Наталля Заікіна – нязменная ўдзельніца разнастайных мерапрыемстваў. На кожнае свята, у ліку якіх Вялікдзень, Масленіца, Дажынкі, за прылаўкам лакацыі Сялібскай установы культуры столькі ўсяго напечанага, прыгожага і духмянага, што ў кожнага, хто наблізіцца, каб паглядзець ці пакаштаваць, разбягаюцца вочы.
– Мы не прамінаем ніводнага буйнога мерапрыемства, заўсёды ладзім да свята як мае быць булкі, кулічы, усё, што душа пажадае, – сціпла пасміхаецца Наталля Мікалаеўна і следам тлумачыць: – мы – гэта я, а таксама ўдзельнікі клубнага аб’яднання, жыхары вёскі, старыя майстры выпечкі, у якіх я вучылася, якія падказвалі і паказвалі, як правільна пячы.
Да слова, у наступным годзе споўніцца 30 гадоў, як гэтая жыццярадасная жанчына працуе ва ўстанове культуры. І з іх 15 гадоў яна займаецца выпечкай. А распачыналася ўсё з малога. Як гэта заўсёды бывае, вялікая справа, захапленне на ўсё жыццё неўпрыкмет вырастаюць з незаўважнай падзеі, якая можа стаць лёсавызначальным першым крокам. Неяк аднойчы дома паспрабавала спячы вялікі пірог да свята – атрымалася з першага разу! Занесла на работу, пачаставала калег і сяброў – ухвалілі, смачна! Папрасілі каравай спячы на Дажынкі – атрымалася выдатна, на ура! І з тае пары справа пайшла ўгору. Пачалі паступаць заказы ад гаспадарак, устаноў культуры, іншых. І неўпрыкмет Наталля Мікалаеўна зрабілася вядомым у раёне майстрам па выпечцы.
Дарэчы, самой выпечкі перад святамі ў яе за раз атрымліваецца даволі шмат. Мяркуйце самі.
– Зазвычай выкарыстоўваецца 8-10 кілаграмаў мукі, – расказвае Наталля Мікалаеўна. – І ўласна сам працэс займае два дні. Выпечка – такая справа, што яна добрая, калі свежая, таму і гатаваць трэба напярэдадні святочнага дня.
Як у сапраўднай гаспадыні, кухня ў Наталлі Заікінай – шырокае поле кулінарных эксперыментаў.
– Але ж, ведаеце, з вопытам міжволі прыходзіш да высновы, што адхіленні ад рэцэптуры прынцыпова недапушчальныя. Усяго павінна быць роўна столькі, колькі трэба. Ёсць у мяне традыцыйны рэцэпт, якім заўсёды карыстаюся.
– Падзялюся з чытачамі самым простым рэцэптам святочнага куліча. Для яго патрабуецца малако – 350 грамаў, мукі – 1 кілаграм, свежых дражджэй – 45 грамаў, палова чайная лыжачкі солі, масла сметанковага – 250 грамаў, 4 курыныя яйкі, а таксама ванілін, сухафрукты. Замешваеце цеста, накрываеце ручніком ці марлечкай і даяце пастаяць 4-5 гадзін, пакуль цеста падыдзе. За гэты час яно разы тры паднімецца і апусціцца. Потым ужо можна ставіць у печ або духавую шафу.
Каб паспець роўна да свята, Наталля Заікіна прачынаецца ў самую рань, у 3 гадзіны, і пачынае пячы. Выкарыстоўвае электрадухоўку. І тут таксама патрабуецца поўны кантроль над працэсам. Вопытны прафесіянал ужо на вока можа вызначыць, калі паменшыць або павялічыць тэмпературу выпякання, і калі канчатковая прадукцыя ўжо гатовая. Зазвычай час выпякання займае адну-паўтары гадзіны, калі чакаюцца маленькія булачкі, і дзве гадзіны – для вялікага каравая.
Галоўны ж сакрэт смачнага пірага, як высветлілася ў ходзе гутаркі, хаваецца ў самым простым.
– Пачынаць выпечку, рабіць цеста трэба толькі з добрым настроем, – завярае Наталля Мікалаеўна. – Ужо праверана вопытам, калі няма настрою, нічога не ладзіцца цягам дня, лепш і не пачынаць. Тады хоць танцуй вакол цеста, пірог не атрымаецца. Толькі з добрым настроем, ласкавай усмешкай, са своеасаблівай любоўю да цеста пачынаем замешваць інгрэдыенты – тады ўсё атрымаецца: і каравай з булачкамі выйдуць духмянымі і румянымі, і сама атрымаеш задавальненне, і людзям падорыш радасны і цудоўны настрой. Іншымі словамі, выпякайце пірагі, будзьце шчаслівымі і – смачна есці!
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.