Любіць адказнасць і не пасаваць перад цяжкасцямі

Date 02.02.2026 Man
Comment 212
Любіць адказнасць і не пасаваць перад цяжкасцямі

Якая яна, беларуская жанчына? За шэрагам будзённых спраў мы не прыкмячаем шмат таго, што для жанчын стала звычным заняткам. Як паказвае практыка, лепшая палова беларусаў сёння і ў космас здольная паляцець, і насіць форму з пагонамі, годна служыць Радзіме, і на пасадзе кіраўніка ўтульна і ўпэўнена сябе адчуваць, а яшчэ быць добрай хатняй гаспадыняй, пяшчотнай матуляй і добрай жонкай.

Якасці, уласцівыя беларускай жанчыне, можна пералічваць доўга, бо іх шмат. І канешне ж усе мужчыны пагодняцца ў выснове, што ў дадатак да ўсяго сказанага нашы жанчыны пяшчотныя, вабныя, абаяльныя і прыгожыя. З нагоды абвяшчэння Года беларускай жанчыны мы распачынаем на старонках газеты новую рубрыку «Жанчыны Бярэзіншчыны».

Для бухгалтара СУП «Здравушка-агра» Святланы Палянскай навіна пра тое, што сёлетні год аб’яўлены Прэзідэнтам краіны Годам беларускай жанчыны, была ўспрынята з аптымізмам, станоўчым настроем і нават крышачку з доляй добрага гумару.

– Гэта вельмі добрыя звесткі, упершыню ў нас выбралі сімвал года, ды пры тым які! – жанчыну. Здаецца, жанчыны ў нас на працягу ўсёй гісторыі нясуць цяжар адказнасці і натхняюць мужчын на здзяйсненні, – падкрэслівае яна і праз імгненне ў жарт дадае. – Застаецца цяпер асабіста для сябе высветліць, у Год жанчыны трэба больш працаваць, ці прысвяціць больш часу забаўляльным мерапрыемствам.

Вось наконт працаваць у Святланы Віктараўны не займаць сіл і энергіі. Працоўны стаж гэтай сціплай жанчыны складае ўжо 42 гады. У гаспадарцы яна з 1985 года. Адпрацавала спачатку 20 гадоў у бухгалтэрыі, а потым перайшла на пошту. 10 гадоў правяла ў паштовым аддзяленні ў Новінах. І пасля зноў вярнулася на пасаду бухгалтара. А летась з верасня – ужо на заслужаным адпачынку. Але ж, які можа быць адпачынак у жанчыны, звычнай да працы, якая не ўяўляе сябе без любімай справы, якая любіць адказнасць, не стамляецца быць актыўнай і заўсёды знаходзіцца ў гушчы спраў? Адзначым, што Святлана Віктараўна яшчэ звыш 10 гадоў з’яўляецца прафсаюзным лідарам у роднай гаспадарцы. І ўсё ў яе выдатна атрымліваецца сумяшчаць.

– Па-шчырасці, напоўніцу аддацца адначасова і асноўнай рабоце і прафсаюзнай дзейнасці даволі складана. Парою патрабуецца шмат увагі ўдзяліць работнікам, дзе трэба падтрымаць, і паралельна весці справы па бухгалтэрыі, якіх хапае штодня, – гаварыць яна. 

На пытанне, што падтрымлівае, з’яўляецца крыніцай натхнення, падмацоўвае ў жыцці, мая субяседніца шчыра прызнаецца, што гэта сям’я, дзеці, унукі.

А ёсць у яе два дарослых сыны, тры ўнучкі і адзін унук. Старэйшы сын Максім па адукацыі энергетык, удзельнічаў у будаўніцтве Астравецкай АЭС. Малодшы Алег – вадзіцель. Мужчыны яны працавітыя, шмат гадоў былі камбайнерамі ў гаспадарцы, Алег нават дзесяць сезонаў выходзіў на ўборачную страду. Пачыналі разам з бацькам.

А для ўнукаў бабуля – цэнтр прыцяжэння. Старэйшаму ўжо 13, малодшай – 3. Прыязджаюць да бабулі, збіраюцца разам на сямейных святах. І варта з усёй справядлівасцю зазначыць, што для дзяцей і ўнукаў Святлана Віктараўна з’яўляецца прыкладам працавітасці, няўрымслівага духу, умення крэатывіць стваральныя матывы і імкнення ісці толькі наперад.

Дарэчы, родам яна з Косаўкі, пасля заканчэння Гарэніцкай сярэдняй школы паступіла ў Навапольскі сельскагаспадарчы тэхнікум і ўжо адтуль патрапіла на пасаду бухгалтара ў калгас імя Мічурына, які ў свой час рэарганізаваўся ў СВК «Новіны» а потым у канчатковым выніку стаў «Здравушка-агра».

– Люблю сваю прафесію і работу, – падкрэслівае Святлана Палянская і дадае: – Вельмі! Яшчэ люблю людзям дапамагаць. Тут у нашай гаспадарцы я на сваім месцы, ці лепш, калі можна так сказаць, адчуваю сябе ў сваёй талерцы. Тут мая родная стыхія.

Вось такая яна і ёсць беларуская жанчына: працавітая, аптымістычная, адказная, гаспадарлівая, сур’ёзная і ўсмешлівая адначасова. А яшчэ – прыклад для дзяцей і ўнукаў, і ўсіх родных і блізкіх.

Жанчынам жа нашым беларускім гераіня матэрыялу жадае заўсёды быць здаровымі, шчаслівымі і, самае важнае, ніколі не губляць жаноцкасці.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER