…І шчырыя словы падзякі

Date 26.08.2022 Man
Comment 390
…І шчырыя словы падзякі

Гэтымі днямі яны часта гучаць над жытнёвымі палеткамі і адрасуюцца лепшым працаўнікам бярэзінскай нівы – тым, хто сваёй стараннай і адданай працай паказвае прыклад стаўлення да прафесіі хлебароба і дасягнуў у час сёлетняй уборачнай кампаніі паказчыка ў тысячу тон абмалочанага або перавезенага ад камбайнаў зерня.

А выказваюць гэтыя словы старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Дзішук, яго першы намеснік – начальнік райсельгасхарчу Карына Аруцюнян, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Марына Каўзуновіч, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Бурая і першы сакратар РК БРСМ Кацярына Аўрамчык.

 

Наш асаблівы гонар

А асаблівым гонарам жніва-2022 сталі механізатары і вадзіцелі, якія змаглі пераўзысці названы рубеж у два разы і атрымаць званне двухтысячніка. Пакуль што іх атрад (па стане на 23 жніўня) не вельмі вялікі, у яго ўваходзяць вадзіцелі ААТ “Багушэвічы” Леанід Анта-невіч і Аляксандр Крук, а таксама прадстаўнік ААТ “Брадзец” Мікалай Собаль.

І галоўнай дзеючай асобай жніва, пакуль што адзіным у раёне камбайнерам, які намалаціў больш дзвюх тысяч тон збажыны, з’яўляецца (ну, вядома ж!) славуты на ўвесь раён камбайнер ААТ “Пагосцкі” Вячаслаў Кашлачоў.

Наўрад што можна дадаткова сказаць пра чалавека, у якога найбольш красамоўнымі з’яўляюцца яго справы, дасягненні і працоўныя перамогі. Колькі іх ужо на рахунку нястомнага механізатара!

Калі і адзін – воін

Так можна сказаць яшчэ пра аднаго працаўніка ААТ “Пагосцкі” Аляксандра Хрышчановіча. Нягледзячы на тое, што працуе ён на камбайне без памочніка, мужчына ні ў чым не саступае тым, хто дзейнічае ў саставе камбайнавага экіпажа. Вынік яго намаганняў – тысяча абмалочаных тон збожжа. Як прызнаецца Аляксандр, такую тактыку вядзення бітвы за ўраджай ён эфектыўна выкарыстоўвае ўжо не першы год. І кожны раз выпрацаваная сістэма не давала збояў. Сапраўды, гэта якраз той выпадак, калі і адзін бывае годным воінам у полі.

І вадзіцелі - таксама

Але не толькі стараннымі камбайнерамі вызначаецца ААТ “Пагосцкі”. Нямала ў ліку працаўнікоў гаспадаркі і вадзіцеляў-тысячнікаў. Не так даўно іх лік папоўніў Аляксандр Карнеенка. Чалавек вопытны ў сваёй справе, адказны і таму вялікія рубяжы яму паплячы. У дзень візіту прадстаўнікоў раённага выканаўчага камітэта, якія ўшаноўвалі лепшых працаўнікоў жніва прама на іх рабочых месцах, А. Карнеенка ў дадатак да падзякі раённага выканаўчага камітэта атрымаў і грашовае заахвочванне ад адміністрацыі роднай гаспадаркі, кіраўнік якой Наталля Сокал такім чынам адзначае свае лепшыя працоўныя кадры.

 

У ліку лідараў – моладзь

Годная змена падрастае сённяшнім аксакалам сельскай гаспадаркі ў ААТ “Пагосцкі”. Найбольш яскравы таму прыклад – малады вадзіцель Аляксандр Зязюля. У той дзень, калі яго віншавалі з пераадоленнем тысячнага рубяжа, рахунак вадзіцеля набліжаўся да адзнакі 2000. Аляксандр, як бачым, з’яўляецца не толькі лідарам раённага маладзёжнага спаборніцтва (з гэтай нагоды ён адзначаны і каштоўным падарункам раённага камітэта БРСМ), а і займае ганаровае месца сярод пяцёркі лепшых вадзіцеляў Бярэзіншчыны ў цэлым. Так трымаць, Аляксандр!

 

Вопыт плюс запал

Гэтыя два паняцці цесна перапляліся ў рабоце камбайнавага экіпажа ААТ “Брадзец” у складзе Генадзя Анцыпава і Аляксандра Жукоўскага. Яны ж дапамаглі ім годна папрацаваць на хлебнай ніве і дасягнуць тысячнага рубяжа на абмалоце збажыны. Сапраўды, Г. Анцыпаў на ўборачнай далёка не першы сезон, вопыту, ведаў і майстэрства яму не займаць. Гэтыя якасці ён і перадае свайму юнаму напарніку Аляксандру, для якога гэтае жніво – першае ў жыцці, таму няпростае, знамянальнае і запамінальнае. Як бачым, вопыт свайго старэйшага калегі па працы яго вучань пераймае належным чынам, дык няхай так яно і будзе, Аляксандр стане выдатным камбайнерам. Дарэчы, у ААТ “Брадзец” таксама ёсць свая жніўная традыцыя: тут у дадатак да падзякі раённага выканаўчага камітэта даюць граматы з… матэрыяльным да іх дадаткам.

І на невялікіх плошчах

Працаўнікі філіяла СП “Арэшкавічы” рэдка калі трапляюць у кагорту тых, хто дасягнуў тысячных намалотаў. І прычына тут не ў тым, што ў гаспадарцы няма вопытных і адказных працаўнікоў. Крыецца яна ў іншым – невялікія плошчы засеянай нівы памножанай на колькасць задзейнічаных на ўборцы камбайнаў рэдка калі дазваляюць камусьці дасягнуць запаветнай лічбы.

Тым не менш, сёлета гэта стала па сілах камбайнаваму экіпажу ў саставе Васіля Рашоткі і Дзмітрыя Ляховіча. Вось што значыць імкненне да пастаўленай мэты і правільная арганізацыя працы ў філіяле!

Ды і не адзін

Аднак на гэтым сюрпрызы “Арэшкавіч” сёлета на заканчваюцца. Перамогу ў пераадоленні тысячнага намалоту на гэты раз адзначыў яшчэ адзін камбайнер – Яўгеній Вашчылаў. Што пасадзейнічала такому поспеху абодвух экіпажаў? Адным са складальнікаў гэтага з’вілася тое, што збожжавыя ў філіяле далі на круг аж па 47,2 цэнтнера з гектара. А гэта – найвышэйшая ўраджайнасць па раёне.

Больш чым трэць

Вадзіцель магутнага “МАЗа” Віктар Лучына – таксама з кагорты працаўнікоў сельгасфіліяла “Арэшкавічы”. Яго прозвішча ў гаспадарцы ведаюць добра, ён пастаянна ў ліку лепшых працаўнікоў. Ну і, зразумела, у час жніва таксама не мог не праявіць сябе. Як вынік, на яго рахунку аказаліся перавезенымі больш за тысячу тон збажыны. Наколькі важкім аказаўся ўклад В. Лучыны ў агульны поспех, мяркуйце самі: агульны намалот у гаспадарцы склаў 2509 тон.

Яшчэ адзін адрас Чарговым адрасам, які наведалі з прыемнай місіяй узнагароджвання лепшых пра цаўнікоў палёў прадстаўнікі райвыканкама, стаў калектыў ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”. А калі дакладней, прыехалі яны, каб ушанаваць вадзіцеля Ігара Баброўскага, які на той час перавёз больш тысячы тон збожжа.

З гэтай жа кагорты старанных вадзіцеляў і кіроўца магутнага “МАЗа” Дзмітрый Драгун, які таксама з’яўляецца калегам па працы І. Баброўскага і працуе разам з ім у калектыве “Бярэзінскага райаграсэрвіса”. Такім жа старанным і руплівым з’яўляецца і аўтамабіль мужчыны, які ніколі не падводзіць свайго гаспадара і шчыра дзякуе за свой належны догляд.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER