Папоўніўся ў тыя часы перасяленцамі і наш горад, і многія іншыя населеныя пункты раёна, але больш асела іх менавіта ў Багушэвічах і Любушанах, куды перацягнулі за сабой сваіх былых землякоў спецыялісты з той пякельнай зоны Іван Ісаеў і Мікалай Талецкі.
Такім шляхам, за колішнім кіраўніком роднага калгаса «Ленінскі шлях», а потым начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі Краснапольскага раёна Мікалаем Талецкім, якому на Бярэзіншчыне было даверана кіраваць калгасам «Беларусь» у гэтых мясцінах аказаўся і Мікалай Емяльяненка. Было гэта ў 1990-м годзе.
– Да пераезду ў Багушэвічы, – расказвае Мікалай Аляксандравіч, – у сваёй роднай вёсцы паспеў закончыць школу і нават папрацаваць у калгасе механізатарам. Туды ж вярнуўся і пасля арміі ў 1989-м годзе. Уладкаваўся вадзіцелем. На той час частка аднавяскоўцаў ужо выехала, астатнія рыхтаваліся да пераезду. Сёння роднай мне Наваельні ўжо няма. І калі прыязджаю на сваю малую радзіму зараз, нават і не пазнаю тыя любыя сэрцу мясціны. Навокал пуста, многія месцы пазарасталі хмызняком ды лесам. Запусценне назіраецца і на могілках, дзе пахаваны мой брат, бабуля ды іншыя, больш далёкія продкі. Адразу кідаецца ў вочы, у каго яшчэ засталіся сваякі, хто даглядае магілы. Многія так і стаяць непрыбранымі, з праржавелымі крыжамі, асунутыя.
Пераязджаў Мікалай у наш край не адзін – разам з бацькамі (ім прапаноўвалі месцам жыхарства Бабруйск, але яны, сельскія жыхары, аддалі перавагу вёсцы), а таксама з маладой жонкай. Дачакалася яна свайго суджанага з арміі і праз паўгода пасля яго дэмабілізацыі яны згулялі вяселле.
І такая дзявочая адданасць вельмі кранала юнака, не раз дапамагала яму ў час службы – няпростай, баявой, якую давялося праходзіць у далёкім Афганістане. Гэта асобная тэма ўспамінаў Мікалая Аляксандравіча, якая па-ранейшаму вярэдзіць душу ветэрана. Адслужыў як трэба, разам з іншымі падзяляючы выпаўшыя нягоды і выпрабаванні. Вяртаўся на Радзіму, у Савецкі Саюз, з апошняй калонай савецкіх воінаў…
У Багушэвічах працаваў спачатку вадзіцелем, потым механізатарам, па ўласных падліках правёў 29 сезонаў за штурвалам збожжаўборачнага камбайна. Неаднойчы станавіўся па выніках жніва тысячнікам. Ды і ў іншых справах таксама паказваў узор адносін да даручанай справы.
– Прывык з дзяцінства да сельскай працы, – дадае мой суразмоўца. – Я і мае аднагодкі выраслі, лічы, на збожжатаку. Кожнае лета дапамагалі дарослым, ды і ўласную капейку мелі магчымасць зарабіць. Вазілі на конях салому, працавалі на бурачных дзялках разам з дарослымі, лён ірвалі… Хаця і ў клопатах жылі, але весела было, дружна. Ды і ў вёсках колькі людзей жыло, моладзі! Са шкадаваннем гляджу на вёску сёння, бачу, як тыя ж Багушэвічы памяняліся не ў лепшы бок за 35 гадоў, што жыву тут. Нават на Вялікдзень на вуліцы нікога не сустрэць. А раней такое свята лічылася ледзь не самым масавым.
– Мікалай Емяльяненка і сёння наш надзейны працаўнік, – сцвярджае дырэктар ААТ «Багушэвічы» Віталь Самец
Сёння Мікалай Емяльяненка ў гаспадарцы працуе вартаўніком. Не, не здраджваў ён прафесіі механізатара, абставіны вымусілі перакваліфікавацца. Амаль тры гады таму давялося рабіць яму аперацыю па замене абодвух тазабедраных суставаў. Вердыкт урачоў гучаў катэгарычна: толькі лёгкая праца, ніякіх нагрузак, і як напамін пра іх забарону – пасведчанне інваліда трэцяй групы. Але, дзякаваць Богу, рабочай. Таму і стараецца мужчына не толькі выконваць уласна свае абавязкі, а і аказваць па меры сіл дапамогу гаспадарцы.
У прыватнасці, летась, калі здарыўся момант падмяніць аднаго з камбайнераў, сеў за штурвал і добрасумленна папрацаваў на жніве. Зараз выношвае планы зноў уключыцца ва ўборачную кампанію – у адным экіпажы разам з зяцем, які працуе ў лясгасе. Вось бы адкамандзіравалі яго, а здароўе не падвяло б!
Па падліках Мікалая Аляксандравіча зараз у Багушэвічах пражывае каля дзесяці сямей перасяленцаў. Паменела іх не толькі за кошт міграцыі. Сярод тых, каго не стала, і яго бацькі, а таксама жончына маці. Ды і брат з сястрой жывуць па іншых адрасах: ён – у Асіповічах, яна – пад Магілёвам. Тым не менш, сувязі падтрымліваюцца не толькі са сваякамі, а і з іншымі чарнобыльцамі. Часта сустракаюцца з тымі, хто бліжэй, з іншымі перазваньваюцца, цікавяцца навінамі жыцця, спачуваюць няшчасцям, радуюцца добрым навінам.
– Налета споўніцца 40 гадоў Чарнобыльскай трагедыі, – дзеліцца думкамі мужчына. – Здавалася б, столькі часу мінула. А праляцеў ён як адно імгненне. Вось толькі аб пражытых гадах нагадваюць ужо дарослыя двое дзяцей і ганаровае званне дзеда, якім адзначаны тройчы. Дарэчы, старэйшаму з унукаў ужо 12, так што праз дзясятак гадоў (абавязкова дачакаюся) магу і прадзедам стаць, во дзе шчасце будзе! Няхай гадуюцца і жывуць у радасці, няхай у адрозненне ад нас мінае іх ліхая часіна і сагравае іх мірнае неба.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.