Аздараўленне і праца – побач

Date 29.08.2022 Man
Comment 774
Аздараўленне і праца – побач

Так, у летні перыяд да паслуг дзятвы было прадастаўлена 26 лагераў, у якіх было аздароўлена звыш тысячы юных бярэзінцаў. У ліку летнікаў было і 19 лагераў з дзённым знаходжаннем. Іх на працягу 18 дзён наведвалі 650 дзяцей. Работа кожнага аздараўленчага лагера была напоўнена мноствам цікавых спраў, акцый і мерапрыемстваў. Асноўнымі формамі правядзення  іх вольнага часу з’яўляліся забаўленчыя праграмы, экскурсіі, дыскатэкі, гутаркі, сустрэчы, разнастайныя святы, конкурсы, штотыднёвае наведанне басейна, прагляд відэафільмаў і г.д.

Але кожны лагер меў і свой своеасаблівы напрамак. Так, 15 членаў лагера працы і адпачынку, створанага на базе СШ №2 г. Беразіно былі прыняты на работу рабочымі “зялёнага будаўніцтва” ў Бярэзінскую ЖКГ і займаліся ўборкай прыдваровай тэрыторыі – выдалялі сухую расліннасць, палолі кветнікі, знішчалі траву з тратуарнай пліткі. Пры гэтым сярэдні заробак кожнага падлетка склаў 280 рублёў. Прыкладна такую ж суму атрымалі пасля знаходжання ў лагеры працы і адпачынку, які дзейнічаў на базе Брадзецкай сярэдняй школы, яшчэ 15 хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны спалучалі свой адпачынак з работай у мясцовым сельгаспрадпрыемстве ў якасці рабочых паляводства – прыбіралі складскія памяшканні, дапамагалі дарослым на збожжатаку дапрацоўваць зерне.

А вось лагер “Сонейка”, што дзейнічаў на базе Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, насіў зусім іншы характар і стаў выдатным месцам для аздараўлення шасці дзетак-інвалідаў.

Цэнтральнай жа і традыцыйна самай папулярнай установай для адпачынку быў і на гэты раз лагер “Папараць-кветка”. Працаваў ён у чатыры змены, кожная з якіх доўжылася 18 дзён. Аздаравілася тут не толькі 273 юных бярэзінцы, а і прадстаўнікі суседніх Смалявіцкага, Валожынскага, Мінскага раёнаў і г. Жодзіна. Усяго за час канікул тут пабывала 416 дзетак.

На базе названага летніка з мэтай ахопу разнастайнымі формамі занятасці і аздараўлення дзейнічала і пяць профільных кругласутачных лагераў з тэрмінам знаходжання ў іх 9 дзён.

“Выратавальнік”, напрыклад, меў абаронна-спартыўны профіль, “Алімп” – спартыўна-аздараўленчы, “Інтэлектуал” – грамадска-гуманітарны, “Компас” – турысцка-спартыўны. А вось лагер “Мерыдыян” спалучаў у сабе і адпачынак, і працу: 10 яго членаў былі прыняты на работу ў Бярэзінскі лясгас і даглядалі ў гадавальніку саджанцы лісцевых парод, за што атрымалі па выніках сваіх намаганняў па 108 рублёў кожны.

Яшчэ адзін аздараўленчы лагер (“Азімут”) працаваў на базе турыстычнага цэнтра “Юнацтва”, што ў в. Жорнаўка, і таксама меў турысцка-спартыўны профіль.

Безумоўна, знаходжанне ў тым ці іншым лагеры – гэта яшчэ не ўсё лета. Таму ў школьнікаў хапала дастаткова часу і на іншыя забавы і прыгоды. Не сумняваюся, што за гэты час яны паспелі набрацца дастаткова сіл і энергіі, каб паспяхова наведваць урокі і спасцігаць веды па ўсіх школьных дысцыплінах.

Алена ПІСЛЕВІЧ,

вядучы спецыяліст па аздараўленні насельніцтва

Бярэзінскага раёна.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER