Да ліку такіх ганаровых асоб адносіцца і жыхарка вёскі Якшыцы Таццяна Паляшчук – былая даярка калгаса «Перамога», кавалер ордэна «Знак Пашаны». Унікальная гэта жанчына яшчэ і тым, што сёлета яна адзначыць свой 90-гадовы юбілей. Нягледзячы на важкі ўзрост, Таццяна Сяргееўна і сёння застаецца чалавекам рухавым, лёгкім на пад’ём, гаваркім, а яе светлага твару маршчынкі амаль не кранулі.
Калі я завітаў у дом да гаспадыні, адразу ў вочы кінулася выява дыванка, які размясціўся над канапай. Аказаўся ён не проста ўпрыгожваннем пакоя, а ўяўляў сабой вялікі каляровы здымак яе сям’і, на якім у правым кутку размяшчаецца і яе постаць.
– На жаль, – з сумам адзначае жанчына, – не ўсе з тых, хто тут намаляваны, засталіся ў жывых. Вельмі балюча, калі твае дзеці або ўнукі раней цябе зыходзяць на той свет. Але што зробіш – на ўсё воля божая. Ды і маіх былых калег па працы, даярак фермы, таксама, лічы, нікога не засталося. А некалі ж былі маладымі ды вясёлымі, працавалі ад душы. Ды і як працавалі! Быў час, калі малака даілі вельмі многа. Памятаю, што ад кожнай кароўкі атрымлівалі за раз па вядру малака. А дойка была трохразовая. Увечары, бывала, па шэсць малочных бідонаў па чатыры вядры – ад кожнай групы з 25 кароў атрымлівалі. Пакуль паносім усё ў халадзільнік, дык і рук не падняць. Вось за тыя надоі і атрымала ордэн. Ды і потым, як перадавіку, то гадзіннік дарылі, то капу, то яшчэ якую рэч.

Узяўшы ў рукі аловак і паперу, лічу. Шэсць бідонаў памнажаем на 4 вядры – мінімум па 8 літраў кожны (менавіта такога аб’ёму былі даёнкі), затым на 6 (колькасць бідонаў). Атрымліваем 192 літры. Дзелім на 25 (па ліку кароў). Выходзіць, што сярэднясутачны надой складаў 7,68 кілаграма малака. Калі ж у бідон лілі па 40 літраў, то гэтая лічба ўзрастае да 9,6. Не надта шмат, скажаце? Але ж мы расказваем пра падзеі 1973(!) года, у якім Таццяна Сяргееўна была адзначана ордэнам. Ды і даілі тады пэўны час уручную, гэта толькі ўжо потым на ферме з’явіўся малакаправод і іншыя зручнасці, якія аблягчалі працу жывёлаводаў.
За славай жанчына ніколі не ганялася. Нават калі трэба было фатаграфавацца для Дошкі гонару, гэта было для яе сапраўднай пакутай. Свой гонар Таццяна Сяргееўна гартавала выключна працай. Яе хапала і дома: трымала кароў, свіней, іншую жыўнасць, каб падняць на ногі і выгадаваць траіх дзетак. Нялёгкая ноша для адзінокай удавы. Але людзі не кідалі. І па гэты дзень узгадвае кабета прозвішча загадчыка фермы Аляксея Шалупенкі, асабліва цёпла адзываецца пра колішняга старшыню калгаса Мікалая Баранава, пры якім гаспадарка дасягнула істотных вышынь. Шмат добрага і светлага захавала памяць жанчыны з таго перыяду – часу яе маладосці і актыўнасці.
– Хоць за плячыма ўжо дзевяць дзясяткаў, а такое ўражанне, нібы толькі ўчора нарадзілася, – расказвае Таццяна Паляшчук. – Так хутка праляцеў час, што і не прыкмеціла. Толькі калі мне было 88 гадоў, азірнулася назад на жыццёвы шлях, раней не было часу. Убачыла, што вельмі мала паспела зрабіць, нават горка стала. Таму, калі б вярнулася маладосць, сваё жыццё пабудавала б зусім іначай – з большай аддачай, карысцю для людзей, з богам у душы. Я вельмі ўдзячна яму за падоранае мне актыўнае даўгалецце. Відаць, ласку і пашану паспела зарабіць не толькі ў людзей, а і ў яго.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.