– Пра тое, як адзначалі Вялікдзень мае продкі, памятаю з дзяцінства, – расказвае яна. – Гадавалася я ў вёсцы Гарэнічы, на той час вялікай і шматгалоснай, дзе цераз двор расло па трое-пяцёра дзетак. Мы заўсёды былі жвавымі і непаседлівымі, умелі і добра вучыцца, і цікава адпачываць. Адным з жаданых дзён адпачынку быў і Вялікдзень. Бацькі і дзяды нашы рыхтаваліся да яго загадзя, прыбіралі хаты, наводзілі парадак, пяклі булкі, фарбавалі яйкі, рыхтавалі багаты стол з кумпячкамі, “пальцам піханымі” кілбасамі, іншымі дамашнімі прысмакамі. Была і такая традыцыя: да свята жанчыны абавязкова набывалі новыя ўборы, у прыватнасці, модныя тады хусткі. Іншы раз перападалі яны і нам, дзяўчынкам.
У дзень самога свята на вёсцы панавала асаблівая атмасфера. І хоць у грамадстве на той час панаваў перыяд суцэльнага атэізму і наведваць царкву катэгарычна забаранялася, некаторыя ўсё ж хадзілі туды і свянцілі кулічы і яйкі. Гасцінным быў кожны дом. Усіх частавалі булкамі і яйкамі, людзі хрыстосаваліся, жадалі адзін аднаму здароўя і шчасця. Бліжэй да абеду, маючы ў руках па некалькі падарункаў, спачатку мы, а потым і дарослыя, бралі латок і білі яйкі – чыё акажацца мацнейшым. Стварала настрой і цудоўнае веснавое надвор’е, якое песціла нас цёплым сонейкам. Успаміны з той пары засталіся самыя шчымлівыя і светлыя.
Зразумела, што такія адносіны да Вялікадня і яго адзначэння у мяне засталіся на ўсё жыццё. Гэты дзень у большай ступені асацыіраваўся з абуджэннем прыроды, з прыходам вясны, з навядзеннем парадку – з працягам жыцця. Сама дата нібы ўвасабляла ў сабе як рэлігійную, так і свецкую аснову.
Бацькоўскія традыцыі працягваюцца. Сёння, калі я ўжо сама маці і нават бабуля, у нашым родзе свята захавала статус сямейнага. Адзначаем яго разам за вялікім сталом. Першым крокам падрыхтоўкі да свята з’яўляецца абавязковае наведванне царквы ў вербную нядзелю. З гэтага дня наступае адлік часу да Вялікадня. У гэты перыяд абавязкова наводзім парадак у доме, у суботу, традыцыйна, пяку булкі – штук пяць-шэсць. Розныя – з разынкамі, з макам, з варэннем. На любы густ. І хаця падобныя прысмакі можна набыць у любой краме, дзеці не ўяўляюць свята без маіх уласных булак (менавіта так у нас традыцыйна называюць кулічы). Пяку іх па традыцыйных рэцэптах, на апары, з вялікай колькасцю яек, каб яны абавязкова былі жоўценькімі. Гатую і пасху – з тварагу, разынак і іншых прысмакаў. Яйкі ж фарбую традыцыйным спосабам – у лукавым шалупінні, якое збіраю ўсю зіму. Атрымліваюцца вельмі насычанага карычневага колеру.
Святочная раніца пачынаецца з пахода ў царкву. Для асвячэння бяру з сабой кулічы, яйкі, хлеб, соль… І толькі пасля вяртання дамоў пачынаем адзначаць Вялікдзень. Традыцыйна, з яечка. Запальваем свечку з пажаданнямі дабра і здароўя і верай у жыццё і яго непахіснасць.
Бачу, што сёння да свята Вялікадня з’явілася новае стаўленне, вера ў Бога для многіх становіцца нормай жыцця, у царкву прыходзіць шмат людзей. Думаю, гэта добры знак, бо вера заўсёды падтрымлівала чалавека, надавала яму сілы, вяла правільным шляхам, выхоўвала светля пачуцці. І свята Вялікадня – гэта яшчэ адна нагода для таго, каб зрабіць сваё жыццё больш чыстым у маральным плане і маральна ўзбагаціцца.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.