– У веры мяне выхоўвала бабуля, – узгадвае Ірына Эдуардаўна. – Яна настаяла на маім хрышчэнні. Тады некалькіх дзяцей збіралі для гэтага Сакрамэнту разам. Гэта не заахвочвалася, але і не забаранялася. Можна сказаць, было на сумленні бацькоў. Мяне хрысцілі ў вёсцы Краснае Маладзечанскага раёна ў велічным і прыгожым касцёле.
Безумоўна, вялікае значэнне ў маёй сям’і ўдзялялася святкаванню Вялікадня. Бабуля вучыла, што найперш да свята варта належна падрыхтаваць душу. Яна трымала Вялікі пост. І хоць мае бацькі, і мы, дзеці, рабілі гэта не так старанна, Страсны тыдзень шанаваўся абавязкова. Да Страснога чацвярга мы ўжо павінны былі прыбраць хату, тапілі лазню. Булкі пяклі ў пятніцу. І з гэтага часу дома нельга было шумець. Бо прыгадвалася, што Хрыстос памёр і быў пахаваны. Ды і цеста палохаецца шуму, гаварыла бабуля. Яйкі мы фарбавалі ў суботу. Асвячалі свянцонку ў капліцы, ва ўпрыгожаным кошыку. Многа не прыносілі, толькі тое, чым пачыналі нядзельны сняданак. А дзеці ў гэты час, паводле касцёльнай традыцыі, падтрымлівалі каля капліцы агонь да світання.
– Нядзельнай раніцай мы віталі адзін аднога словамі: «Хрыстос з мёртвых устаў!», «Сапраўды, ўстаў!», – распавядае Ірына Вайніловіч. – Застолле было не такое багатае, як на Каляды. Галоўнае для нас было – пабыць з сям’ёй разам, парадавацца. А яшчэ для свята спецыяльна вэндзілі мяса. Цяпер такога не паспрабуеш, сапраўдны далікатэс.
– Хоць я нарадзілася ў Беразіно, толькі ў нашай сям’і і больш нідзе я не назірала традыцыі абмывацца яйкам. Гэта было так: у шырокую талерку налівалася вада, дадавалася асвячоная і клалася яйка. Дарослыя мылі той вадой толькі твар і рукі. А дзяцей абмывалі цалкам зверху ўніз. Нам тлумачылі, што гэта, каб увесь год быць прыгожым і здаровым. І як існуе звычай дзяліцца аплаткай на Каляды, так і на Вялікдзень мы разразалі яйка на ўсю сям’ю і жадалі адно аднаму ўсяго самага найлепшага.
Таму, выхаваная такім чынам, калі ў Беразіно пачалі праводзіцца рэгулярныя набажэнствы ксяндзом Сяргеем Бараўнёвым, я пачала наведваць імшы рэгулярна. Стараюся часта падыходзіць да споведзі і камуніі. А сёння ў нашым новым касцёле вельмі дружная парафіяльная супольнасць. Мы хочам зрабіць святыню прыгожым малітоўным месцам. І вядома, заўсёды чакаем
гасцей.
Гэты Вялікдзень будзе асаблівы для маёй сям’і. Другога мая мы пахрысцім майго гадавалага ўнука Марка. А чацвёртага мая старэйшая ўнучка Эмілія прыме першую камунію разам з іншымі дзецьмі парафіі.
Цяпер, з узростам, у Вялікдзень я адчуваю, што нашы спачылыя сваякі нібы знаходзяцца з намі за святочным сталом. Гэтае вельмі добрае і лёгкае пачуццё.
Павел САЛАЎЁЎ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.