Працавітыя гаспадары “Дажынак”

Date 13.09.2022 Man
Comment 1012
Працавітыя гаспадары “Дажынак”

Месцам правядзення сёлетняга раённага свята Дажынак з’яўляецца аграгарадок Брадзец – цэнтр гаспадаркі з такой жа назвай. Госці свята, безумоўна, адзначаць тыя істотныя перамены, якія адбыліся ў гэтым населеным пункце за апошні час. Памаладзеў Брадзец, папрыгажэў, заззяў мноствам яркіх фарбаў і па-новаму вабіць сваім хараством, нягледзячы на сваю больш як пяцісотгадовую гісторыю.

Але не толькі гэтымі знешнімі пераменамі жыве сёння сельгаспрадпрыемства. Адбыліся тут і больш істотныя змяненні. За апошні час гаспадарка значна павялічылася за кошт далучэння да яе суседняга ААТ “Месціна”. Гэтае аб’яднанне аказалася няпростым не толькі ў плане павелічэння аб’ёмаў вытворчасці жывёлагадоўчай галіны і пасяўных плошчаў, а і ў чыста маральным плане. І ўсё ж, за мінулы час узнікшыя праблемы паступова “сцёрліся” і ААТ “Брадзец” па-ранейшаму з’яўляецца адной з лепшых гаспадарак раёна.

– Зразумела, той факт, што на базе нашай гаспадаркі пройдуць раённыя Дажынкі, у нейкай ступені стымулявала нас прыйсці да гэтага свята не з пустымі рукамі, – расказвае дырэктар ААТ “Брадзец” Аляксандр Крук. – Але з гэтай нагоды мы не прымалі нейкія дадатковыя захады. Працаваць старанна, сумленна, з усёй адказнасцю – гэта пастаянная рыса нашых хлебаробаў, якая садзейнічала дасягненню поспеху і на гэты раз.

Асабліва яскрава даказалі гэта працаўнікі гаспадаркі падчас правядзення ўборачнай кампаніі. Тут не толькі змаглі якасна, у сціслыя тэрміны, пры высокіх тэмпах работ справіцца з абмалотам павялічанай амаль удвая плошчай каласавых, а і трапіць у лік пераможцаў раённага спаборніцтва па выніках жніва-2022. У сельгаспрадпрыемстве атрымалі 7182 тоны збожжа новага ўраджаю пры сярэдняй ураджайнасці ў 39,4 цэнтнера з гектара, якая перавышае леташнюю ўраджайнасць аж на дзесяць пудоў!

Сёлета ў час жніва на палеткі гаспадаркі выйшла восем камбайнаў. Работы хапіла ўсім, бо агульная плошча для ўборкі складала больш за 1800 гектараў. Адказнасць камбайнераў у час работы, а таксама пры падрыхтоўцы тэхнікі да ўборачнай спрыялі рабоце без прастояў і высокай выпрацоўцы. Не без гонару можна адзначыць і той факт, што лепшым маладым камбайнерам раёна па выніках жніва сёлета прызнаны якраз механізатар ААТ “Брадзец” Уладзіслаў Корык. На яго рахунку гэта ўжо не першае жніво, ды і ў лік лепшых прадстаўнікоў моладзі трапляе ён таксама не ўпершыню.

Для Уладзіслава сёлетнія Дажынкі стануць удвая больш урачыстымі, бо на сцэну за ўзнагародай ад раённага камітэта БРСМ узнімецца і яго жонка Юлія. Здаецца, зусім нядаўна прыбыла яна ў Брадзец маладым спецыялістам, ды так і засталася на Бярэзіншчыне. Яна – адна з самых маладых галоўных бухгалтараў сельгаспрадпрыемстваў раёна.

– Наша сям’я, – расказваюць Уладзіслаў і Юлія, – пакуль што мае невялікі стаж. Галоўным сваім багаццем лічым свайго сыночка, якому ідзе другі год. Ён і натхняе нас на работу. Яшчэ адным лідарам раённага спаборніцтва стаў Мікалай Собаль. Прадстаўляць яго камусьці ў Брадцы патрэбы няма. Колькі гадоў старанна круціць ён баранку аўтамабіля, колькі кіламетраў наездзіў за гэты перыяд – і не пералічыць. Мікалай Аляксандравіч да таго ж і пастаянны, штатны ўдзельнік жніва. Адвозка збажыны ад камбайнаў для яго справа заўсёды і адказная і хвалюючая. Не раз заахвочваўся вадзіцель за сваё старанне, у тым ліку і на раённых Дажынках. А вось сёлета прызнаны лепшым вадзіцелем Бярэзіншчыны. І падстава для гэтага даволі важкая: Мікалай Собаль перавёз за час жніва больш як дзве тысячы тон збожжа.

І ён – не адзіны тысячнік у гаспадарцы. Ёсць яны не толькі сярод вадзіцеляў, а і ў ліку камбайнавых экіпажаў: парадавалі высокія вынікі многіх. А вось Аляксею Юнцу яна істотна дабавіла клопатаў. Вядома ж, прыемных. Аляксей Мікалаевіч – аператар зернесушыльнагга комплексу і ўвесь сабраны намалот сельгаспрадпрыемства прайшоў праз яго сушыльную гаспадарку, праз яго рукі. І чым большы ўраджай атрымліваецца, тым большы і яго аб’ём работы.

- Але работа такая толькі ў радасць, - прызнаецца мужчына. – Для мяне яна не ў навінку, бо на КЗС я сёлета ўжо 12-ы сезон. У астатні час працую на трактары. З завяршэннем уборкі каласавых сваю работу не прыпыняю, бо зараз дапрацоўваю проса, неўзабаве прыйдзе чарга кукурузы, так што расслабляцца пакуль рана.

Тым не менш, Аляксей Мікалаевіч у сваім шчыльным графіку работы на КЗС усё ж павінен знайсці час для таго, каб на свяце Дажынак атрымаць грамату як лепшаму аператару зернесушыльнага комплексу раёна.

Яшчэ адным прадстаўніком “Брадца” з дадаткам “лепшы ў раёне” па выніках жніва з’яўляецца Мікалай Крук. А вызначаны ён у намінацыі “лепшы галоўны інжынер сельгас-прадпрыемства”. Звання гэтага Мікалай Міхайлавіч удастоены сапраўды па заслугах, якія складаюцца не з аднаго года яго работы ў сістэме АПК. Яго вопыт і як кіраўніка, і як спецыяліста назапашаны вялікім стажам. А ўменне ладзіць і разбірацца не толькі ў складаных машынах і агрэгатах, а і ў людзях, дае яму магчымасць паспяхова вырашаць усе пастаўленыя задачы, быць добрым гаспадарнікам, заўсёды падтрымліваць у спраўным стане даручаную гаспадарку, ад эфектыўнай дзейнасці якой напрамую залежаць і поспехі, і дасягненні сельгаспрадпрыемства. І той поспех, які сёння адзначае “Брадзец” – як адзін з лідараў жніва-2022, заслужана падзяляе і галоўны інжынер гаспадаркі.

У гэтую пятніцу Брадзец запрашае да сябе на раённае свята. Не палянуйцеся, прыязджайце на яго, палюбуйцеся прыгажосцю гэтай старажытнай вёскі, аддайце даніну павагі бярэзінскім хлебаробам, актыўна адпачніце. А заадно больш шчыльна пазнаёмцеся з мясцовымі жыхарамі і іх слаўнымі справамі. Перакананы: пачарпняце для сябе шмат цікавага і карыснага, бо тут жывуць асаблівыя людзі-працаўнікі.

*Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER