На календары Галіны Уладзіміраўны 78-ы год. Няцяжка падлічыць, што нарадзілася яна ў цяжкія 40-ыя, дакладней, менш як праз пяць гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. І хаця не бачыла яна яе жахаў, добра адчула на сабе наступствы той страшэннай бяды, якая спасцігла савецкі народ. Доўга тады краіна залечвала раны, адбудоўвалася, а простыя людзі цярпелі шмат нястач.
Тым не менш, Галіна Ермалаева памяць пра вайну нясе праз усё жыццё. Заўсёды побач з ёй не проста сведка тых падзей, а ахвяра фашысцкага рэжыму, былы вязень лагераў маці Сафія Апанасаўна. Менш чым праз тры гады яна адзначыць свой векавы юбілей, а сёння ўяўляе сабой прадстаўніцу той значна парадзелай кагорты людзей, хто не па словах і не з кніжак ведае, што сабой уяўляюць вайна і нямецкае рабства.
Відаць таму тэма Вялікай Айчыннай вайны, якая асвятляецца ў нашай газеце, з’яўляецца адной з прыярытэтных у нашай падпісчыцы, носіць сямейны характар. Ды і наогул матэрыялы аб гісторыі роднага краю і яго станаўленні тут заўсёды ў пашане. Ды і як можа быць інакш, калі многія з узгадваемых падзей адбываліся непасрэдна на вачах або з удзелам самой жанчыны.
Узяць хаця б факт адкрыцця ў горадзе новага сыраробнага завода. Па ўспамінах жанчыны, адбылося гэта ў 1980-м годзе. Адкуль такая дакладнасць? Дык тут няма нічога дзіўнага, бо з першых дзён запуска прадпрыемства і затым больш як чвэрць стагоддзя адпрацавала яна тут загадчыцай склада. І сёння, калі чытае матэрыялы пра сыраробаў, радуецца за іх поспехі і дасягненні, з вялікай радасцю адшуквае прозвішчы ветэранаў вытворчасці, з якімі даводзілася калісьці працаваць разам. Ды і не толькі прадстаўнікі названага завода трапляюць у фокус увагі падпісчыцы. Ведае яна многіх іншых бярэзінцаў і па сваёй рабоце ў сістэме спажыўкааперацыі, з якой пачынала сваю працоўную біяграфію, ды і за вялікае жыццё даводзілася перасякацца з многімі і многімі людзьмі, з якімі ў меру свайго таварыскага характару імкнецца падтрымліваць таварыскія адносіны. Таму калі на старонках раёнкі знаходзіць знаёмы твар або расказ пра чалавека, якога добра ведае, заўсёды радуецца такой падзеі і адкрывае для сябе новыя акцэнты ў біяграфіі старога знаёмага.
– “Бярэзінская панарама” для мяне заўсёды жаданы госць, - дзеліцца ўражаннямі жанчына. – Кожную сераду і суботу з нецярпеннем чакаю чарговага яе нумара і прачытваю на адным дыханні. Памятаю не толькі той час, калі называлася яна “Сцяг Леніна”. Быў жа час, у 60-ыя гады, калі Бярэзінскі і Чэрвеньскі раёны пасля ўзбуйнення былі аб’яднаны, і тады да нас прыходзіла газета “Уперад”, якая выдавалася ў Чэрвені. А праз некалькі гадоў усё стала на свае месцы і наш раён быў адноўлены ў ранейшых межах. Памятаю, калі выходзіла газета іншым фарматам – толькі на чатырох старонках і была чорна-белай. Сёння яе аб’ём значна большы, яна мае больш прывабны рэспектабельны выгляд, стала больш сучаснай і актуальнай. Тут знойдзеш не толькі матэрыялы пра Бярэзіншчыну, а інфармацыю пра жыццё рэспублікі ў цэлым, што таксама лічу вельмі важным і адпавядаючым духу часу. Шкада толькі, што рэдакцыю не абмінула фінансавая праблема, з-за якой тут публікуецца шмат рэкламы. Так, яна таксама патрэбная для таго, каб быць у курсе і носіць інфармацыйны характар. Але для прадстаўнікоў майго пакалення яна не вельмі прывычная. Калектыву рэдакцыі вялікі дзякуй за яго нястомную работу і толькі самыя лепшыя пажаданні творчасці і майстэрства. Няхай яны заўсёды будуць у вашым арсенале, а тыраж газеты ніколі не змяншаецца.
Сваёй прыхільнасці да друкаванага варыянта газеты Галіна Уладзіміраўна не страціла і пасля таго, як дачка падарыла ёй новы мабільны тэлефон з рознымі наваротамі, дзе ёсць інтэрнэт-версія газеты, тэлеграм-канал, інстаграм, сацыяльныя сеткі. Яна з’яўляецца падпісчыцай на ўсе гэтыя віды і заўсёды адсочвае свежыя навіны. Але ўсё ж папяровы варыянт па-ранейшаму застаецца ў прыярытэце.
Падпіску жанчына ўжо стабільна і традыцыйна афармляе адразу на квартал і ніколі не здраджвае гэтай традыцыі. А аднойчы нават стала ўладальнікам рэдакцыйнага прыза. Фотаздымак з той падзеі і сёння захоўваецца як адна з дарагіх рэліквій.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота з сямейнага архіва.