А пачалося ўсё ў дзяцінстве з сіняй рукавічкі. Першая звязаная пруткамі рэч аказалася такой тугой, што яе нават можна было паставіць. Аднак «першы блін камяком» ніколькі не засмуціў дзяўчынку і не адбіў ахвоту займацца вязаннем. Яна настойліва працягвала асвойваць спачатку пруткі, потым – і кручок. Кручком трэніравалася на насоўках, якія абвязвала узорамі. А прыкладам у рукадзеллі заўсёды была бабуля Марыя Іосіфаўна Віткоўская. Яна навучыла і вязаць, і шыць, і вышываць.
– У мяне не адразу атрымлівалася так, як у бабулі, – расказвае сёння Вера Эдуардаўна. – Узор убачу, а паўтарыць не заўсёды магла.
Але было б жаданне, а спрыт – справа нажыўная. Бывала, і да трох гадзін ночы сядзела, так магла захапіцца вырабам той або іншай рэчы.
Недзе ў 5 класе, калі ў школе на ўроках працы пачалі асвойваць швейныя машыны, дазволіла карыстацца сваёй і бабуля.
– Гэта швейная машына была далёка не новая, падобная на «Зінгер», – дзеліцца жанчына. – Яе купілі ручной, а потым пераабсталявалі ў нажную. Бабуля абшывала сваю сям’ю, а яшчэ падпрацоўвала, шыла для людзей. Гэта машына ў мяне і зараз захавалася, у рабочым стане.
Больш таго, сёння ў калекцыі сям’і Каваленкаў 20 швейных машын, з іх восем – рабочыя. І не прастойваюць. Бо захапленне рукадзеллем гаспадыня пранесла праз усё жыццё, а зараз, выйшаўшы на заслужаны адпачынак, пастаянна пашырае і ўдасканальвае сваё майстэрства.
Аднак заўсёды перад вачыма першыя вязаныя рэчы і самастойна пашытая пад кіраўніцтвам бабулі сукенка, якая потым была аздоблена вышыўкай гладдзю. Не пакідала Вера сваё захапленне і тады, калі стала студэнткай Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Па вечарах вучыла сябровак-аднакурсніц вязаць, падчас прыезду дадому садзілася за швейную машыну. А іншы раз і спецыяльна прыязджалі з сяброўкамі, каб пашыць спадніцы. Сукенку на другі дзень уласнага вяселля таксама сама пашыла.
З мужам, Васілём Стэфанавічам, сустрэліся ў сценах акадэміі ў Горках. На 5-ым курсе згулялі вяселле, а атрымаўшы дыпломы разам паехалі на радзіму мужа – у Бранскую вобласць. Вера Эдуардаўна ўладкавалася эканамістам на Пагарскую цыгарэтна-цыгарную фабрыку і па-ранейшаму ў вольны час бралася за пруткі ці кручок, за іголку з ніткай, садзілася за швейную машыну. Што ўжо гаварыць пра той час, калі шыла і вязала для сына і дачкі! Першай была вышытая навалачка на падушку, калі нарадзіўся сынок. А потым, пайшло-паехала… Світары, штонікі, касцюмчыкі, шапачкі, шкарпэткі, нават, абутак – і ў дзіцячы садок, і ў школу. Час такі тады быў, дэфіцытны. Ніткі для вязання і іншыя матэрыялы родныя прысылалі з Беларусі, або купляла сама, калі прыязджала ў бацькоўскі дом у Беразіно.
Ідэі і выкрайкі нярэдка брала з часопісаў. Выпісвала ў Расію беларускую «Работніцу і сялянку», якая пазней стала «Алесяй», а таксама часопіс «Свет жанчыны». Пасля паявіўся часопіс «Бурда», па выкрайцы з якога нават паліто для сябе пашыла.
Стосы часопісаў В.Э. Каваленка захоўвае да гэтага часу і не-не, ды адгортвае ўжо знаёмыя старонкі. Мода, хаця і не стаіць не месцы, але ж мае акалічнасць паўтарацца.
Шыццём з абрэзкаў тканіны (від такога рукадзелля называюць пэчворкам) В.Э. Каваленка захапілася пазней, ужо выйшаўшы на заслужаны адпачынак. Зноў успомнілася бабуля і яе коўдра з абрэзкаў, якая, на жаль, не захавалася. Затое зараз дома ў майстрыхі і коўдры, і пакрывалы, пашытыя сваімі рукамі. На адной з коўдраў для ўнука 36 коцікаў расшыла – нібы пазлы склала. З ліку апошніх навінак – пледы з кавалкаў трыкатажу.У асноўным у справу ідуць абрэзкі з тканіны або рэчаў, якія ўжо былі ва ўжыванні. Ідэі зараз нярэдка падказвае інтэрнэт, аднак і там не заўсёды знойдзеш тое, што ўжо намалявала ў думках.
Асаблівай фантазіі і майстэрства патрабуюць вытанчаныя ажурныя сурвэткі, якія ў творчасці Веры Эдуардаўны прысутнічалі заўсёды. Многія з іх майстар падарыла, штосьці звязала па просьбе або прадала, але кожная з іх эксклюзіўная і непаўторная.
Ды і ўвогуле, хіба могуць быць падобнымі рэчы, якія выраблены не проста рукамі, душой? У творчым «асартыменце» В.Э. Каваленка таксама сумкі і цацкі, падушкі, падстаўкі пад гарачае і іншыя рэчы для кухні, упрыгожванні з мужчынскіх гальштукаў, дамашнія тапачкі. Тапачкі асабліва любяць у сям’і сына, якая жыве ў Беразіно. А вось адзенне для лялек, пашытае рукамі бабулі Веры, прыйшлося даспадобы і ў сталічным дзіцячым садку, які наведвае ўнучка.
– Вельмі люблю апранаць лялек, – гаворыць Вера Эдуардаўна, – У маёй калекцыі больш за 80 лялек. Для 37 з іх ужо пашыла ўборы.
Нярэдка бабуля бярэцца за справу разам з унукамі, іх у яе сямёра, ёсць ужо і праўнучак. Не становяцца галаваломкай і падарункі да святаў сваім родным і блізкім людзям. Сёння цяжка чымсьці здзівіць, аднак майстар на ўсе рукі ўмее гэта рабіць. Яе падарункі заўсёды неардынарныя і арыгінальныя, галоўнае – зробленыя з душой, з любоўю, таму і саграваюць асаблівымі цеплынёй і святлом.
Калі сказаць, што Веру Эдуардаўну ў яе захапленні падтрымлівае муж Васіль Стэфанавіч, значыць, не сказаць нічога. Ён і сам настолькі творчы чалавек і калекцыянер, што ва ўсіх справах яны разам. Такую ж цягу да стварэння чагосьці незвычайнага бацькі прывілі і дзецям. Умее вязаць і шыць дачка, не адстае і сын, ён таксама займаецца разьбой па дрэве. А калі што спатрэбіцца матулі для творчасці, таксама зробяць сваімі рукамі.
А галоўнае, усіх родных у доме бацькоў заўсёды чакае сапраўдны творчы свет і эксклюзіўная абстаноўка, якая вылучае энергетыку дабрыні.
Некалькі гадоў таму назад Каваленкі пераехалі ў Беразіно, і жыццё заіграла новымі фарбамі. Гаспадыня практычна адразу ўвайшла ў Народны калектыў майстроў народнай творчасці Бярэзінскага раённага цэнтра рамёстваў, а сям’я ў цэлым – нязменны ўдзельнік розных раённых мерапрыемстваў, шматлікіх конкурсаў і выстаў. Да прыкладу, на выставе Дзедаў Марозаў і Снягурак у раённым цэнтры рамёстваў, разам з вялікай калекцыяй навагодніх персанажаў, прадастаўленых сям’ёй Каваленка, наведвальнікаў сустракалі адпаведныя святочныя героі, пашытыя рукамі Веры Эдуардаўны, тут жа луналі пад столлю яе карункавыя сурвэткі. Здзіўлялі на адной з выстаў ўпрыгожванні з мужчынскіх гальштукаў, на іншай – велікодныя яйкі, аздобленыя ў тэхніцы пэчворка і вязаныя. На «ўра» прайшоў майстар-клас па вырабе ўпрыгожванняў, удзел у пазнавальнай праграме «Рамесніцкая карусель – жывая спадчына». Нельга прамінуць вырабы майстрыхі на выставах-кірмашах, якія праходзяць у нашым горадзе і раёне.
– А яшчэ вельмі люблю птушак, – дадае мая субяседніца. – Калісьці трымалі дома гаспадарку, дзе былі перапёлкі, канарэйкі, іншыя птушкі. Зараз засталіся толькі куры розных парод. Нядаўна на дзень нараджэння дачка падарыла мініяцюрных курачак, так што гаспадарка папоўнілася.
Нязменна папаўняецца і калекцыя разнастайных рэчаў «сваёй вытворчасці» – інтэр’ерных і сувенірных, у гардэробе і на кухні.
Зараз Вера Эдуардаўна рыхтуецца да штогадовага конкурсу «З нітак цуды мы ствараем», які хутка пройдзе ў раённым цэнтры рамёстваў. І не проста рыхтуецца. Стараецца прыдумаць штосьці незвычайнае, арыгінальнае, што кране душу не толькі журы, але і тых людзей, якія атрымаюць у падарунак яе вырабы.
Ала АЛЬФЕР.
Фота аўтара і з сямейнага архіва.