Аксана і Васіль Ігнатовічы працавалі ў сістэме Міністэрства надзвыйчайных сітуацый, дзе пачыналі яшчэ ў той час, калі служба па-простаму іменавалася “пажарнай аховай”.

– Уласна я сама карэнная мінчанка, нарадзілася, вырасла, правяла большую частку жыцця ў сталіцы. З Ягадкі родам муж, - успамінае Аксана Андрэеўна. – Цяжка адразу сказаць, што мяне падштурхнула кінуць усё і перабрацца ў вёску. Усе знаёмыя і сёння дзівяцца гэтаму факту. Захацелася аднойчы і ўсё.
І сёлета сям’я адзначае ўжо 20-гадовы юбілей уласнай справы. Здаецца, два дзесяцігоддзі праімкнулі неўпрыкмет, але кожны год з іх быў насычаны і перанасычаны нялёгкай працай. Кожнае дрэўца ў садзе, кожная раслінка ў цяпліцы і кожны саджанец – вынік вялікага клопату і дбайнасці гаспадароў. А колькі тых дрэў і раслін маецца на тэрыторыі ў два гектары, Ігнатовічы і самі, мабыць, не могуць падлічыць. Адных назваў толькі парадку тысячы.
Пачыналі адразу з рэалізацыі жадання займацца ландшафтным дызайнам і вырошчваннем дэкаратыўных садовых раслін. У пэўны момант наспела рашэнне заняцца і пладовымі дрэвамі. А для пачатку збудавалі ў Ягадцы дом – невялікі, па прызнанню гаспадыні, бо ці шмат патрабуецца раскошы, калі праца вымагае шмат часу: толькі каб было дзе паспаць, памыцца ды паесці. Дарэчы, у дзейнасць гаспадаркі ўключыліся і дзеці: Ягор і Аляксей. Праўда, Аляксей потым заняўся сваімі справамі.
Ці скаладана ўсім займацца? Пытанне, якім можна не задавацца. Працоўны год тут пачынаецца з ранняй вясны і доўжыцца да глыбокай восені. І толькі два месяцы за год у сям’і маецца “для адпачынку”. Людзі на рынку, калі распытваюцца пра кошты на прадукцыю гаспадаркі, часцяком не разумеюць сітуацыі і думаюць, што саджанцы наогул павінны ісці за бясцэнак. Але ж, каб вырасціць адзін – працы рукамі мала. Даводзіцца набываць спецыяльную “прафесійную” падкормку для раслін, якая не прадаецца ў малых аб’ёмах і з-за кошту недаступная звычайным людзям. Падкармліваюцца расліны па тэхналогіі, карыстаючыся спецыяльнымі схемамі. Тэрміналогію прыводзіць ужо не будзем, адзначым, што Аксане Андрэеўне давялося прачытаць не адну кніжку па батаніцы і на ўласным досведзе спазнаць усе сакрэты садаводства. Ды пазнаць столькі, што нават спрачацца з вядомымі навукоўцамі, аўтарамі падручнікаў і ў выніку аказвацца правай у прыведзеных высновах, бо ўсе веды набытыя выключна на ўласным шматгадовым вопыце. Мноства раслін укараняецца ў цяпліцах, абсталяваных спецыяльнай устаноўкай, якая ўтварае туман. Высадка “дзічка”, акуліроўка, прышчэпка почкай і іншае – тэхналогія з’яўлення таго, што мы ведаем як “однолетний саженец”, патрабуе тры гады працы. Каб толькі абрэзаць прыкладна 700-800 садовых дрэў трэба ўкласці тытанічныя высілкі. Уявіце, колькі работ даводзіцца выканаць гэтым руплівым людзям.
Выбар пладовых культур тут шырокі: ад клубнікі і персікаў да навамоднай шарафугі – гібрыда слівы, персіка і абрыкоса. А яшчэ ж тут вырошчваюцца бульба, гуркі, памідоры – для сябе, маюцца куры, гусі, качкі. Летась трымалі бычкоў. Нават і свая пасека ёсць на шаснаццаць пчаласем’яў. Пчолкі ў першую чаргу для таго, каб апыляць расліны. І сабакі – сябры чалавека – надзейныя памочнікі ў гаспадарцы.
– Часам пытаюцца: як мы спраўляемся? Сама не ведаю, - усміхаецца Аксана Андрэеўна. – Устаю раней за сонца, па-першае, паспець жывёлам есці прыгатаваць. Кладземся позна.
Але ж, самае важнае і галоўнае, гэтая сям’я знайшла сваё месца ў жыцці, работа прыносіць задавальненне, стала сродкам рэалізацыі памкненняў і таленту, а значыць і спосабам быць шчаслівымі. І дзяліцца ўласнымі набыткамі з іншымі аматарамі садаводства.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.