Інжынер па адукацыі, творца па жыцці

Date 26.05.2025 Man
Comment 584
Інжынер па адукацыі, творца па жыцці

Не ведаю, хто і калі падзяліў людзей на фізікаў і лірыкаў. Магчыма, для кагосьці гэта прымальна, але далёка не для ўсіх.

Яркі прыклад гармоніі двух паняццяў – майстар Народнага клуба народных майстроў Бярэзінскага раённага цэнтра рамёстваў Аляксандра Грынкевіч. Інжынер па адукацыі і прафесіі, творца ў працы і па жыцці. Яна заўсёды адчувала, што цудоўны навакольны свет можна зрабіць яшчэ больш прыгожым, адчувала, што патрэбна толькі пастарацца, каб увасобіць у рэальнасць свае мары. Напэўна таму, створаная ёй студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Відана” вядомая не толькі ў нашым раёне, але і далёка за яго межамі. І вобразы, у якія яна ўкладвае свае талент і душу, заўсёды звяртаюць на сябе ўвагу і дастойна выглядаюць на самых розных подыумах і выставах.

А кожны вобраз – гэта не толькі выкраіць і пашыць. Перш за ўсё, стварыць яго ў галаве, прадумаць кожную дэталь. І тут нярэдка патрэбна валодаць многімі відамі рукадзелля – вязаннем, вышыўкай, бісерапляценнем… нават, валяннем воўны.

– Усім валодаю, - гаворыць Аляксандра Анатольеўна, - хіба толькі каклюшкі не засвоіла для ажурнага вязання.

Больш таго, вязаць пруткамі пачала гадоў у пяць-шэсць, пераняўшы першыя ўменні ад бабулі Ніны Кірылаўны. І гэта было далёка не адзіным захапленнем маленькай дзяўчынкі. Ужо тады, у яе дашкольным узросце, матуля заўважыла творчыя таленты дачкі. Магчыма, здольнасцям пасадзейнічала аўра месца нараджэння. Сям’я жыла ў Тульскай вобласці, за 10 кіламетраў ад радзімы вядомага рускага пісьменніка Талстога.

– Мама старалася, каб у мяне ўсё было для творчасці, - расказвае А. Грынкевіч. – Паколькі я вельмі добра малявала, куплялі самыя лепшыя фарбы і алоўкі. Напрыклад, ленінградскія фарбы ў цюбіках або акварэльныя алоўкі на 24 колеры, якія ў той час можна было купіць толькі ў Маскве. Для вышыўкі заўсёды была добрая тканіна і ніткі “мулінэ”, якасная пража для вязання, пруткі і кручкі. Між іншым, да гэтага часу вяжу кручком, якім калісьці вязала мама.

А яшчэ ў Аляксандры было шмат лялек. З імі яна не столькі гуляла, колькі любіла апранаць. І ўжо тады пачала ствараць розныя вобразы і ўпрыгажэнні, у чым дапамагалі і ўрокі працы ў школе. На іх, дарэчы, атрымлівала толькі выдатныя адзнакі. А больш сур’ёзна шыць пачала ў 8 класе.

– У той час стала модна замест звыклай формы апранаць у школу белую блузу з сарафанам. Каб прыгожа і добра пашыць, бабуля вырашыла заказаць блузку ў атэлье. А яе там сапсавалі. “Ну ўсё, - сказала матуля, - пойдзеш у сукенцы з фартушком”. Але ж мне вельмі хацелася быць моднай, таму прапанавала, што паспрабую пашыць сама, балазе, тканіны мама купіла з запасам. І ведаеце, атрымалася. А да блузы патрабаваўся сарафан – яго таксама сама пашыла. З таго часу і іншае адзенне стварала сама. У той першай “калекцыі” было і паліто-трапецыя, якое пашыла ўжо будучы студэнткай Тульскага політэхнічнага інстытута, дзе атрымлівала прафесію інжынера-сістэматэхніка.

І ў інстытуце, і пасля, калі па размеркаванні адправілася працаваць на завод ва Ульянаўск, была галоўным афарміцелем - аздабляла кафедру ў інстытуце, на заводзе іх цэх заўсёды быў пераможцам у конкурсе насценных газет.

Ва Ульянаўск паехала ўжо будучы замужам за выпусніком таго ж інстытута і з двухгадовым старэйшым сынам. Здавалася б, адкуль вольны час? Аднак Аляксандра Анатольеўна знаходзіла яго і тут. Узяла напракат швейную машынку і працягвала займацца любімай справай, шыла адзенне для сябе, мужа, сына.

Сур’ёзнай і глыбокай стала падстава для таго, каб памяняць месца жыхарства. Пераддыпломную практыку разам з мужам Уладзімірам Грынкевічам праходзілі ў Мінску, горад запаў у душу і не адпускаў. А паколькі муж быў родам з Беларусі, хутка ажыццявілася мара аб пераездзе. Воляй лёсу трапілі ў вёску Навасёлкі Бярэзінскага раёна. Думалі, сельскімі жыхарамі будуць часова. Аднак пасля самі не захацелі мяняць вёску на сталіцу. Мужу адразу прапанавалі пасаду ў тагачасным калгасе “Ленінскія дні”, тут жа ён змог рэалізаваць свае творчыя здольнасці - кіраваў народным ансамблем “Весялуха” ў Лешніцкім сельскім Доме культуры. Аляксандра Анатольеўна пасля выхаду з водпуску па доглядзе за другім дзіцем ўладкавалася ў мясцовую школу, выкладала маляванне і чарчэнне, вяла гурток рукадзелля. Па сутнасці, ужо прафесіянальна займалася любімай справай. А праз 10 гадоў пашанцавала паглыбіцца ў прафесійную творчасць – яе прызначылі дырэктарам Лешніцкага СДК. Не адразу. Патрэбна было прайсці выпрабавальны тэрмін. Новы кіраўнік установы культуры з выпрабаваннем справілася раней вызначанага часу, падрыхтаваўшы канцэрт і шыкоўную выставу вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дзе былі малюнкі, вязаныя цацкі і іншыя рэчы, розныя аксесуары. Свае ўменні і майстэрства па вырабе ўсяго гэтага яна пасля перадавала дзецям на занятках у розных гуртках – “Юныя таленты”, па маляванні і выцінанцы, “Іголка-чараўніца”, “Творчасць і фантазія”…

– Хацелася паспрабаваць усё, - дзеліцца Аляксандра Грынкевіч. – Я ўвогуле ва ўсіх відах творчасці самавучка, але цікава было засвоіць штосьці новае.

Яно і зразумела, калі ёсць падтрымка на працы і дома, калі творчасць стала ладам жыцця. Заўсёды побач такі ж творчы муж Уладзімір Сяргеевіч, які 25 гадоў кіраваў “Весялухай”, а пасля шмат гадоў запар разам з аўтаклубам радаваў людзей па вёсках раёна. Не забраць творчага запалу ў сыноў - старэйшы Сяргей калісьці працаваў у СДК дзіджэем, малодшы Юрый дасканала валодае вышыўкай, манастырскім бісерапляценнем і выцінанкай, нават мае дыплом пераможцы ў конкурсе па выцінанцы.

Цяпер ужо і ўнукі далучыліся да сямейнага захаплення, іграюць на музычных інструментах і нярэдка адпраўляюцца разам з бабуляй на выставы.

Дарэчы, сын Юра ў свой час іграў ролю Арлекіна, займаючыся ў аднайменным дзіцячым аматарскім аб’яднанні пад кіраўніцтвам мамы. “Арлекіна”, для якога патрабавалася стварэнне яркіх вобразаў і калекцыі касцюмаў, стаў пачаткам “Віданы”. У 2014 годзе калектыву было прысуджана ганаровае званне “Узорны”. Якраз напярэдадні гэтай значнай падзеі і адбылося пераўтварэнне ў тэатр-дэфіле (зараз студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва) “Відана”, бо назва “Арлекіна” павінна была адпавядаць тэматыцы, а калектыў на той час перарос заяўленую на самым пачатку мэту. Чаму “Відана”? Ды таму што ў перакладзе гэта “відная, абаяльная, прыгажуня”. Менавіта такім мы бачым калектыў зараз на кожным мерапрыемстве ў раёне, такім яго бачаць на многіх абласных і рэспубліканскіх святах, фестывалях, конкурсах - “Дажынкі”, “Вытокі”, “Слуцкія паясы”, “Александрыя збірае сяброў”, фестываль нацыянальных культур… Любуючыся прыгажосцю, мы наўрад ці задумваемся, колькі працы і намаганняў у кожным вобразе, у кожнай калекцыі.

Гэтак жа, як і ў кожным іншым вырабе, – вязаных цацках або капелюшах, велікодных яйках або бісерапляценні, навагодніх цацках або аксесуарах да касцюмаў… Нярэдка Аляксандра Анатольеўна дае другое яркае жыццё, здавалася б, аджыўшым рэчам. Такой, да прыкладу, стала калекцыя ўпрыгажэнняў з мужчынскіх гальштукаў. А яе сукенка, уласнаручна пашытая на школьны выпускны баль 48 гадоў таму назад, сёння нібы дачакалася вобраза Алісы для новай калекцыі касцюмаў “Аліса ў краіне цудаў”, якая стала працягам калекцыі “Арлекіна”.

Колькі ўсяго створана касцюмаў, розных вырабаў, цяжка сказаць. Аляксандра Грынкевіч памятае ўсе, бо ў кожным з іх не толькі яе талент, але і душа, унутраны настрой, задавальненне ад увасаблення задуманага.

Ала АЛЬФЕР.
Фота з сямейнага архіва гераіні
і Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER