усё – уласнасць памешчыка Л. Тышкевіча. Пазней Гарэнічы сталі ўладаннем памешчыцы Маршалавай, а ў 1858 годзе – уласнасць М. Патоцкага ў складзе маёнтка Беразіно. З 1884 года ў сяле адкрыта школа граматы. Вядома, што тут навучаліся 24 хлопчыкі, у 1912 годзе было адкрыта народнае вучылішча. Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы налічвалася 96 двароў і 373 жыхары. Былі тут на той час хлебазапасны магазін, заезны дом, вадзяны млын. На могілках – капліца, а побач сядзіба ў два двары і 17 жыхароў.
У наступным стагоддзі колькасць вяскоўцаў у Гарэнічах павялічылася ўдвая: 1908 год – 111 двароў і 743 жыхары, 1917 год – 147 двароў і 865 жыхароў. Пэўны час – з кастрычніка 1919 года па жнівень 1920 года – яна ўваходзіла ў склад Магілёўскага павета Гомельскай губерні, а потым зноў – у Ігуменскім Мінскай губерні. У гэты ж час на базе земскай школы была адкрыта 4-гадовая школа, у якой вучыліся дзеці з вёсак Гарэнічы, Косаўка, Губішча, Скрыні. Размяшчалася школа ў будынку, які яшчэ ў 1914 годзе быў пабудаваны за сродкі вяскоўцаў.
Паслярэвалюцыйны час прынёс свае змяненні. Гарэнічы ўвайшлі ў склад Капланецкага сельскага Савета. 7 чэрвеня 1925 года вялікая бяда напаткала многіх вяскоўцаў: здарыўся пажар, у выніку якога згарэлі 38 двароў (139 хат і пабудоў).
Што датычыцца стварэння калгаса, тут звесткі з розных крыніц разыходзяцца. Па адных, у 1931 годзе ў Гарэнічах быў арганізаваны калгас “Танкіст”, па іншых – у 1932 годзе калгас “Чырвонаармеец”. Аднак у абодвух выпадках першым старшынёй значыцца Якаў Пракопавіч Аўтуховіч.
Як успамінаў сын першага старшыні – Мікалай Якаўлевіч Аўтуховіч, – Гарэнічы на той час былі вялікай вёскай, куды з’ехаліся людзі з навакольных хутароў. Тут дзейнічалі млын, кузня, латок для пропуску лесу, ёўні для апрацоўкі льну, а цераз Кляву было два масты.
Вайна
Усё гэта знішчыла вайна.
Фашысты ў Гарэнічах наладзілі свой гарнізон. А побач з нямецкім штабам, прама пад носам у ворага, мясцовы настаўнік Р. Л. Буры арганізаваў падпольную групу. Летам 1943 года Рыгор Лаўрэнавіч быў арыштаваны і пасля здзекаў расстраляны ў трасцянецкім лесе.
Не даваў спакою фашыстам на сваёй зямлі Фёдар Іванавіч Казаноўскі. Ён быў у ліку арганізатараў 345-га партызанскага атрада, пасля стаў начальнікам штаба атрада. Вызваленне сустрэў будучы начальнікам разведаддзела вайсковай разведкі Магілёўскага злучэння.
Адным з першых пайшоў у партызаны і Васіль Мікітавіч Буры.
Практычна ўсёй сям’ёй ўліліся ў 345-ы партызанскі атрад Сцяпан Еўдакімавіч Буры, яго браты Якаў, Іван і Васіль, сястра Наталля. Да перамогі не дажылі Сцяпан, які загінуў ва Усходняй Прусіі, і Іван – не вярнуўся з партызанскага задання. Наталля Еўдакімаўна была ў вёсцы апошнім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.
Усяго ў барацьбе з фашыстамі загінулі больш за 50 ураджэнцаў і жыхароў Гарэніч.
Аднаўленне
Напружанай працай залечвалі вяскоўцы пасляваенныя раны. Аднавіўся калгас, які паступова аб’ядноўваўся з іншымі суседнімі гаспадаркамі. На іх базе ў красавіку 1957 года ўтвораны саўгас “Бярэзінскі” Мінскага абласнога трэста “Заготскоткорма”. Саўгас узначаліў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, актывіст камсамольскага падполля Васіль Рыгоравіч Якавенка. І літаральна праз некалькі гадоў за высокія вытворчыя паказчыкі сем работнікаў саўгаса былі адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі, у тым ліку дырэктар саўгаса – ордэнам Леніна.
Годам раней, у 1956 годзе, у вёсцы была пабудавана ГЭС магутнасцю ў 150 кВТ, якая забяспечвала электрычнасцю Гарэнічы і Беразіно. Станцыя працавала, пакуль у раён не падвялі цэнтралізаваную лінію электраперадач.
Тэхнік Гарэніцкай малой гідраэлектрастанцыі Міхаіл Рахманька
Асаблівымі для вёскі Гарэнічы можна назваць 1960 гады. Менавіта ў гэта дзесяцігоддзе тут ужо працаваў ФАП, адкрыліся паштовае аддзяленне, бібліятэка (да яе адкрыцця была хата-чытальня пры праўленні калгаса). Гэтыя ўстановы размясцілі ў цаглянай прыбудове да клуба, пад які прывезлі і пераабсталявалі драўляны будынак старой школы з суседняга Аўгустова. Практычна адначасова будаваліся сярэдняя школа і дзіцячы садок. Новая двухпавярховая цагляная школа расчыніла дзверы ў 1968 годзе, дырэктарам школы быў Міхаіл Рыгоравіч Палянскі – ветэран Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй”, “За ўзяцце Кенігсберга”.
Да адкрыцця новай школы, як успамінае настаўніца Галіна Вячаславаўна Цвілік, займаліся ў двух драўляных будынках, а таксама ў памяшканнях клуба і бібліятэкі, па тры чалавекі за партай сядзелі. Ды ўжо і ў новай школе ўсё наступнае дзесяцігоддзе ў класах было не менш як па дзве паралелі, нават у дзве змены вучыліся.
У сярэдзіне 60-х гадоў для сувязі з райцэнтрам у вёску пачало ездзіць грузатаксі, якое ўяўляла сабой крытую бартавую машыну з лаўкамі. А да гэтага, каб трапіць у Беразіно, даводзілася перапраўляцца на лодцы цераз Кляву, білет такой пераправы каштаваў 5 капеек.
Нельга не ўзгадаць і пра ўраган у 1962 годзе. Нямала бед ён нарабіў у вёсцы, без даху пасля моцнага ветру застаўся і толькі што ўзведзены будынак клуба. Аднак яго вельмі хутка аднавілі.
Клуб увогуле, нават побач з двухпавярховай школай, вылучаўся сваёй архітэктурай, няхай і не мудрагелістай. І ўстанова культуры, і вёска шмат гадоў ганарыліся этнаграфічным ансамблем “Лучына” з народнай выканальніцкай манерай і самабытным мясцовым репертуарам, які ў поўным сэнсе слова грымеў на ўвесь Савецкі Саюз. Арганізавала яго ў свой час загадчыца бібліятэкі Дзіна Іванаўна Несцяровіч. Са зменай пакаленняў самабытную “Лучыну” праслаўляла сям’я Сакалоўскіх.
Удзельнікі калектыву наладжвалі шмат канцэртаў і абрадаў, здымаліся ў фільме. Іх запрашалі на фестываль мастацтваў народаў СССР у Маскве, выступалі з канцэртам у Акадэміі навук Савецкага Саюза, былі пераможцамі шматлікіх конкурсаў і фестываляў. А фірма “Мелодыя” запісала ансамбль на залаты дыск для архіўнага фонду.
Сёння
Літаральна летась у Гарэнічах завяршылі рамонт моста цераз Кляву. У 2009 годзе была адноўлена гідраэлектрастанцыя, ток з ГЭС падаецца ў агульную сетку.
Заўсёды шмат жадаючых адпачыць на мясцовым вадаёме – між іншым, адным з буйных у раёне. Яго плошча складае больш за 1 квадратны кіламетр, а максімальная глыбіня месцамі дасягае каля 6 метраў.
Па-ранейшаму кожную раніцу спяшаюцца ў школу дзеці. Цяпер вучняў куды менш, як і вясковых жыхароў у цэлым. Аднак дзеці і ўнукі, стаўшы гарадскімі, не пакідаюць родныя хаты безнагляднымі. Набываюць дачы людзі староннія, якім даспадобы прыйшлася прыродная прыгажосць. Ёсць тут і аграсядзіба, якая запрашае на адпачынак людзей з розных месцаў.
Таму хочацца верыць, што і ў 525 гадоў у Гарэніч усё яшчэ наперадзе.
Ала АЛЬФЕР.
Фота Анатоля ПАЛЫНСКАГА.