Лед трашчыць, але ж рыбакоў не напалохаць…

Date 31.12.2025 Man
Comment 257
Лед трашчыць, але ж рыбакоў не напалохаць…

Больш-менш трывалы лед ужо ўтварыўся на азёрах і затоках, і ён заканамерна вабіць рыбакоў. Папярэдзіць іх пра магчымую небяспеку адправіліся ў рэйд першы намеснік начальніка Бярэзінскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Анцыпаў, старшыня раённай службы ратавання людзей на вадзе Алег Даўгадзілін, журналіст мясцовай газеты. Прафілактычная работа праходзіла на рацэ Беразіне ў мерах райцэнтра і ў весцы Чырвоны Бераг. Таўшчыня лёду ў месцах са стаячай вадой вар’іруецца зараз ад 5 да 10 сантыметраў.

Варта адзначыць, што з пятнаццаці чалавек, якіх мы сустрэлі на першым «рыбным» месцы, толькі ў трох не было выратавальных жылетаў. Адзін з іх запэўнівае: калі што здарыцца з калегамі па занятку, паспеем выратаваць. Пра тое, што бяспечная таўшчыня лёду складае 7 сантыметраў, рыбакі ведаюць. Але ж запэўніваюць, што і пяці сантыметраў дастаткова пры ўмове адзіночнага знаходжання на ледзе. Іх не палохае, што лёд месцамі патрэсквае і правальваецца ля берага.

Дзмітрый Анцыпаў нагадаў кожнаму пра меры бяспекі на зімнем вадаёме, паказаў спосабы самаратавання пры надзвычайнай сітуацыі, уручыў наглядную прадукцыю. Для ўсіх аматараў падледнай рыбалкі ён нагадвае:

«Варта памятаць, што праваліцца пад лёд – прасцей простага, а вось выбрацца атрымаецца не ў кожнага. Нават у выратавальным жылеце! Вось некалькі ключавых момантаў, якія дапамогуць вам пазбегнуць непрыемнасцяў і бавіць час на лёдзе максімальна бяспечна.

Адносна трывалым лічыцца лёд таўшчынёй не менш за 7 см – гэта мінімальны паказчык, які дазваляе ўпэўнена перасоўвацца па паверхні.

Блакітны лёд – гэта прыкмета надзейнасці і трываласці. Шэры, белы або з жаўтлявым адценнем лёд  ненадзейны і можа прадстаўляе сур'ёзную пагрозу для вашай бяспекі.

Выратавальны жылет – асноўны «аксэсуар» рыбалкі. Апраніце яго і будзьце спакойныя!».

 

 

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER