Мерапрыемствы праходзілі на базе раённага міні-цэнтра бяспекі, у пажарнай часці Беразіно, у дашкольных установах. Для кожнага ўзросту дзяцей падбіраюцца адпаведныя формы работы, якія дапамагаюць дзецям трывала засвойваць новыя веды. Як вядома, найлепей дзеці засвойваюць інфармацыю ў гульневай форме – гэта ненавязліва, цікава, запамінальна. Падчас мерапрыемстваў дзеці глядзелі мульцікі «Чароўная кніга» і фільмы «Энцыклапедыя бяспекі», адказвалі на пытанні віктарыны, выбіралі парадак дзеянняў пры пажары, умоўна тэлефанавалі ў службу ратавання. Надзвычай важна, каб веды дапамагалі дзятве прадбачыць магчымыя наступствы небяспечных гульняў і такім чынам прадухілялі бяду.
Дзеля гэтага неабходныя сумесныя намаганні ратавальнікаў, педагогаў і бацькоў непаўналетніх, – каменціруе першы намеснік Бярэзінскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Анцыпаў. – Варта штодня вучыць і аберагаць дзяцей. Па-першае, не пакідаць дашкольнікаў без нагляду. Прыбраць з поля зроку дзіцяці запалкі. Навучыць, што рабіць пры пажары і расказаць, як патэлефанаваць пры неабходнасці ў службу ратавання. Большасць сітуацый, калі дзіця трапляе ў бяду, здараецца ў той час, калі дарослых няма побач.