Пахаваны на Алеі Герояў

Date 01.04.2025 Man
Comment 157
Пахаваны на Алеі Герояў

На Алеі Герояў у Севастопалі, дзе захаронены абаронцы Айчыны, якія праявілі масавы гераізм у гады Вялікай Айчыннай вайны і з’яўляліся прадстаўнікамі ўсіх народаў некалі вялікайдзяржавы пад назвай Савецкі Саюз, сярод тысяч прозвішчаў значыцца і наш зямляк Мікалай Кузьміч Корбут.

Няпростым аказаўся яго шлях да мора і марской службы. Нарадзіўся ён у 1913 годзе ў вёсцы Крупа. Пасля заканчэння сямігодкі адвучыўся на аднагадовых педагагічных курсах і стаў працаваць загадчыкам Канорынскай школы, спалучаючы работу з завочнай вучобай у Мінскім педагагічным тэхнікуме. Але ў 1939 годзе рэзка мяняе мірную працу на ваенную службу і паступае ў ваенна-марское палітычные вучылішча.

Чаму адбыліся такія перамены, сказаць адназначна нельга. Відаць, пасадзейнічалі таму расказы бацькі Кузьмы Яўменавіча, які ў свой час служыў у Амурскай акрузе пагранічнай аховы. Стары ваяка, які прайшоў руска-японскую вайну 1904-1905 гадоў і ўдзельнічаў у абароне Порт-Артура, за праяўленую мужнасць быў адзначаны Георгіеўскімі крыжамі IV-й і III-й ступені. Вось і захапіўся сын марской стыхіяй.

Пасля заканчэння вучылішча Мікалай Корбут быў накіраваны на Чарнаморскі флот – камісарам 61-га зенітна-артылерыйскага палка 54-й батарэі.

У ноч на 22 чэрвеня 1941 года па распараджэнні наркома ВМФ Кузняцова на Чарнаморскім флоце была аб’яўлена баявая гатоўнасць №1. Баявую трывогу адмянілі, але адпачывалі зенітчыкі толькі каля сваіх гармат. Разам з чырвонафлотаўцамі знаходзіліся і іх камандзіры. 54-ая зенітная батарэя размяшчалася на схілах Сапун-Гары. 

23 чэрвеня ў паветры над батарэяй пачуўся гул варожага самалёта. Першым яго заўважыў дальнамершчык. Праз некалькі мінут нямецкі разведчык быў збіты. Такім чынам ужо ў гэты дзень зенітчыкі адкрылі лік збітых варожых самалётаў. Ужо ў другой палове дня на батарэю быў дастаўлены свежы «баявы лісток», створаны па ініцыятыве камісара, дзе сярод удалых зенітчыкаў было ўказана прозвішча Мікалая Дзяжко.

Наогул, з пачаткам баявых дзеянняў у Мікалая Корбута значна прыбавілася работы. Ён пастаянна знаходзіўся разам з байцамі батарэі, умеў своечасова падтрымаць іх дух, аб’яднаў групу агітатараў, якія ў перапынках паміж баямі і ў вольны ад вахты час расказвалі маракам аб апошніх паведамленнях Саўінфармбюро, аб гераічных справах салдат Чырвонай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту. Паважалі зенітчыкі свайго камісара не толькі за глыбокую ідэйную перакананасць і ўвагу да людзей, а і за бясстрашнасць і адвагу.

Да пачатку 1942 года на рахунку батарэі было 15 збітых варожых самалётаў. Толькі ў адным з баёў у красавіку таго ж года яны знішчылі тры «Юнкерсы». 11 чэрвеня 1942 г. таксама адбіла некалькі варожых пікіроўшчыкаў, збіўшы пры гэтым два самалёты. Але і сама панесла значныя страты. Іменна ў гэты дзеь загінуў наш зямляк. А адбывалася ўсё наступным чынам.

Ад варожага снарада ўспыхнуў склад боепрыпасаў. Адным з першых, хто кінуўся яго тушыць, быў Мікалай Корбут. На дапамогу яму паспяшаліся іншыя чырвонафлотцы – старшына Вадзяніцкі, малодшыя камандзіры Марчанка, Рыбак, Паўлюк, Альшанскі, маракі Вараб’ёў, Яфімаў. Баец Дарафееў, моцна абпалены агнём, рызыкуючы жыццём, выратаваў засыпанага зямлёй Гардзіенку.

Дзве з паловай гадзіны працягваўся бой з фашысцкімі сцярвятнікамі. Камісар арганізаваў групу чырвонафлотцаў па аказанні дапамогі параненым. Разам з байцамі пераносіў іх на камандны пункт батарэі. Але прамое пападанне 500-кілаграмовай бомбы ў батарэйны КП пахавала пад яго рэшткамі дванаццаць зенітчыкаў і разам з імі Мікалая Кузьміча Корбута. Гэты бой аказаўся для яго апошнім. Пасля вызвалення горада астанкі мужных абаронцаў былі перапахаваны на Алеі Герояў.

Шмат цікавай інфармацыі аб гераічнай абароне Севастопаля можна атрымаць у кнізе ветэрана Чарнаморскага флоту А. Блізнюка «На бастыёнах Севастопаля», якая ў выдавецтве «Полымя» ўбачыла свет у 1989 годзе.

Ігар ЖУКОЎСКІ.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Рубрики: