Дачка героя вайны, аднаўляўшая мірнае жыццё

Date 07.05.2025 Man
Comment 197
Дачка героя вайны, аднаўляўшая мірнае жыццё

Даведваючыся пра нашых землякоў-воінаў, дзівішся незломнаму духу беларусаў, якія і праяўлялі ваенную адвагу, і самааддана працавалі. Іван Бачыла нарадзіўся ў Міхалёва ў 1898 годзе. У 12 гадоў застаўся без бацькі і пачаў сам апрацоўваць зямлю. Быў і парабкам. А таксама ваяваў падчас Вялікай Айчыннай вайны, і ў Першую сусветную. Быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжом 4 ступені, пра што гаворыцца і ў кнізе «Памяць» Бярэзінскага раёна.

– Мой бацька з дзяцінства цяжка працаваў, клапаціўся пра сваю сям’ю, – распавядае дачка героя Кацярына Казлова. – Сабраў пасаг сёстрам, выдаў іх замуж. Падчас Першай сусветнай вайны быў прызваны кавалерыстам. Ганаровую ўзнагароду, Георгіеўскі крыж, атрымаў за тое, што пры ўзяцці вышыні пад абстрэлам даставіў боезапас сваёй частцы. А пасля па дабрыні аддаў узнагароду першаму сустрэчнаму жабраку.

У Вялікую Айчынную вайну ён служыў сапёрам. І ў яго ніколі не было ранення. Можа, з-за падоранага крыжа? Аднойчы яго таварышы падарваліся на міне, а ён цудам уратаваўся, проста прамарудзіўшы. За баявыя заслугі іх дывізія была ўзнагшароджана лістом ад Сталіна за ўзяцце дванаццаці ўмацаваных гарадоў і злучэнне з войскамі саюзнікаў на Эльбе.

Узнагародны ліст ад генералісімуса

 

– Падчас фашысцкай акупацыі, мы з мамай і малодшым братам хаваліся ў зямлянцы, а фашысты жылі ў нашай хаце, – узгадвае Кацярына Іванаўна. – Успамінаю, як я трымала маму за андарак, а на стале цьмяна гарэла газнічка. Мы жылі пад пастаяннымі перастрэлкамі. У мяне нават ёсць асколачнае раненне ў галаву часоў вайны.

Калі надышоў мірны час, бацька працаваў конюхам у калгасе. А па вечарах плёў і прадаваў аднавяскоўцам лапці. Начамі і наша маці прала, каб апрануць нас, шасцярых дзяцей. Я памятаю, як хадзіла з Міхалёва ў Беразіно па школьныя сшыткі. А гэта больш за пятнаццаць кіламетраў.

Але ва ўсіх маіх родных жыццё склалася добра. Старэйшы брат, што вучыўся ў фабрычна-завадскім вучылішчы ў Ленінградзе і ўдзельнічаў у абароне горада, у мірны час выкладаў у нас працоўнае навучанне, чарчэнне, маляванне і фізкультуру. Дргуі, што служыў падчас вайны пісарам, пасля ўладкаваўся бухгалтарам у нашым калгасе. Яшчэ адзін брат служыў маёрам у бярэзінскай міліцыі. Чацвёрты паехаў асвойваць цаліну ў Казахстане. А мы з сястрой адправіліся шукаць долі ў Мінску.

– Спачатку я працавала пакаёўкай, прала пялюшкі дзіценку гаспадароў, – кажа жанчына. – А потым уладкавалася трыкатажніцай на фабрыку імя Крупскай. Аддала гэтай прафесіі дваццаць два гады. Прыдумвала новыя фасоны вопраткі. У мяне апраналіся нават высокапастаўленыя чыноўнікі. За ініцыятыву і энтузіязм нярэдка прэміравалася. Пісала вершы, якія прысвячала нашай працоўнай маладосці, сябрам, майму бацьку-воіну.

Я памятаю яшчэ разбураны пасляваенны Мінск. Калі прадукты атрымлівалі па картках. Уласна кажучы, наша пакаленне адбудоўвала сталіцу Беларусі. Мы цяжка працавалі, высылалі грошы бацькам. Але, галоўнае, жылі спакойна.

Прыгадваецца, як аднойчы на танцах са мной знаёміўся немец, які праходзіў стажыроўку ў Мінску. Калі спытаў як завуць, я спакойна адказала: завуць Кацюша. Ён сказаў: грознае імя. І больш не падыходзіў.

– На жаль, мой малодшы сын загінуў у арміі, – са смуткам прыгадвае Кацярына Казлова. – Ён быў таленавітым музыкам-трубачом, пісаў музыку, вершы, спяваў. А старэйшы сын скончыў Сувораўскае вучылішча, служыў артылерыстам, у тым ліку два гады ў Афганістане. Зараз мяне радуе яго сын, мой унук Якаў, які працуе праграмістам.

З набліжэннем пенсіі я вярнулася ў Міхалёва, пабудавала невялікі, але ўтульны дом. Цяпер займаюся ўпарадкаваннем могілак, дзе пахаваны бацькі. А таксама ўсе тыя аднавяскоўцы, якія набліжалі Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, працавалі ў мірны час. Хочацца, каб іх памяць шанавалася і наступнымі пакаленнямі.

Павел САЛАЎЁЎ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Рубрики: