Якая рыбалка, калі лед трашчыць?..

Date 07.03.2025 Man
Comment 177
Якая рыбалка, калі лед трашчыць?..

Хочацца задаць гэтае пытанне аматарам рыбалкі, якія зараз знаходзяцца на вадаёме. Цёплае надвор’е спрыяе хуткаму таянню лёду, шмат дзе на раней замерзлай рацэ назіраецца адкрытая вада. Больш-менш трывалы лед на азёрах і затоках, тут і займаюцца любімым заняткам рыбакі. Папярэдзіць іх пра магчымую небяспеку адправіліся інспектар Бярэзінскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Ермакова, старшыня раённай службы ратавання людзей на вадзе Алег Даўгадзілін, прадстаўнік раённага камітэта «БРСМ» Аксана Собаль і журналіст мясцовай газеты.

Адразу пачалі хваліць людзей: з пяці чалавек, што мы сустрэлі на першым «рыбным» месцы трое – у выратавальных жылетах. Адзін з іх, Мікалай Мікалаевіч, хваліцца ўловам і запэўнівае: калі што здарыцца з калегамі па занятку, паспеем выратаваць. Некаторыя людзі пакідалі лёд, калі заўважалі рэйдавую групу. Зразумела, што ненадоўга. У ходзе рэйду мы наведалі два месцы, пагаварылі пра бяспечныя паводзіны з дванаццацю чалавекамі.

Начальнік Бярэзінкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Мазанік нагадвае:

«Варта памятаць, што праваліцца пад лёд – прасцей простага, а вось выбрацца атрымаецца не ў кожнага. Тым больш, калі на чалавеку няма выратавальнага жылету. Вось некалькі ключавых момантаў, якія дапамогуць вам пазбегнуць непрыемнасцяў і бавіць час на лёдзе максімальна бяспечна:

адносна трывалым лічыцца лёд таўшчынёй не менш за 7 см – гэта мінімальны паказчык, які дазваляе ўпэўнена перасоўвацца па паверхні;

блакітны лёд – гэта прыкмета надзейнасці і трываласці. Шэры, белы або з жаўтлявым адценнем лёд з'яўляецца ненадзейным і можа прадстаўляць сур'ёзную пагрозу для вашай бяспекі.

выратавальны жылет – асноўны «аксэсуар» рыбалкі. Апраніце яго і будзьце спакойныя!».

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER