Азімую сяўбу завяршаюць

Date 11.10.2022 Man
Comment 596
Азімую сяўбу завяршаюць

Па стане на 11 кастрычніка азімая сяўба ў раёне была праведзена на 75,8% адведзенай плошчы. У ліку лідараў работ знаходзіцца разам з сельгасфіліяламі “Ома” і “Арэшкавічы” адкрытае акцыянернае таварыства “Брадзец”, дзе засяваць заставалася на гэтую дату ўсяго 15 працэнтаў ад запланаванага.

Высокія тэмпы сяўбы забяспечваюць два пасяўных агрэгата, якімі кіруюць вопытныя і адказныя механізатары Віталь Філіповіч і Сяргей Аўсянскі. Першы з іх шчыруе непадалёк ад вёскі Остут, другі – у раёне Пуцькава.

Калі мы прыехалі на поле да Віталя, ён толькі-толькі адправіўся на чарговы загон шырокага двухкіламятровага палетка.

– Тут сёння першы дзень працую. А так на пасяўной, лічы, з таго часу, як толькі пачалі гэтую кампанію з азімага рапса, – расказаў механізатар. – Удваіх з Аўсянскім і вядзём гэтую работу. Зараз займаемся высадкай азімага жыта. Гэта ўжо апошняя з культур, якія належыць пасеяць да канца пагодлівых дзён. А яны зараз нас не падводзяць, працаваць адно задавальненне.

Не падводзіць Віталія Філіповіча і яго напарнік – Ілья Корык. Місія ў яго таксама вельмі адказная і спрыяе тэмпам работ. Ён дастаўляе на поле і запраўляе пасяўны агрэгат насеннем. У гаспадарцы гэты юнак пакуль што першы год, і увесь перыяд пасяўной працуе ў пары разам з Віталіем. А калі работа ладзіцца, то і тэмпы яе высокія, і поспех чакае.

 

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER