Людміла ІВАНОВА: Успамін пра бацьку

Date 08.05.2025 Man
Comment 470
Людміла ІВАНОВА: Успамін пра бацьку

Амаль на мяжы Бярэзінскага і Клічаўскага раёнаў ёсць невялікая вёсачка Астраўкі – радзіма майго бацькі Андрэя Андрэевіча Навіцкага. Нарадзіўся ён у 1924 годзе, у цяжкія гады станаўлення нашай дзяржавы – толькі што пачаліся арганізоўвацца першыя калгасы. Па словах бацькі, час той быў няпросты, не хапала зерня, жывёлы. Людзі цярпелі шмат нястач. Потым у сям’і Навіцкіх нарадзіліся яшчэ тры дачкі. Апошні сынок Эдзік з’явіўся на свет у 1941 годзе, але ён памёр ад голаду.

Лепшы вучань

Не гледзячы на цяжкасці, людзі імкнуліся жыць, а бацькі марылі, каб дзеці былі адукаванымі. Андрэй разам з сястрой Ганнай пайшлі ў школу, якая размяшчалася на адлегласці 10 кіламетраў у вёсцы Максімавічы Клічаўскага раёна. Дзеці хадзілі ў паддзеўках, якія шыла маці, і ў лапцях. Адметная асаблівасць: у малой Ганначкі лапці часта развязваліся, яна плакала і не магла ісці далей. Андрэй дапамагаў сястрычцы, усаджваў на купіну, завязваў ёй лапаточкі, і яны даганялі дзяцей, якія гурбой рушылі далей. Падчас галодныя і ў непагадзь спяшаліся дзеці ў школу.

Андрэй быў лепшым вучнем школы, настаўнікі паказвалі яго сшыткі іншым вучням ва ўсіх класах, бо адзнакі ў тых сшытках значыліся толькі выдатныя, а акуратны і прыгожы почырк Андрэя усім ставілі ў прыклад. Хлопцу прарочылі вялікае будучае, калі заставаўся апошні год школьнага жыцця. Але ўсім марам прыйшоў канец. Грымнула вайна.

У акупацыі

Вёску Астроўкі атачалі лясы і балоты. Ужо ў пачатку вайны там сталі ўзнікаць партызанскія атрады. У Капланцах знаходзіўся нямецкі гарнізон. Немцы баяліся партызан, таму ў Астроўкі наляталі рэдка, але былі як віхор: хапалі курэй, пры выпадку і якое парася, ды хутка ўцякалі на матацыклах, пакідаючы за сабой пыл, і выклікаючы праклёны ўслед. Некалькі разоў даводзілася мірным жыхарам уцякаць у балоты ад карнікаў. Забраўшы жывёлу, астроўчане з малымі дзяцьмі сядзелі ў лясах. У вёсцы заставаліся адны сабакі. Не распальваючы вогнішч, людзі прыслухваліся да гукаў. Пасля, калі карнікі сыходзілі, паціху вярталіся дадому. Так усю вайну і прасядзелі ў жаху. Між іншым таксама дапамагаючы партызанам: пяклі хлеб, збіралі адзенне.

Першы бой

У 1944 годзе прыйшло вызваленне, наступала Чырвоная Армія, вораг уцякаў, пакідаючы за сабою спаленыя вёскі. Андрэю ўжо споўнілася 19 год, і яго разам з яго бацькам Андрэем Адамавічам, якому было 46 гадоў, прызвалі ў армію.

Тата ўспамінаў, калі першы раз пайшлі ў атаку, яго бацька бег папераду.

«Ты за мной бяжы, сынок», – крыкнуў ён, разлічваючы, што калі заб’юць, то няхай сын жывы застанецца. Той першы бой бацька ўспамінаў пасля часта. Потым іх дарогі разышліся. Андрэй служыў пэўны час у кавалерыі, і ў разведку хадзіў, бралі “языка”. Пасля служыў у 51-м стралковым палку, быў тройчы паранены, з іх два разы – цяжка.

Раненні

Раненне ў грудзі атрымаў ад снайпера. Справа была так: маладыя хлопцы сядзелі ў акопе, была цішыня, усе займаліся сваімі справамі, хто пісьмо піша, хто вопратку рамантуе, а Андрэй сабраўся прымераць новую партупею, калі раптам прагучала «у атаку!». Так і выскачыў, але не паспеў зрабіць некалькі крокаў, як у грудзі ўдарыла варожая куля.

Другое цяжкае раненне атрымаў у Кенігсберге. Немцы асабліва жорства абараняліся. Куля патрапіла тату ў нагу, яна была разрыўной, прайшла скрозь голень і раздрабіла ўсё бядро.

Пасля таго бою тата нават нейкі перыяд значыўся, як прапаўшы бяз вестак. Доўгі час ён знаходзіўся ў шпіталі, гнаілася рана, неўзабаве паўстала пытанне аб ампутацыі. Хірург пашкадаваў маладога байца, назначыў увядзенне пеніцыліну, і рана пачала загойвацца.

Перамога

Перамогу тата сустрэў у шпіталі. Добра памятаў той дзень. Раніцай усе яшчэ спалі, калі раптам пачуліся стрэлы з усёй зброі, ускрыкі, слёзы радасці, усе абдымаюцца, цалуюцца, гучыць слова “Перамога!”. Санітары, урачы, хворыя – усе на вуліцы, хтосьці зайграў на гармоніку, адразу і танцы, і неперадавальнае захапленне.

Да канца лета ў таты загаілася рана і пацягнулі да дому думкі пра родныя мясціны, маці і сёсцёр (пра бацьку нічога не ведаў).

Вось ён ужо у Астроўцы, крочыць да дому, як насустрач выбегла Ганна, узяла брата пад руку і з ганарлівасцю вядзе праз вёску. А ў таго грудзі ў медалях і гармонік на плячы. Наблізіўся да хаты, насустрач і маці з бацькам выйшлі. Бацька жывы – радасць вялікая! А маці ажно ледзь не страціла прытомнасць, бо ўжо думала, што сын загінуў і праліла шмат слёз.

Напрыканцы

Мой бацька Андрэй не любіў успамінаць вайну. Але яе забыцца не давалі раненні. Ад інваліднасці ён адмовіўся. Татавы ўзнагароды былі знішчаныя агнём, калі ў хаце надарыўся пажар. Чалавек вялікай сціпласці, ён толькі праз дваццаць пяць гадоў згадзіўся сфатаграфавацца на Дошку гонару. А на свята 9 Мая тата заўсёды браў «франтавыя» 100 грам за Перамогу, і за тых, хто не вярнуўся.

Дзякуй Богу, што мой бацька не заспеў сённяшніх падзей, калі фашызм ізноў падымае галаву ў свеце. Мы, сённяшняе пакаленне, не пазнаўшае жахаў вайны, якое не ведае, што гэта такое – аплакваць гібель блізкіх, павінны цаніць і шанаваць памяць той Вялікай Перамогі, якая дасталася нашым айцам і дзядам дарагою цаной.

Мой унук Ілья сёлета заканчвае вучобу у Ваеннай Акадэміі і стане абаронцам Айчыны, як і многія іншыя маладыя афіцэры, і ўсе, хто служыць у радах Узброеных Сіл, каб мы і нашыя дзеці і ўнукі спалі спакойна. Мы павінны шанаваць мірнае неба над нашымі галовамі, помніць подзвіг нашых бацькоў і дзядоў і перадаваць тую памяць наступным пакаленням!

Людміла ІВАНОВА.
Жыхарка г. Беразіно.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER